Выхаванне

Адукацыя Нумары

ДЗЁННІК ПЕДАГАГІЧНАГА МАРАФОНУ: ПРАЗ САМАРАЗВІЦЦЁ НАСТАЎНІКА

Толькі-толькі адгучалі святочныя віншаванні ў гонар настаўніцтва Беларусі, а для педагогаў Міншчыны – новае свята і новыя сустрэчы… Святам прафесіяналізму, творчых набыткаў, святам самаразвіцця стаў  IV Педагагічны марафон. Ён завітаў у школы і гімназіі, установы дашкольнай адукацыі і дадатковага навучання.  Сёлета ён праходзіў пад назвай “Развіццё і самаразвіццё  маладога педагога”.  У першы дзень марафону – дзень настаўніка-прадметніка – шэсць устаноў адукацыі Стаўбцоўшчыны дзяліліся сваімі набыткамі па самых розных накірунках. Прэзентацыю ўласнага вопыту прадставіла намеснік ДУ “Рочавіцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – сярэдняя школа”, настаўніца беларускай мовы і літаратуры А. А. Мілашэўская. На педагагічны кірмаш “Актыўныя формы і метады навучання” запрасілі настаўнікі Налібацкай СШ. Сапраўдным святам для настаўнікаў пачатковых класаў стала сустрэча ў гасцёўні Рубяжэвіцкай СШ “Усміхніцеся свету, і ён усміхнецца вам”. Школу настаўніцтва “Фарміраванне асобы настаўніка, арыентаванага на высокія прафесіянальныя дасягненні” прадэманстравала Заямнаўская СШ. Надзённыя пытанні па стварэнні ўмоў для навучання замежнай мове вырашаліся падчас круглага стала ў Коласаўскай СШ.

 Не было раўнадушных і ў Вучэбна-педагагічным комплексе “Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа”, куды прыехалі педагогі з суседніх школ самага рознага ўзросту і працоўнага стажу: ад аднаго года да 40. Прывабіла цікавая тэма дня: “Выкарыстанне сродкаў школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Спадчына” ў адукацыйным працэсе”. Здаецца, немагчыма абагульніць матэматыку з экспанатамі музея. А вось настаўніца М. Р. Кандраціна (яна ж і дырэктар установы адукацыі) змагла, аб чым і расказала сваім калегам. “Пабудуйце дыяграму (слупковую, лінейную, кругавую) колькасці выпускнікоў, якія закончылі школу з залатымі і сярэбранымі медалямі”, “Колькі разрэзаў бярозавых бярвенняў патрэбна было зрабіць, каб нарыхтаваць неабходную колькасць слупкоў для афармлення кутка прыроды, калі ўсяго было 12 бярвенняў?” – вось такія і іншыя творчыя матэматычныя заданні атрымліваюць вучні падчас вучэбных заняткаў.

Дэкаратыўны нацюрморт з ужываннем прадметаў музея стваралі разам з маладым настаўнікам В. Ю. Давідзенка вучні 5 класа на ўроку выяўленчага мастацтва. Амаль на кожным уроку гісторыі Беларусі настаўнік М. В. Міхно звяртаецца да экспанатаў, сабраных у музеі (а іх, дарэчы, больш за 800). Аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі, стварэнне калгасаў – усё адлюстравана ў дакументах і фотаздымках. З далёкай Масквы даслаў свае творы, прысвечаныя Залужскай сямігодцы, яе выпускнік, паэт, лаўрэат Някрасаўскай прэміі В. М. Лявонаў. Аналіз пунктуацыі яго вершаў арганізавала настаўніца рускай мовы Н. У. Валента. “Шануйце роднае слова, родную мову – менавіта яна вывела чалавека ў свет розуму”, – такімі словамі звярнуліся да вучняў арганізатары літаратурна-гістарычнай віктарыны С. Г. Цвірко і М. В. Міхно. Чым адрозніваецца гладыш ад збанка, чаму ночвы падобны да парсюка, у якой ступе лятала Баба Яга – аб гэтым і многім іншым даведаліся не толькі вучні, але і настаўнікі. Гучалі вершы мясцовай паэтэсы Кацярыны Цвірко, загадкі і радкі з “Новай зямлі” Якуба Коласа. А аб’яднала ўсіх – настаўнікаў, вучняў, гасцей з іншых школ – песня, радкі з якой яшчэ доўга гучалі ў памяці кожнага з нас:

Вясна хай будзе ў хаце вечна,

Над хатай – шчасце шляхам млечным

Святло надзеі ў сэрцах будзіць,

Любоў хай вецер не астудзіць.

У дзень работніка дадатковай адукацыі і класнага кіраўніка таксама былі прадстаўлены цікавыя і разнастайныя мерапрыемствы. Гэта спартыўна-пазнавальная праграма “Жыць здаровым – здорава” ў Нававёскаўскай СШ, рэалізацыя праекта “Энергазберажэнне. ХХІ век” у Дзераўнянскай СШ, творчая майстэрня “Фарміраванне грамадзянска-патрыятычных якасцяў навучэнцаў” у Шашкоўскай СШ, панарама педагагічных ідэй “Прафарыентацыйная работа – адна са складаемых дзейнасці педагога сацыяльнага” ў СШ № 3 г. Стоўбцы. Незабыўны след у душы ўсіх прысутных пакінула свята, прысвечанае 700-годдзю прападобнага Сергія Раданежскага (дзень памяці яго – 8 кастрычніка), якое падрыхтавалі настаўнікі, вучні і прыхаджане царквы Іаана Прадцечы. Асабліва запамінальным стала выступленне настаяцеля Іаана Ляшкевіча.

Як заўжды цікавымі і карыснымі былі майстар-класы педагогаў дадатковай адукацыі Стаўбцоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі”, якія правялі вопытны педагог Т. Г. Аўгусціновіч і пачынаючы спецыяліст А. В. Клышка. “Скарынаўскія сімвалы” – літары, сонца, месяц – стваралі сваімі рукамі выхавацелі груп падоўжанага дня разам з майстрам сваёй справы Таццянай Георгіеўнай, кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Цестапластыка”. Узгадалі і свята Беларускага пісьменства і друку, якое прайшло ў Заслаўі, і выдатнага асветніка і першадрукара Францыска Скарыну. А вось настаўнікі абслуговай працы пад кіраўніцтвам Аляксандры Вячаславаўны, якая вядзе аб’яднанне па інтарэсах “Кераміка”, варажылі з глінай. На здзіўленне, гэты матэрыял такі падатлівы і прыемны для рук, што ўсе атрымалі двайное захапленне: ад сваіх вырабаў і ад самога працэсу творчасці.

 Многа карыснага ўзялі для сябе падагогі раёна і падчас прэзентацыі дзейнасці Народнай самадзейнай дзіцячай студыі  выяўленчага мастацтва “Вясёлка”. Т. В. Несцярук пазнаёміла прысутных з работамі дзяцей 10-11-гадовага ўзросту па тэме “Каляровыя гісторыі”. Мы былі ўражаны майстэрствам дзетак, іх поглядам на свет, уменнем перадаць з’явы навакольнага асяроддзя ці фантастыку. А Таццяна Віктараўна падагуліла: “Правільна выхоўвайце дзіця: давайце яму чысты ліст паперы для малявання і прапануйце хадзіць па чыстым, белым снезе, каб фарміраваць жаданне пакідаць свае сляды ў жыцці”.

Ганна ГАЛЯНОВІЧ, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама

 

З РЭДАКЦЫЙНАЙ ПОШТЫ: ДЗЕНЬ САМАКІРАВАННЯ

З нагоды Дня настаўніка вучні 9-11 класаў СШ № 3 на адзін дзень памяняліся месцамі са сваімі настаўнікамі і ўбачылі школьнае жыццё з іншага боку. Настаў Дзень самакіравання. Выкарыстоўваючы камп’ютарныя тэхналогіі і гульнёвую форму правядзення ўрокаў, старшакласнікі падрыхтавалі і правялі заняткі. Літаратура, матэматыка, фізіка, хімія і многія іншыя прадметы сталі ў гэты дзень асабліва цікавымі. “Новая” адміністрацыя школы працавала не пакладаючы рук. Дырэктар школы Яўген Бірскі і яго намеснікі Юлія Каразей, Дзіяна Сідаровіч, Вадзім Багдановіч, Кірыл Дрозд стараліся вырашыць усе праблемы хутка і эфектыўна. Яны захавалі парадак у роднай школе і на перапынках, і на занятках. Дзень самакіравання запомніўся настаўнікам і вучням школы як адзін з самых яркіх і прыгожых дзён. А традыцыя захаваецца і на наступны год, калі ўжо іншыя выпускнікі прымуць удзел у такім дні. Завяршэннем святочнага дня стала канцэртная праграма “Настаўнік – гэта прызванне”. На вечар былі запрошаны настаўнікі, якія раней працавалі ў школе, а зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Педагагічнаму калектыву былі прадстаўлены канцэртныя нумары і віншаванні ад вучняў, а таксама ўсіх парадаваў відэафільм пра работу педагогаў СШ № 3. На працягу фільма ў адрас настаўнікаў прагучала вельмі многа цёплых і праніклівых слоў удзячнасці. Рэжысёрам і сцэнарыстам фільма стала вучаніца школы Анастасія Куніцкая.

Дзіяна ВАРАНОВІЧ, член аб’яднання па інтарэсах “Юны журналіст” СШ № 3

 

ДУХМЯНЫ ЎРАДЖАЙ

Багатым духмяным ураджаем аддзячыў калектыву Шашкоўскай СШ школьны сад. Дзякуючы клапатліваму догляду ўраджай яблыкаў склаў амаль чатыры тоны. Вучні старэйшых класаў дружна правялі збор ураджаю.  Яблыкі выраслі прыгожыя, сакавітыя, духмяныя. Мы іх складвалі ў скрыні і спрабавалі наліўныя плады. Колькі бадзёрасці і задавальнення атрымалі вучні! Смех і трапныя жарты чуліся з усіх бакоў. Атрымалася нават незапланаванае спаборніцтва паміж класамі. А пераможцамі аказаліся ўсе, таму што атрымалі вясёлы настрой, сабралі багаты ўраджай, з якога ў нашай сталовай будзе вітамінны кампот на абед.

 Частка яблыкаў закладзена для школьнай сталовай, а 3640 кілаграмаў школа здала на Гарадзейскі цукровы камбінат.

Антон МАЗУРКЕВІЧ, вучань Шашкоўскай СШ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *