У Камісіі па справах непаўналетніх: Работа над памылкамі

Нумары Увага - дзецям

image_pdfimage_print

У Аталезскай сярэдняй школе прайшло выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, на якім падведзены вынікі за І паўгоддзе.  

Прычына для планавага выезду камісіі была больш чым сур’ёзная – дзесяцікласнік гэтай сельскай школы, будучы ў стане алкагольнага ап’янення, учыніў два злачынствы. І ўжо ў верасні за ім зафіксаваны і трэці злачынны факт.

– Для папярэдняга вывучэння дзейнасці школы па прафілактыцы правапарушэнняў і злачыннасці, наркаманіі і таксікаманіі сярод непаўналетніх, работы з нядобранадзейнымі сем’ямі была створана рабочая мабільная група з ліку прадстаўнікоў сацыяльна-педагагічнага цэнтра, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, райаддзела міліцыі, раённага камітэта БРСМ і камісіі па справах непаўналетніх, – адзначыла намеснік старшыні камісіі Наталля Хвасько. – Аналіз паказаў, што недахопы ёсць, і асноўным абцяжарваючым фактарам служыць тое, што ў школе не ўкамплектавана сацыяльна-педагагічная служба. Не створана тут і пярвічная арганізацыя БРСМ, патэнцыял якой можна было б таксама выкарыстаць у папераджальных мэтах. На даны момант прафілактычная работа школы з падлеткамі і  праблемнымі сем’ямі, якую непасрэдна курыруе намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вадзім Рубін, прызнана нездавальняючай.

У мікрараёне Аталезскай школы, дзе навучаецца каля 70-ці вучняў, выяўлены дзве сям’і, дзе становішча дваіх дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным. Чацвёра школьнікаў знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Гэтыя дзеці, 2001, 2003 і 2004 гадоў нараджэння, фактычна таксама ўчынілі злачынствы, але ў камісію паступілі адмоўныя матэрыялы па прычыне таго, што малалетнія пакуль не дасягнулі ўзросту прыцягнення да крымінальнай адказнасці.        

Усе чатыры сям’і, дзе дзеці пайшлі на супрацьпраўныя дзеянні, былі запрошаны на выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх у Аталезскую школу. 

У адной з сем’яў гадуе сына маці-адзіночка, якая перыядычна з’язджае ў Брэсцкую вобласць, потым вяртаецца назад на Стаўбцоўшчыну, да сужыцеля. Відавочна, што падобныя “гастролі” зусім не спрыяюць нармальнаму развіццю і выхаванню дзіцяці. У другой сям’і непаўналетняга сына гадуе адзін бацька. З яго боку назіраецца поўнае разуменне неабходнай увагі да сына і кантролю за ім, аднак варта ажыццяўляць гэты кантроль больш строга і дзейсна. У трэцяй сям’і неабходна прыкласці максімум намаганняў, каб аздаравіць маральны мікраклімат, наладзіць дзіцяча-бацькоўскія адносіны. У чацвёртай сям’і,  непаўналетні з якой фактычна ўчыніў тры злачынствы, у маці заўважана цяга да спіртнога. Раней па гэтай прычыне яе сына прызнавалі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне. На даны момант рэкамендавана матулі разам з 17-гадовым сынам звярнуцца за кансультацыяй да спецыяліста і прайсці супрацьалкагольнае лячэнне.    

У Аталезскай школе сацыяльны педагог прыступіла да сваіх абавязкаў з пачатку бягучага навучальнага года. У першую чаргу прыводзіцца ў парадак дакументацыя. Наведваюцца і нядобранадзейныя сем’і. Аднак далёка не заўсёды робіцца гэта з асэнсаваным разуменнем пастаўленых задач, дакументаваннем сітуацыі і далейшым вывучэннем яе ў дынаміцы. Асноўнае ўпушчэнне з боку бацькоў, чые дзеці ўчыняюць супрацьпраўныя дзеянні, – аслаблены кантроль за тым, як дзеці праводзяць вольны час, адсутнасць даверлівых узаемаадносін. Не выпадкова, што большасці тых, хто быў запрошаны на выязное пасяджэнне камісіі, рэкамендавана звярнуцца да псіхолага. Паколькі ў школе гэтая пасада, так бы мовіць, напаўвакантная, то можна звярнуцца да спецыялістаў тэрытарыяльнага цэнтра. Ды і псіхолагі сацыяльна-педагагічнага цэнтра павінны падключыцца да гэтай работы.              

– Перад Аталезскай школай пастаўлена задача – ухіліць да 1 лістапада ўсе заўвагі ў прафілактычнай рабоце з сем’ямі, у афармленні дакументацыі. У лістападзе мяркуецца паўтарыць маніторынг работы, што праводзіцца школай па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх, – падвёў вынік намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх Сяргей Шэсцель. 

У цэлым на Стаўбцоўшчыне з пачатку года непаўналетнімі ўчынена 12 злачынстваў, у той час як летась за аналагічны перыяд – восем. Ёсць над чым працаваць і школам, і сем’ям раёна.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *