У ААТ «Агранёманскі» ўкараняюцца новыя тэхналогіі вытворчасці малака

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print
Дах «клюшачніка» накрывае будаўнічая брыгада таварыства. На пярэднім плане – прараб Міхаіл Рацько

На МТФ «Залужжа» працягваецца новае будаўніцтва, цяпер там узводзіцца жывёлагадоўчае памяшканне для ўтрымання дойнага статка ўмяшчальнасцю да 300 галоў. Работы вядуцца не толькі за ўласныя сродкі. Для закупкі жалезабетонных канструкцый фінансаванне вядзецца з абласнога бюджэту. Гэта апошні этап будаўніцтва на данай ферме. Па яго завяршэнні сюды будуць пераведзены каровы з МТФ «Казейкі». Як расказвае дырэктар таварыства Дзяніс Захарчук, усе старыя памяшканні на вышэйназванай ферме разбяруць. Прыгодным для выкарыстання будаўнічым матэрыялам і абсталяванню ў далейшым знойдзецца прымяненне.

– Будзем і надалей скарачаць колькасць фермаў, – дадае Дзяніс Сяргеевіч. – Так дыктуе час. Прыходзяць новыя тэхналогіі, укараненне якіх паляпшае ўмовы працы людзей. Камфортнымі становяцца і ўмовы ўтрымання для жывёлы. Плюс новага будаўніцтва заключаецца і ў тым, што для абслугоўвання сучаснага комплексу спатрэбіцца менш работнікаў.

Дарэчы, з рабочай сілай у сельскай гаспадарцы даволі праблемна ўжо сёння.Таму з поглядам у будучае ўзвядуць новыя «клюшачнікі» больш як на тысячу галоў з даільнай залай і на МТФ «Скамарошкі». Адводзіцца зямля. Распрацоўваецца праект.

Зараз будаўніцтва ў Залужжы вядзецца хуткімі тэмпамі. Прыкладваюцца старанні для таго, каб увесці вытворчае памяшканне ў эксплуатацыю раней тэрміну – напрыканцы года.

– Хоць работы яшчэ дастаткова, – тлумачыць прараб Міхаіл Рацько. – Па завяршэнні мантажу даху будзем заліваць бетонную падлогу, выгульныя пляцоўкі для жывёлы і для выдалення гною, рабіць пераходную галерэю. Будаўнічыя матэрыялы ў наяўнасці. Наперадзе – правядзенне інжынерных сетак, мантаж стойлавага абсталявання, устаноўка вокнаў і г. д. Разлічваем, аднак, справіцца.

Сёлета ўведзены ў строй дзеючых «клюшачнік» з даільна-малочным блокам на МТФ «Шахноўшчына» ААТ «Радзіма Якуба Коласа», на стадыі завяршэння падобныя вытворчыя аб’екты на МТФ «Жацерава» аднайменнага таварыства і на МТФ «Новыя Рубяжэвічы» ААТ «Рубяжэвічы». На ўсіх вышэйназваных фермах узвядзенне «клюшачнікаў» на гэтым не завершыцца, яно будзе працягвацца і надалей. На МТК «Вялікі Двор» ААТ «Вялікі Двор» запланавана пабудаваць даільную залу. Ужо ёсць праект. Установяць даільнае абсталяванне «Вестфалія», якое па цане хоць і даражэйшае, але добра сябе зарэкамендавала.

Як падкрэсліў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віталій Бычкоўскі, далейшае развіццё жывёлагадоўлі на сельгаспрадпрыемствах і дасягненне вышэйшых паказчыкаў у вытворчасці малака кіраўніцтва раёна звязвае менавіта з будаўніцтвам новых жывёлагадоўчых комплексаў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *