Мосцік любові звязаў Луганск і Стоўбцы

Нумары Сям'я

Напярэдадні дзяржаўнага свята – Дня маці – загадчыца гаспадаркі Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Людміла Бычынская прыцягнула нашу ўвагу як шматдзетная маці і як адна з лепшых працаўніц лясной гаспадаркі. У яе падпарадкаванні склады з тысячамі запчастак для аўтамабіляў, трактароў, бензапіл і ўсе іншыя гаспадарчыя запасы. Кіраваць гэтым не так і проста – патрэбна сачыць, каб у наяўнасці было ўсё для бесперабойнай работы працаўнікоў лесу, і адначасова, каб нішто не залежвалася без справы. На дапамогу Людміле Міхайлаўне – камп’ютар, па якім яна дасканала вядзе ўлік. Парадак на тэрыторыі – таксама  яе службовы клопат. У падпарадкаванні Людмілы Міхайлаўны чатыры вартаўнікі і прыбіральшчыца. Адмысловы парадак на давераным участку, які яна ўмее захаваць і падтрымліваць, забяспечыў Людміле Бычынскай рэпутацыю аднаго з лепшых працаўнікоў лясгаса. Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Шарапа адзначае і яшчэ адну вартасць гэтай руплівіцы – яна выдатная спартсменка, заўсёды ў складзе каманды лясгаса адстойвае гонар свайго прадпрыемства на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах і мае дыпломы ў індывідуальным заліку як лепшая лёгкаатлетка вобласці.

Сабраўшы папярэдне такое «дасье», мы ўсё ж хочам пазнаёміцца з Людмілай Міхайлаўнай як з маці траіх дзяцей. Едучы да яе, і не падазраваем, што нам адкрываецца і яшчэ адна інфармацыя, якая ахарактарызуе Людмілу Бычынскую як міласэрнага чалавека, які гатоў прыняць у сваё сэрца боль і гора чужых людзей. Мы даведваемся, што ў сваю сям’ю Людміла і Уладзімір Бычынскія прынялі перасяленцаў з Луганскай вобласці, далі ім прытулак і дзеляць з імі ўсё, што ёсць у іх доме.

Пакуль мы саграваемся гарбатай і смачнай дамашняй выпечкай (Людміла Міхайлаўна вельмі любіць гэты кулінарны занятак), з працы прыйшла і Ала Выскваркіна. Нам адкрываецца цікавая гісторыя.

Сяброўкі дзяцінства, Ала і Людміла не бачыліся 27 гадоў. Некалі ў дзяцінстве Ала кожнае лета прыязджала з Украіны да сваёй бабулі на Стаўбцоўшчыну,  у вёску Семенчыцы. Людміла з нецярпеннем чакала сваю сяброўку, каб разам правесці летнія канікулы. Яны з настальгіяй, са слязінкамі ў вачах успамінаюць цяпер гэты шчаслівы для іх  час – самы бесклапотны перыяд іх жыцця. Кранальна глядзець, як яны прыціскаюцца адна да адной, як родныя сёстры. Калі бабулі не стала, Але не было да каго ехаць. Таму яна 27 гадоў  і не была тут. За год да гэтай сустрэчы Ала і Людміла знайшліся дзякуючы інтэрнэту. Неўзабаве пачаліся горкія ваенныя падзеі на Украіне. Горад Ірміна Луганскай вобласці прыняў на сябе ўвесь удар баявых дзеянняў. Снарадамі разбураны дамы, спынена дзейнасць магазінаў, іншых грамадскіх устаноў, парушана сувязь. Не адзін дзень давялося правесці яго жыхарам у бомбасховішчах. Выскваркіны вымушаны былі прыняць рашэнне завезці сваю Вольгу да родзічаў у Расію: радавыя карані ў сям’і Выскваркіных у Беларусі і ў Расіі. Дзяўчынка – прыёмная дачка ў сям’і Выскваркіных. Іх першае дзіця – дачушка – памерла ў першы год свайго жыцця. Потым нарадзіўся сын Кірыл. Аляксандру і Але так не хапала дачкі. І яны прынялі рашэнне ўзяць на выхаванне дзяўчынку з дзіцячага прытулку. Дакументы прыйшлося афармляць стрымгалоў – дзяўчынку адпраўлялі ўжо ў інтэрнатную ўстанову. На свае пяць годзікаў яна была такой маленькай, худзенькай, што прасвечваліся костачкі. Маняшка – гэты ласкавы зварот да Волечкі ў сям’і захаваўся і сёння. Цяпер яна ўжо ў сёмым класе. У школе мастацтваў у Ірміне дзяўчынка займалася вакалам. Адпачываючы  ў «Артэку», атрымала нават лаўрэацкі дыплом за выкананне песні. Па нашай просьбе Вольга саліруе і для нас. Ад такой прыгажосці захоплівае дух.  Яе вельмі любяць у сям’і. Ала Мікалаеўна гаворыць, што каб не прыёмная дачка, яны б не справіліся з вялікім горам, якое здарылася ў іх сям’і. Ля пад’езда свайго дома іх 19-гадовы сын Кірыл трапіў у аўтамабільную аварыю і загінуў. І цяпер у іх засталася толькі Волечка. У гадавіну па сыне Ала Мікалаеўна не змагла схадзіць на яго магілу, таму што з’ездзіць  з Расіі ў Луганскую вобласць было ўжо немагчыма: разбураны чыгуначныя пуці, усюды падсцерагае смяротная небяспека. Людміла Бычынская і яшчэ адна іх сяброўка дзяцінства Валянціна Кучынская, працаўніца кандытарскага цэха райспажыўтаварыства, якая таксама цяпер вельмі дапамагае Але Выскваркінай, заказалі паніхіду ў Стаўбцоўскім храме.

Перш чым рашыцца на пераезд з дзіцем на Стаўбцоўшчыну, Ала Выскваркіна прыехала ў разведку адна. Яе ўразіў горад, у якім не была амаль 30 гадоў. Некалі магазін «Дзіцячы свет», дзе ёй заўсёды куплялі абновы да школы, здаваўся ёй такім вялікім, бо стаяў на пустыры. А цяпер ён схаваўся ў шматпавярхоўках. Уразіла адмысловая чысціня на вуліцах: нідзе не заўважыла ніводнай паперкі. Яе Людміла засталася такой жа добрай і шчырай, такой роднай. Ала Мікалаеўна са спакойнай душой вярнулася ў Расію па дачку. Добрыя людзі сабралі сем тысяч расійскіх рублёў на чыгуначныя білеты. З небагатымі пажыткамі яны прыбылі на вакзал у Мінск, дзе іх сустрэла Людміла Бычынская.

Колькі яшчэ прыйдзецца жыць Але ў разлуцы са сваім мужам Аляксандрам – ведае толькі адзін Бог. Ён не можа выехаць, таму што ўзяў клопат аб сваёй 75-гадовай маці і маці Алы Мікалаеўны, якія ў сваім шаноўным узросце не хочуць пакідаць нажытага гнязда. Інтэрнэт-сувязь з Луганскам немагчымая з-за парушэння ўсіх камунікацый. З перабоямі, так-сяк, даводзіцца трымаць тэлефонную сувязь, і гэта каштуе немалых фінансавых затрат.

Волечку гасцінна прынялі ў СШ № 2 г. Стоўбцы, 1 верасня яна разам з беларускімі дзецьмі села за школьную парту. Каб уладкавацца на працу перасяленцам з Украіны, патрэбна аформіць спецыяльны дазвол. Пакуль такі клопат бяруць на сябе ў нашым раёне толькі сельскагаспадарчыя таварыствы і цэнтральная раённая бальніца. Ала Выскваркіна прынята на працу ў бальнічную пральню. У сябе на радзіме яна працавала кантралёрам на Стаханаўскай вугальнай фабрыцы, якая цяпер закрыта.

У доме Уладзіміра і Людмілы Бычынскіх Але Мікалаеўне і Волечцы выдзелены асобны пакой. Муж  Людмілы Міхайлаўны – вадзіцель міжнародных рэйсаў. І ён парадаваўся, што ў час яго замежных камандзіровак з сябрамі з Украіны Людміле Міхайлаўне будзе не так сумна. Восенню Бычынскія чакаюць з тэрміновай службы свайго старэйшага сына Яўгена –  ён служыць у ракетных войсках у Фаніпалі. Дачка Ганна – студэнтка Мінскага інстытута кіравання, будучы інжынер-праграміст. Павел – вучань восьмага класа Стаўбцоўскай гімназіі № 1. Не на жарт займаецца футболам, кожны вечар ходзіць на трэніроўкі ў дзіцяча-юнацкую спартыўную школу. Зборная каманда раёна стала прызёрам чэмпіянату вобласці і цяпер рыхтуецца да рэспубліканскага турніру. Футбольныя вароты стаяць і ля ўласнага дома. У свабодны ад заняткаў час і ў выхадныя дні збіраюцца падлеткі з усёй акругі. У футбол гуляюць і дзяўчынкі. У Вольгі з’явілася шмат сяброў.

Дружна жывуць дзве сям’і. Легенда ходзіць пра ўкраінскія баршчы Алы Выскваркінай, яна гатуе іх з задавальненнем. Хоць гасцінна, прыветна сустрэлі іх у нас на Стаўбцоўшчыне, аднак як бы добра ні было ў гасцях, канешне ж, Ала Выскваркіна рада была б вярнуцца дамоў, сустрэцца з мужам. Іх цяпер раздзяляюць далёкая тысяча кіламетраў і нявызначанасць абстаноўкі. Як будуць разгортвацца падзеі ў яе на радзіме, пакажа час. Яна пакорліва прымае гэтую сітуацыю. Вельмі ўдзячная Людміле і Уладзіміру Бычынскім, якія аказаліся гатовыя на такую самаахвярнасць і міласць сэрца. А для нас усіх гэта ўрок любові, якой так не хапае ў нашым грамадстве.

На здымку: (злева направа) за сямейным сталом Павел Бычынскі, Вольга і Ала Выскваркіны і Людміла Бычынская.

Вядучая тэматычнай старонкі — Святлана ЖЫБУЛЬ, фотаілюстрацыя Васіля ЗЯНЬКО.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *