Наша бяспека

Нумары РАНС інфармуе

image_pdfimage_print

ПАЖАРНЫ НАГЛЯД: ПРАІГНАРАВАЛІ ПРАДПІСАННЕ

Планавыя і кантрольныя праверкі прыватнага гандлёвага прадпрыемства «Містэр Шар», ТАА «Лве груп», а таксама Аталезскай і Коласаўскай сярэдніх школ, СШ № 3 г. Стоўбцы і Мікалаеўшчынскага ВПК дзіцячы  сад – сярэдняя школа засведчылі адказнае стаўленне да пытанняў пажарнай бяспекі.

На гэтых аб’ектах парушэнняў не выяўлена. Аднак у ходзе праверкі прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Вас АВА» большасць парушэнняў правіл пажарнай бяспекі насіла рэжымны характар і была звязана з правядзеннем агнявых работ, якія нясуць у сабе павышаную небяспеку. Высветлілася, што з газаэлектразваршчыкамі не праведзены супрацьпажарны інструктаж, праверка ведаў. Месца правядзення  работ не аснашчана пярвічнымі сродкамі пажаратушэння.   

Кіраўнік гэтага прадпрыемства прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Такія ж меры ўздзеяння прыменены і да кіраўнікоў ТАА «Мідас Плюс» і ТАА «ЭкспаПрамВуд». Кіраўніцтвам абодвух таварыстваў не  ў поўнай меры забяспечваецца своечасовае выкананне супрацьпажарных мерапрыемстваў па прадпісаннях органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду. Акрамя таго, у «ЭкспаПрамВудзе» будынак вытворчага цэха не абсталяваны аўтаномнай пажарнай сігналізацыяй і сістэмай апавяшчэння людзей аб пажары. 

Аналіз ступені выканання прадпісанняў органаў дзяржаўнага пажарнага нагляду на прыватным прадпрыемстве «Профі-Аграцэнтр» таксама выявіў шэраг недахопаў. Да прыкладу, не прадстаўлена праектная дакументацыя на тэхнічнае перааснашчэнне, перапрафіляванне памяшканняў пелетнага цэха. Яшчэ падчас планавай праверкі на малочнатаварнай ферме вёскі Слабада было ўказана, што прапальванне ацяпляльнага катла ажыццяўляецца дровамі, даўжыня якіх перавышае памеры топачнай адтуліны. Нягледзячы на гэта, пры правядзенні кантрольнай праверкі назіраўся аналагічны факт правапарушэння. Неналежная ўвага надаецца складзіраванню і захоўванню грубых кармоў. Дапускаецца размяшчэнне сціртаў грубых кармоў без ахоўнай паласы (апашкі) на адлегласці 5 м ад асновы сцірты, а таксама на адлегласці менш за 50 м ад будынкаў і менш за 20 м ад дарог. Рыхтуюцца дакументы аб прыцягненні службовых асоб гэтага прыватнага прадпрыемства да адміністрацыйнай адказнасці.      

Таццяна ТАРАСЕВІЧ, інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

 

ВЕДЫ – ДЗЕЦЯМ: ВУСНАМІ КАЛАБКА

У трэцім этапе акцыі «У цэнтры ўвагі –  дзеці!» самы актыўны ўдзел прынялі выхаванцы Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Рабяты з вучэбнага тэатра «Зеркало» (кіраўнік – Анастасія Самохіна) сумесна з супрацоўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях штодзённа прыходзілі да самых маленькіх жыхароў раёна з пастаноўкамі, віктарынамі і каляровымі памяткамі.

З выхаванцамі дзіцячых садкоў праводзілі  гутаркі на тэму «Правілы пажарнай бяспекі», ім  паказаны казкі – «Кошкін дом» і «Калабок». Аказваецца, казачныя героі не заўсёды выконваюць правілы пажарнай бяспекі. Калабок, напрыклад, выбраў сабе ў сябры Запалку-невялічку, якая так разгулялася, што ледзьве не спаліла церамок,  які  насялялі  лясныя жыхары. А сучасная Кошка, захопленая гутаркай са сваімі сябрамі, не прыкмеціла, як няўрымслівыя Вугалькі выскачылі на падлогу і разбегліся па ўсім доме… Аднак ні ў церамку, ні ў доме Кошкі не аказалася пярвічных сродкаў для тушэння пажару: вядро згубілі, а пясок – вымелі. Добра, што нумар пажарнай службы не забыліся, інакш  – быць бядзе…

Прыбыўшыя да месца пажару выратавальнікі справіліся з агнём, церамок уратавалі, а вось Кошчын дом – не паспелі. Прыйшлося дзяўчынкам і хлопчыкам разам з інспектарам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях тлумачыць казачным героям асноўныя правілы пажарнай бяспекі, знаёміць іх са сродкамі для тушэння пажару.

Пасля выхаванцы дзіцячых садкоў маглі і самі бліжэй пазнаёміцца з вогнетушыцелем, патрэніравацца з наборам нумара пажарнай службы. А напрыканцы сустрэчы (і гэта стала добрай традыцыяй) дзецям уручылі каляровыя памяткі.

Вольга САЛЕЙ, інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях    

АКЦЫІ: ЗА БЯСПЕКУ –РАЗАМ

З надыходам ацяпляльнага сезона раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях сумесна з райаддзелам міліцыі, аддзелам адукацыі, спорту і турызму, аб’яднаннем камунальных службаў, электрасеткамі, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне праводзіцца акцыя – «За бяспеку – разам». 

На працягу кастрычніка супрацоўнікі гэтых ведамстваў пабываюць у працоўных і дзіцячых калектывах, каб яшчэ раз нагадаць пра правілы бяспекі ў быце, на вытворчасці. Як сведчыць статыстыка, штогод з пачаткам ацяпляльнага сезона значна ўзрастае колькасць пажараў, большаць з іх адбываецца ў жылым фондзе. Як правіла, часцей за ўсё вінаваты самі гаспадары, якія дапускаюць неасцярожнае абыходжанне з агнём, няправільна эксплуатуюць электраабсталяванне і пячное ацяпленне. На жаль, гэтыя прычыны выклікаюць не толькі пажары, але і гібель людзей.

Кожнаму з нас важна ўсвядоміць: наша бяспека – у нашых руках.

 

І ЎБОРКА ДВАРА

14-га кастрычніка Беларуская маладзёжная грамадская арганізацыя выратавальнікаў-пажарных адзначае свой чарговы дзень нараджэння, сёлета – 13-ты, і ў сувязі з гэтым выступіла ініцыятарам акцыі сярод школьнікаў – «Моладзь за бяспеку».

Гэтая рэспубліканская акцыя стартавала ў нашым раёне шостага кастрычніка з наведвання актывістамі арганізацыі разам з работнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях шматдзетных сем’яў, ветэранаў вайны, адзінока пражываючых жыхароў раёна. З імі праведзены прафілактычныя гутаркі, а таксама аказана дапамога ў вырашэнні бытавых пытанняў, такіх як уборка ў двары, нарыхтоўка дроў на зіму. Другі і трэці этапы акцыі пройдуць ва ўстановах адукацыі. Падчас іх вучням будуць прапанаваны тэматычныя віктарыны і конкурсы. Заключным акордам стане 25 кастрычніка – Дзень бяспекі на плошчы Леніна, дзе актывісты маладзёжнай арганізацыі сумесна з супрацоўнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сустрэнуцца з жыхарамі і гасцямі горада.

Пр

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *