Прадукцыя Стаўбцоўскіх машынабудаўнікоў запатрабавана замежнымі спажыўцамі

Важное Эканомiка

image_pdfimage_print

Стаўбцоўскія машынабудаўнікі нарошчваюць выпуск кампрэсарных станцый і ствараюць задзел для забеспячэння ліццём усёй прадукцыі Мінскага маторнага завода.

У яе ліку – і новая лінейка рухавікоў Д-260, якія запатрабаваны ўкраінскімі і іншымі спажыўцамі.

– Выпускаем запасныя часткі, кампрэсарныя станцыі розных мадыфікацый (па выніках васьмі месяцаў бягучага года станцый выпушчана ўдвая больш у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам) і рэалізуем іх на айчынным і расійскім рынках. Нашым галаўным прадпрыемствам дадаткова адкрыты ў Расійскай Федэрацыі яшчэ два гандлёвыя дамы, – расказаў дырэктар філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы Яўген Жук.

Яўген Анатольевіч – кіраўнік малады. Да прызначэння працаваў начальнікам цэха зборкі і выпрабаванняў на галаўным прадпрыемстве, таму на даны момант унікае ў пытанні не толькі спецыфічна вытворчага характару, але і сацыяльнага.

У філіяле сёння працуюць 1070 чалавек. Работа арганізавана ў адну змену, аднак яе рытм – напружаны, і пры неабходнасці рабочы дзень на асобных участках падоўжаны ці работнікі выходзяць на працу ў выхадны дзень. Сярэднямесячная заработная плата стаўбцоўскіх машынабудаўнікоў па выніках васьмі месяцаў склала 1220 рублёў.

– Інвестыцыі ўкладваем у мадэрнізацыю ўласнай кацельні, каб дабіцца яе эфектыўнасці, – зазначае Яўген Жук. – Атрыманы пашпарты гатоўнасці на цеплакрыніцы, і ўжо можам падаваць цяпло ў заводскія цэхі і на аб’екты пры ўмове паніжэння тэмпературы паветра да ўстаноўленых нормаў. У ведамасным інтэрнаце працягваем планавыя рамонты. Мяркуем правесці там рэканструкцыю магазіна.

– Адно з актуальных пытанняў – эпідэміялагічнае. Якая абстаноўка на самым вялікім прадпрыемстве раёна?

– Мы зацікаўлены ў тым, каб работнікі філіяла не хварэлі. Для гэтага штодзённа праводзім супрацьэпідэмічную апрацоўку кабінетаў і памяшканняў, а самае галоўнае – вядзем у калектыве інфармацыйную работу, накіраваную на вакцынацыю супраць каранавіруснай інфекцыі. Чым больш будзе прышчэпленых, тым хутчэй з’явіцца калектыўны імунітэт. Дарэчы, у нас ёсць магчымасць цэнтралізаванай вакцынацыі з дапамогай выязных брыгад медыкаў як Стаўбцоўскай ЦРБ, так і галаўнога прадпрыемства.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *