З пытаннямі і віншаваннямі – да кіраўніка раёна

Грамадства Нумары Прамая лінія

image_pdfimage_print

Напрыканцы мінулага года адбылася чарговая прамая тэлефонная лінія са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Трафімавічам Місько. Хоць былі перадсвяточныя дні, стаўбчане жылі пераднавагоднімі клопатамі, але тэлефон у кабінеце старшыні не змаўкаў. За гадзіну працы на прамую лінію паступіла восем тэлефонных званкоў, амаль у кожным з іх было зададзена па два пытанні. Што ж хвалявала стаўбчан і жыхароў раёна на гэты раз?
Першы тэлефонны званок на прамую лінію паступіў ад жыхаркі Стоўбцаў Кацярыны Мікалаеўны Раманьковай. Кацярына Мікалаеўна з хваляваннем у голасе дзякавала старшыні за абноўлены помнік воінам-інтэрнацыяналістам, за добраўпарадкаванне горада і дасылала шчырыя віншаванні з надыходзячымі навагоднімі святамі.
Прыемна, што жыхары горада заўважаюць перамены ў абліччы райцэнтра і ўдзячны ўладам за клопат аб іх.
Паступіла некалькі тэлефанаванняў наконт добраўпарадкавання дарог.
Жыхар вуліцы Чыгуначнай горада Стоўбцы звярнуўся з пытаннем па добраўпарадкаванні. Вуліца ў выбоінах, ямах, а ў двары дома № 37 увогуле цяжка прайсці.
Данае пытанне ўзята на кантроль і адрасавана супрацоўнікам АКС з рэкамендацыяй тэрмінова прагрэйдзіраваць дарогу.
Жыхары гэтай жа вуліцы таксама расказалі, што на другім паверсе дома № 37 адсутнічае гарачая вада.
У сувязі з тым, што дом знаходзіцца на балансе Баранавіцкай чыгункі, пытаннем водазабеспячэння павінна займацца Баранавіцкая дыстанцыя водазабеспячэння.
Жыхар вуліцы Савецкай горада Стоўбцы расказаў аб тым, што на вуліцу з боку ДЭУ-135 немагчыма заехаць, там утварыўся катлаван.
Пытанне адрасавана АКС і ўзята на кантроль.
З праблемай добраўпарадкавання завулка 17 Верасня ў горадзе Стоўбцы звярнулася на прамую лінію жыхарка Стоўбцаў Тамара Каспяровіч.
Гэты зварот адпраўлены ў АКС. Адказы аб рэагаванні адказных асоб на даныя праблемы будуць высланы ўсім, хто патэлефанаваў.
Жыхары вёскі Яблынаўка скардзіліся, што ў вёсцы адсутнічае вада.
На гэтае пытанне даў тлумачэнні дырэктар ПДСГУП «Профі-Аграцэнтр»: «У сістэме вельмі слабы ціск, у выніку чаго не працуе аўтаматыка і вада не паступае ў дамы. Сістэма водазабеспячэння ў вёсцы Яблынаўка перадаецца на абслугоўванне АКС, якое будзе бурыць свідравіну, каб вады хапіла і насельніцтву».
Алена Ярмак цікавілася, калі ў мікрараёне Паўночны-2 будуць добраўпарадкаваны дарогі.
– На даны момант у мікрараёне вядзецца электразабеспячэнне, затым – пракладка газу, а пасля – дарогі. Цяпер дарогі толькі прагрэйдзіруем, – растлумачыў Уладзімір Місько.
Канстанцін Дудак прасіў садзейнічання ў пытанні асвятлення вуліцы Лугавой у вёсцы Старына. Ліхтар каля дамоў 16-18 увесь час мільгае, а святла на вуліцы няма.
Зварот адрасаваны старшыні Шашкоўскага сельвыканкама. Пытанне неабходна вырашыць у самыя хуткія тэрміны.
Некалькі тэлефанаванняў было ад стаўбчан наконт прыёму шклатары (бутэлек завода «Крышталь»).
На гэтыя тэлефанаванні дадуць тлумачэнні адміністрацыя шклозавода «Крышталь» і Стаўбцоўскае райспажыўтаварыства.
Літаральна ўсе ўзнятыя пытанні вывучаны. Кіраўнік раёна даў даручэнні сваім намеснікам, начальнікам службаў, спецыялістам па іх вырашэнні ў сціслыя тэрміны. На іншыя звароты да старшыні райвыканкама, якія паступілі ад грамадзян на прамую лінію, заяўнікі атрымаюць пісьмовыя адказы ці тлумачэнні.
Пытанне ад «Праменя»:
– Уладзімір Трафімавіч, закончыўся 2013 год, калі ласка, ваша рэзюмэ: якія найбольш распаўсюджаныя тэмы падымаліся падчас прамых ліній на працягу 2013 года?
– У 2013 годзе падымаліся тэмы жыццёвыя, канкрэтныя. Калі чалавеку не па сіле вырашыць нейкае пытанне, прычым, працяглы час, ён звяртаецца ў пэўную інстанцыю, часцей, напрамую да нас, у раённы выканаўчы камітэт. Практычна на ўсе пытанні, якія паступілі на прамую лінію, мы даём адказы, стараемся дапамагчы чалавеку ў яго сітуацыі. У асноўным да нас звярталіся з пытаннямі па добраўпарадкаванні дарог, службы ЖКГ, будаўніцтва, руху аўтатранспарту і іншых. Мы імкнёмся на справе дапамагчы нашым жыхарам. Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць жыхароў Стаўбцоўшчыны з Калядамі. Шчасця, дабрабыту, поспехаў вам, вашым родным і блізкім!
– Дзякуй за размову, Уладзімір Трафімавіч.
Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *