Сёлета дзяржаўнаму літаратурна-мемарыяльнаму музею Якуба Коласа спаўняецца 100 гадоў

Важное Культура

image_pdfimage_print
З экспазіцыяй, прысвечанай 100-годдзю вяртання Коласа ў Беларусь, знаёміць супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Антон Астаповіч

Ёсць нагода завітаць у Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа.

Сёлета спаўняецца 100 гадоў, як Якуб Колас вярнуўся ў Беларусь з Куршчыны.

З канца верасня 1917 года па май 1921 года Канстанцін Міцкевіч жыў на Куршчыне, куды эвакуіравалася ў час Першай сусветнай вайны яго сям’я – жонка Марыя Дзмітрыеўна з сынамі Данілам і Юрыем.  Яго, як настаўніка, у адпаведнасці з дэкрэтам урада вызвалілі ад вайсковай службы, і ён узяўся за педагагічную працу.

Вось што ён прыгадвае пра гэты перыяд у сваіх успамінах у кнізе Максіма Лужаніна «Колас расказвае пра сябе»: «Першае маё настаўніцкае месца на Куршчыне – вёска Малыя Крукі. Ад Абаяні вёрст за адзінаццаць. Марыя Дзмітрыеўна хварэла. Іду ў школу, а ўвечары тупаю назад, і гэтак кожны дзень. А жылі мы на адной бульбе. На цэлы тыдзень мелі на 4 душы 21 бульбіну. Я падаў ад знясілення. Селянін у Круках раз пакарміў мяне і даў з сабою кавалачак сала. Вялікае свята я прынёс з таго вечара дадому…

Падчас паходаў з Абаяні ў Крукі падхапіў я «іспанку». Нешта накшталт віруснага грыпу. Лютавала яна ўсюды ўпоравень з тыфусам.

Хвароба круціць, а мне трэба на новае месца збірацца – у Ліпавец… Памераў тэмпературу – больш за сорак. Пакажы Марыі Дзмітрыеўне – яна спалохаецца. Ляснуў я градуснік аб стол і падаўся».

Не зважаючы на цяжкасці, на Куршчыне Якуб Колас шмат тварыў. Сярод напісанага – і апавяданні «Стары лес» і «Чортаў камень» з цыкла «Казкі жыцця», якія пра нашу, стаўбцоўскую, прыроду і аўтэнтыку.

Перажытае пакінула глыбокі след у яго сэрцы, і ўжо ў Мінску ён напісаў апавяданні, сюжэты якіх навеяны ўспамінамі аб Курскай зямлі.

На пачатку 1921 года Народны камісарыят асветы Беларускай ССР папрасіў вярнуць у Беларусь школьнага інструктара Канстанціна Міцкевіча.

Якуб Колас – наш славуты зямляк, пясняр беларускага народа. У Стоўбцах яму ствараецца помнік. Свой уклад можа ўнесці любы жадаючы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *