На пытанні стаўбчан адказаў старшыня райвыканкама

Афіцыйна Главное

image_pdfimage_print

Калі чалавек звяртаецца на прамую лінію ці прыходзіць на прыём, значыць, ёсць нейкая праблема, якая яго хвалюе, якая набалела.

На прамую лінію да старшыні райвыканкама на гэты раз звярнулася 18 чалавек. Пытанні былі рознага характару: добраўпарадкаванне дарог, асвятленне вуліц, выдзяленне зямельных участкаў, уключэнне ацяплення і інш. Многія з іх былі вырашаны падчас тэлефоннай размовы, некаторыя мелі індывідуальны характар.

Нам, рэдакцыі газеты «Прамень», вельмі прыемна, што першы тэлефонны зварот паступіў да старшыні райвыканкама са словамі падзякі і віншавання з днём нараджэння выдання. Дзякуй Вам, паважаная Марыя Францкевіч са Старыны, за добрыя словы і пажаданні.

Найбольш хвалюючае пытанне для жыхароў Стаўбцоўшчыны – гэта добраўпарадкаванне дарог. Напрыклад, наконт стану дарожнага пакрыцця ў в. Суднікі звярнуўся Аляксандр Сук, а з просьбай заасфальтаваць вул. Будаўнікоў у г. Стоўбцы – Зінаіда Літвіновіч. Са слоў Тамары Ціхановіч з г. Стоўбцы, патрабуе рамонту і вул. Магістральная. Асабліва варта звярнуць увагу на ўчастак гэтай вуліцы, які прымыкае да вул. Гагарына. Па пытанні рамонту дарожнага пакрыцця вул. Падгорнай у в. Новы Свержань патэлефанаваў Валянцін Кухарчык.

Старшыня райвыканкама даручыў усе звароты разгледзець з выездам на месца, узяць на кантроль і па меры магчымасці вырашыць праблемы.

Генадзь Стрэльчанка з вул. Калгаснай у Стоўбцах унёс прапанову па будаўніцтве грамадскага туалета ў горадзе. Дзяніс Сяргеевіч даручыў намесніку старшыні райвыканкама Аляксандру Цываку, Стаўбцоўскаму АКС разгледзець магчымасць мадэрнізацыі туалетаў у Стоўбцах. Што ж, гэта таксама праблема…

Ала Малібажко з вул. Міру ў г. Стоўбцы прасіла аказаць садзейнічанне ў пытанні арганізацыі кладоўкі ў падвальным памяшканні іх дома. Дзяніс Сяргеевіч запэўніў, што магчымасць арганізаваць кладоўкі ў падвальных памяшканнях ці ўладкаваць пляцоўкі для веласіпедаў на прыдамавых тэрыторыях будзе разгледжана. «Гэтае пытанне будзем прапрацоўваць, бо яно актуальнае для многіх стаўбчан», – запэўніў кіраўнік раёна.

Галіна Рапніцкая закранула праблему арганізацыі маршрута аўталаўкі на вуліцу Лясную ў в. Задвор’е. Зварот адрасаваны ў аддзел эканомікі райвыканкама і ў Стаўбцоўскі філіял Мінскага аблспажыўтаварыства.

Таццяна Кудрук узняла пытанне наконт будаўніцтва ЖБК «Брусничный». Дадзена даручэнне зацікаўленым структурам арганізаваць сход забудоўшчыкаў і даць неабходныя тлумачэнні.

Аліна Шумчык з в. Ніўнае звярнулася з просьбай пабудаваць павільён на аўтобусным прыпынку ў іх вёсцы. У непагадзь людзям, калі чакаюць аўтобус, няма дзе схавацца ад дажджу ці ветру. Адміністрацыя ДРБУ № 135 павінна выехаць на месца, разгледзець пытанне і ўнесці прапановы па вырашэнні данай праблемы.

Вераніка Казлова паскардзілася на адсутнасць асвятлення па вул. Свярдлова (дамы №№ 34, 36, 38), а таксама ўзняла пытанне невыканання жыхарамі райцэнтра прафілактычных мер падчас захваральнасці на кавід: не захоўваецца масачны рэжым, не ва ўсіх магазінах ёсць дэзсродкі і г. д.

Усе мы добра ведаем, што захваральнасць на кавід павялічылася. Урачы раяць усім рабіць прышчэпку, берагчы сябе і сваіх блізкіх. Але, на жаль, культура нашых людзей яшчэ не на належным узроўні. Не думаем ні пра сябе, ні пра сваіх дзяцей, ні пра ўнукаў. А калі зразумелі, што неабходна зрабіць прышчэпку, выконваць усе меры прафілактыкі, то бывае і… позна.

Старшыня райвыканкама даручыў РЦГіЭ правесці маніторынг выканання санітарных правілаў ва ўсіх гандлёвых кропках горада і раёна са штотыднёвым дакладам і прыняць адпаведныя меры ўздзеяння на парушальнікаў.

Як адзначыў Дзяніс Колясень, вырашэнне канкрэтных жыццёвых праблем грамадзян – важная справа. Вось такія прамыя лініі (а яны ў райвыканкаме праводзяцца кожную суботу) – гэта магчымасць выявіць праблемы, аказаць дапамогу тым людзям, каму яна сапраўды неабходная. «Важна, што грамадзяне нам давяраюць у вырашэнні не толькі агульных грамадскіх праблем, але і асабістых», – акцэнтаваў увагу Дзяніс Сяргеевіч.

Старшыня райвыканкама даручыў адпаведным службам разабрацца з агучанымі заяўнікамі праблемамі і праінфармаваць іх, а па шэрагу пытанняў даў неабходныя тлумачэнні.

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *