Рэдакцыя стала прышчэпачным пунктам

Главное Медыцына Соцыум

image_pdfimage_print

Супрацоўнікі «Праменя» – сярод тых, хто актыўна ўключыўся ў кампанію вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі. Матывацыямы хочам быць здаровымі!

Падаўшы адпаведную заяўку ў паліклініку, чакалі прыезду непасрэдна ў рэдакцыю мабільнай брыгады медыкаў. Яна прыехала хутка, на наступны дзень.

У медыкаў у пераноснай маразільнай міні-камеры – вакцына расійскай вытворчасці. На выбар ёсць і кітайская. Перавага апошняй – захоўванне пры пакаёвай тэмпературы. Значыць, пры яе ўжыванні можна зэканоміць час, што асабліва важна на выездзе. Гэта такі нюанс. Як і тое, што расійская вакцына выпускаецца цяпер у зручнай аднадозавай упакоўцы (у пачатку прышчэпачнай кампаніі былі флаконы, разлічаныя адразу на пяць доз).

Памочнік урача Крысціна Барсук уважліва аглядае тых, хто жадае атрымаць прышчэпку.

Перад прышчэпкай памочнік урача Крысціна Барсук змервае ціск Ірыне Ігнаценка

«Прысаджвайцеся, давайце змераем ціск», – адразу кажа яна мне. Калі ўсё ў парадку і няма скаргаў, можна рабіць прышчэпку. Выносячы вердыкт, Крысціна Аляксандраўна ўручае мне памятку.

Пакуль знаёмлюся з рэкамендацыямі на бліжэйшыя дні (нельга мачыць месца ін’екцыі, ужываць алкаголь і інш.), медыцынская сястра Святлана Чухало рыхтуе ін’екцыю. Укол – у плячо. Пры яго выглядзе крыху страшнавата, але, як   аказалася, зусім не балюча. Пад наглядам медыкаў праходзіць каля 30 мінут – усё нармальна.

Па нашым прыкладзе захацелі зрабіць прышчэпку і супрацоўнікі суседніх арганізацый, такіх як цэнтр па абслугоўванні бюджэтных арганізацый, аддзел землеўпарадкавання, райінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Медыцынская сястра Святлана Чухало робіць укол здароўя Вікторыі Галаўко

У размове гэтыя людзі падзяліліся, што іх прывяло на прышчэпачны пункт, якім часова стала рэдакцыя газеты.  У першую чаргу – адказнасць за ўласнае здароўе і за здароўе сваіх блізкіх, калег.

Праз 21 дзень ізноў у нас будзе прафілактычная сустрэча з медыкамі – для ўвядзення другога кампанента вакцыны. Медработнікі цяпер прапануюць зрабіць прышчэпку не толькі супраць каранавіруснай інфекцыі, але і супраць грыпу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *