У ААТ «Рубяжэвічы» сеюць збожжавыя і ўбіраюць прапашныя культуры

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Ажыўлена на палетках ААТ «Рубяжэвічы». Работы тут вядуцца ў комплексе.

На дзень наведвання гаспадаркі за Дзяўгамі сеяў азімае трыцікале Аляксандр Талстой. У распараджэнні маладога механізатара энерганасычаны трактар «Беларус-1221» з новай сеялкай СПУ-6 вытворчасці «Лідаграпраммаш». Была задзейнічана на пасяўной яшчэ адна сеялка, рупіўся механізатар Анатолій Мішук. Гэтымі днямі шчыруе на палетках з камбінаваным пасяўным агрэгатам «Бярэсце» і Анатолій Гусарэвіч.

З-за дажджлівага надвор’я хлебаробы адсталі ад графіка, але цяпер паскорылі палявыя работы. Яно і зразумела, бо да канца тыдня пасяўную кампанію трэба завяршыць. Хуткімі тэмпамі рыхтуецца глеба, на перадпасяўной апрацоўцы заняты механізатар Эдуард Неўмяржыцкі, які шчыруе на  трактары «Беларус-3522» у счэпе са шматфункцыянальным глебаапрацоўчым агрэгатам. Уся тэхніка новая, набыта ў лізінг.

Галоўны аграном Сяргей Кухарчык (справа) разам з механізатарам Аляксандрам Талстым правяраюць правільнасць рэгуліроўкі сеялкі

Як расказвае дырэктар таварыства Дзмітрый Сахарэвіч, сёлета азімымі збожжавымі запланавана засеяць 1700 гектараў. Пад трыцікале адведзена 800 гектараў, пшаніца і жыта зоймуць адпаведна 500 і 400 гектараў.

Адначасова ў таварыстве ўбіраюць прапашныя культуры. У прыватнасці, закладваюць кукурузны сілас.

Механізатару Эдуарду Неўмяржыцкаму даручана новая сельгастэхніка: ён рыхтуе глебу пад сяўбу азімых збожжавых культур

– Ураджайнасць кукурузы вышэйшая за леташнюю, – гаворыць галоўны аграном Сяргей Кухарчык. – З даведзеным заданнем па нарыхтоўцы кармоў для грамадскай жывёлы справімся.

«Каралева палёў» убрана на большай палове плошчаў. На кормаўборачных камбайнах працуюць Сяргей Лабун і Уладзімір Маргаўнічы. На ўмоўную галаву жывёлы ўжо цяпер прыпадае звыш трыццаці двух цэнтнераў кармавых адзінак травяных кармоў. Варта адзначыць, што корманарыхтоўшчыкі гаспадаркі на працягу некалькіх апошніх гадоў запар выходзяць пераможцамі раённага спаборніцтва.

У распараджэнні камбайнера Сяргея Лабуна высокапрадукцыйны «Джон-дзір», на якім дбайны працаўнік убірае кукурузу на сілас

Не адмаўляюцца ў гаспадарцы і ад вырошчвання бульбы. Бульбяное поле займае сорак гектараў, практычна палова ўраджаю ўжо выкапана. Вырошчвалі папулярныя сарты: «брыз» беларускай селекцыі і два нямецкія – «гала» і высокакрухмальны «еўрастарч». Частку атрыманай прадукцыі закладуць у бульбасховішча, а таксама рэалізуюць клубні спажыўцам. Прыступілі ў таварыстве і да ўборкі цукровых буракоў.

У гаспадарцы правялі сартазмену, набылі  элітнае насенне азімага жыта «пралеска» і азімай пшаніцы «элегія».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *