З ордэнам Маці

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

У мінулы аўторак у Нясвіжскім замку адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання 41 шматдзетнай маці Мінскай вобласці ордэнам Маці.

У гэтым ліку была прадстаўніца Стаўбцоўшчыны Анжэла Віндзігульская. Анжэла Іванаўна нарадзіла і выхоўвае шасцярых дзяцей –  двух сыноў і чатыры дачкі. Яна жыве ў Цеснавой-2, з’яўляецца прыёмшчыцай Цясноўскага комплексна-прыёмнага пункта.

Гэты высокі знак мацярынскай славы зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У нашым  раёне 53 жанчыны ўдастоены гэтай высокай дзяржаўнай узнагароды.

Урачыстасць у Нясвіжы падарыла шматдзетным маці шмат прыемных святочных момантаў. Акрамя ордэна і ганаровага звання ўзнагароджаныя атрымалі грашовую прэмію ў памеры пяці бюджэтаў пражытачнага мінімуму.

 Для жанчын была арганізавана і экскурсія па замкава-паркавым комплексе.

 

ТЫДЗЕНЬ МАЦІ: З УСТАНОЎКАЙ НА ШЧАСЛІВУЮ СЯМ’Ю

У Старасвержанскай сярэдняй школе ў рамках Тыдня маці адбылося пасяджэнне за круглым столом. У рамках праграмы дэмаграфічнай бяспекі спецыялістамі раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва распрацаваны цыкл лекцый для вучнёўскай моладзі. Спецыяліст па сацыяльнай рабоце Зінаіда Катлашэўская сумела прыцягнуць увагу маладых людзей да такіх важных пытанняў як роля жанчыны і маці ў сучасным грамадстве, высокая роля бацькі ў сям’і. Было праведзена анкетаванне, у ходзе ягога вучні маглі  вызначыць  свае адносіны да сямейных каштоўнасцяў, выказацца, якой яны бачаць ролю маці, як ім уяўляецца шчаслівая сям’я.

Зінаіда Катлашэўская раздала старшакласнікам буклеты, падрыхтаваныя ёю па пытаннях узаемаадносін юнакоў і дзяўчат, сапраўднага кахання, сутнасці так званага «грамадзянскага» шлюбу.

 

МАЛАДЗЁЖНАЕ: ГВАЗДЗІКІ ДЛЯ МАМАЎ

Як пазнаць на вуліцы маладую маму? А вельмі проста: у яе руках – прыгожая гваздзіка.

Сумесную маладзёжную акцыю «Кветкі для мамы» правялі ў Тыдзень маці раённы камітэт БРСМ і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Валанцёры СШ № 3 працавалі на вуліцы Цэнтральнай, у парку Дружбы народаў, дзе маладыя мамы любяць прагульвацца з калясачкамі.

 

ПРЫЕМНЫ СЮРПРЫЗ

У ААТ «Дзераўное» існуе добрая традыцыя – віншаваць да Дня маці жанчын таварыства. Ім уручаюць не толькі падарункі (сёлета прафсаюзны камітэт гаспадаркі набыў іх для 97 жанчын), а і радуюць песнямі работнікі мясцовага Цэнтра культуры. Вось і сёлета калектыў падрыхтаваў для шчырых працаўніц музычную праграму. Намеснік дырэктара па ідэалогіі Марына Шыманец і старшыня прафкама Галіна Карповіч, разам з артыстамі, пабывалі на ўсіх малочнатаварных фермах. Жывёлаводы атрымалі прыемны сюрпрыз.

Пр

 

СОНЕЧНЫ НАСТРОЙ

У рамках Тыдня маці ў Дзераўнянскай сярэдняй школе класныя кіраўнікі паклапаціліся зарыентаваць работу для ўшанавання матуль вучняў. Былі праведзены тэматычныя гадзіны «Зазірні ў матуліны вочы», «Прафесіі нашых мам», «Нашы сямейныя традыцыі», «Пра што мараць матулі?». Да правядзення тыдня далучылася школьная бібліятэка, дзе была арганізавана кніжная выстава.

Настаўнікі-філолагі правялі конкурс аўтарскіх вершаў. Педагогам-арганізатарам В. Б. Пяткевіч была арганізавала акцыя «Клопат». Вучні аказалі дапамогу састарэлым людзям – згрэблі лісце, ускапалі градкі, павіншавалі жанчын з Днём маці. У пажылых людзей былі слёзы радасці ад такой увагі.

Усіх матуль педагагічны і вучнёўскі калектывы запрасілі на віншавальную праграму «Сонца вам і кветак!».    

Алена ЧАРНЕЦ, настаўніца Дзераўнянскай СШ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *