Хлебаробы ААТ «Жацерава» аднымі з першых завяршылі сяўбу азімых збожжавых культур

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

У сельгаставарыстве сёлета атрымалі самую высокую ўраджайнасць, намалацілі 58,5 цэнтнера збожжа з гектара. Разлічваюць і ў наступным годзе мець не менш дастойны паказчык. І дзеля гэтага ўжо прыклалі старанні. Варта адзначыць, што ў гаспадарцы строга прытрымліваюцца тэхналогіі вырошчвання збожжавых. У аптымальныя тэрміны праводзяцца ворыва і падрыхтоўка глебы, пад патрэбнасць уносяцца розныя віды ўгнаенняў. Скрупулёзна падбіраюцца папярэднікі, у прыватнасці, пад пшаніцу. Якасна праводзіцца сяўба.

– Не адыходзім ні на крок ад тэхналогіі, – гаворыць намеснік дырэктара па вытворчасці Васілій Цярцюк. – Для таго каб атрымаць высокі паказчык,  галоўнае  ўсе палявыя работы выканаць акуратна і своечасова. Зразумела, шчыра даглядаць пасевы і якасна правесці ўборачную кампанію. Бягучы год выдаўся нялёгкім, але працаўнікі справіліся з пастаўленай задачай.

Механізатар Сяргей Бандаровіч працуе ў таварыстве больш за чвэрць стагоддзя

На сяўбе азімых збожжавых сёлета быў заняты Сяргей Амельчыц. Ён пасеяў азімыя на ўсёй 750-гектарнай плошчы. Сяргей Мікалаевіч займае ў таварыстве пасаду загадчыка гаража, але ў напружаныя перыяды палявых работ перасаджваецца на трактар. Як і Артур Рокаш, які працуе інжынерам па эксплуатацыі машынна-трактарнага парку. Артур Ігаравіч падрыхтаваў глебу. Вопытны механізатар Сяргей Бандаровіч правёў ворыва, а на ўнясенні мінеральных угнаенняў з веданнем справы шчыравалі механізатары Мікалай Алісіевіч і Уладзімір Марчык. На падвозцы і загрузцы насення працаваў Мікалай Куркоў.

– Для таго каб павялічыць ураджайнасць, мы кожны год праводзім сартазмену і сортааднаўленне, – расказвае галоўны аграном Дзмітрый Янкоўскі. – Сёлета пасеялі новы імпартны сорт  азімай пшаніцы «танацыя» – насенне набылі ў СВК «Прагрэс-Верцялішкі».

На ўнясенні мінеральных угнаенняў з году ў год рупіцца Мікалай Алісіевіч

У гаспадарцы першымі ў раёне пачалі праводзіць хімпраполку ўсходаў. Гэтымі днямі на палетках задзейнічаны апырсквальнік, на якім рупіцца механізатар Мікалай Міхайлоўскі.

Разам з жацераўскімі хлебаробамі ў мінулыя выхадныя завяршылі сяўбу працаўнікі ААТ «Каганец», а напачатку тыдня справіліся ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і ААТ «Вялікі Двор».

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *