Тыдзень Стаўбцоўшчыны

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

Наш горад-райцэнтр Стоўбцы ўсё больш і больш расшырае свае жыллёвыя межы. На вуліцы Міру ўвагу прыцягвае будаўнічы кран. Тут будаўнікі ПМК-233 узводзяць чарговы дом.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

АБНАЎЛЕННЕ: НА АБ’ЕКТАХ КУЛЬТУРЫ

Кожны год праводзяцца запланаваныя рамонты ўстаноў культуры і мастацтваў раёна. Сёлета, напрыклад, у гэтай праграме правядзенне рамонту ў раённым Цэнтры культуры, Навасвержанскім цэнтральным доме культуры, Наваколасаўскім цэнтры культуры, Стаўбцоўскай школе мастацтваў.  Гэтыя ўстановы культуры і мастацтваў папрыгажэлі, пасвяжэлі, што радуе вока.

На бягучы рамонт аб’ектаў культуры асвоена з пачатку года 427 мільёнаў рублёў.

 

У СЕЛЬГАСТАВАРЫСТВАХ: ЗМЯНІЛІ ІНТЭР’ЕР

Сталовая ААТ «Агранёманскі» набыла сёлета асаблівую адметнасць. Да свята «Дажынкі» вонкавы фасад яе быў па-мастацку аформлены. На сцяне з’явіўся роспіс – прыгожая кампазіцыя на тэму прыроды, намаляваная спосабам аэраграфіі. Малюнак уражвае і здзіўляе не толькі наведвальнікаў, а і ўсіх, хто праязджае паўз будынак. Змяніўся і ўнутраны інтэр’ер сталовай. Тут на сценах таксама прысутнічае фігурная аэраграфія. Аднак не толькі: уздоўж сцяны, намаляваныя фарбамі, «ляцяць» буслы. У прасторнай абедзеннай зале заменены на новыя сталы і крэслы. Устаноўлены вадкакрышталічны тэлевізар. Калі б у раёне быў аб’яўлены конкурс на лепшую вясковую сталовую, то першае месца, думаецца, заняла б сталовая ў Скамарошках.

 

З УВАГАЙ: КАМУ ЗА… 100

На Стаўбцоўшчыне сёння сем доўгажыхароў, якія перасягнулі стогадовы рубеж. Да кожнага з іх завіталі з падарункам супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра.  

Маршрут паездкі з падарункамі, а менавіта з прадуктовымі наборамі, ахапіў фактычна ўвесь раён. Самая старэйшая доўгажыхарка  – 104-гадовая Надзея Ярашэвіч – пражывае ў Пагарэлым, а яе таварышка Вольга Курдун, на два гады малодшая, – у Налібаках. Праўда, у адным аграгарадку Налібакі значацца адразу два адрасы – яшчэ і 101-гадовага Івана Чарняца. Ва ўзросце 101 год знаходзяцца таксама жыхарка Новай Вёскі Алена Шавейка і Юзэфа Дошчачка з Прудоў. Акурат сёлетнім летам спіс стогадовых папоўнілі дзве жанчыны – Марыя Агейка з Ніўнага і Ядвіга Францкевіч з Вялікай Гуменаўшчыны. Ядвіга Іосіфаўна, напрыклад, сама выйшла насустрач гасцям, запрасіла ў хату…

– Усе нашы доўгажыхары знаходзяцца пад пільнай апекай дачок, пераважная большасць іх і пражывае разам з дочкамі. Дзякуючы дзецям старасць гэтых матуляў і аднаго бацькі дагледжаная, – адзначыла загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра Валянціна Дубіцкая.

У рамках месячніка ўвагі да пажылых  людзей, які стартаваў 1-га кастрычніка – у  Дзень пажылых людзей, былі наведаны з падарункамі таксама  састарэлыя жыхары раёна, якія знаходзяцца на медыка-сацыяльных ложках. Гэта адзінокія пажылыя людзі і тыя, у каго дзеці жывуць за межамі рэспублікі.

Пр

 

ПРАЦОЎНЫ СЕМЕСТР: З ІМЕНЕМ ГЕРОЯ

Сярод 23-х студэнцкіх атрадаў, якія дзейнічалі на Стаўбцоўшчыне, вылучаны педагагічны атрад імя Героя Савецкага Саюза У. З. Царука. Менавіта яму раённы камітэт БРСМ даверыў гонар прадстаўляць раён на рэспубліканскім конкурсе «Лепшы студэнцкі атрад працоўнага семестра-2014».

Гэты студатрад пад кіраўніцтвам камандзіра Ганны Шаўчук (настаўніцы англійскай мовы школы № 2) і камісара Юліі Галабурда (настаўніцы фізічнай культуры і здароўя школы № 2) працаваў у першую змену ў аздараўленчым лагеры «Нёман». Партфоліа атрада  ўпрыгожваюць фотаздымкі з напружаных летніх будняў, а сярод шматлікіх дакументаў – спецыяльны журнал студэнцкага атрада, у якім у тым ліку адлюстраваны найбольш значныя патрыятычныя мерапрыемствы з дзецьмі, прысвечаныя 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і аднаму з яе герояў-вызваліцеляў, вядомаму партызанскаму камандзіру У. З. Царуку.

– Мы ведаем, што наш педагагічны атрад апраўдаў гістарычнае імя, якое абраў для назвы атрада, што ён пакінуў яркі след у гісторыі студэнцкага руху на Стаўбцоўшчыне, – выказала меркаванне першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.

Закрыццё трэцяга працоўнага семестра ў рэспубліцы мяркуецца быць урачыстым, з узнагароджаннем лепшых студэнцкіх атрадаў у розных намінацыях.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

КІРМАШЫ: ДАГАДЗІЛІ ГУСТАМ МІНЧАН

Раённы камбінат бытавога абслугоўвання кожныя выхадныя вывозіць прадукцыю ўласнай вытворчасці на сталічныя кірмашы.

У мінулую суботу палатка РКБА была раскрыта ў Савецкім раёне Мінска.

Па-ранейшаму мінчанамі запатрабаваны цёплыя рэчы –  мужчынскія сарочкі і жаночыя халаты з камфортнай фланэлі, падушкі, камізэлькі, коўдры, пакрывалы і камплекты са штучнага меху, сталовыя наборы, фіранкі, камплекты пасцельнай бялізны.

На ўвесь кастрычнік у раённым камбінаце бытавога абслугоўвання распісаны графік наведвання сталічных кірмашоў. Гэта дасць магчымасць «падчысціць» свае запасы, хутка зарыентавацца на попыт, пашыць запатрабаваную прадукцыю і зарабіць «капеечку».

 

 З ДАРАМІ ВОСЕНІ

Працягваюцца традыцыйныя восеньскія кірмашы. Райспажыўтаварыства атрымала запрашэнне паўдзельнічаць у мінскім сельскагаспадарчым кірмашы, які адбыўся ў мінулыя выхадныя па вуліцы Ясеніна. Стаўбчане адправіліся ў сталіцу з сельскагаспадарчай прадукцыяй – шырокім асартыментам гародніны і бульбы. Пакупнікі маглі набыць вітамінны тавар па цэнах, ніжэйшых, чым у рознічнай гандлёвай сетцы.

Напярэдадні працаўнікі спажывецкай кааперацыі гандлявалі дарамі восені на сталічным рынку «Малінаўка».

 

ФУТБОЛ: НА РОЎНЫХ

Вынік выезду нашай футбольнай каманды «Нёман-Агра» ў Маладзечна можна лічыць удалым. Мясцовая каманда «Маладзечна-ДЮСШ-4» узначальвае турнірную табліцу першынства вобласці. Засталася яна на першым месцы і пасля 24-га, згаданага тура футбольнага чэмпіянату. Але здабыла ў сустрэчы са стаўбчанамі толькі адно ачко.

Лік 1:1 сведчыць, што гульня ішла на роўных. Аўтарам гола ў вароты гаспадароў поля стаў Дзмітрый Касцюк. Цяпер у каманды Маладзечна 22 ачкі, у ФК «Любань» – 21, ФК «Старыя Дарогі» – 20 і ФК «Жодзіна-2007» –19. Зразумела, што іменна гэтыя калектывы працягнуць змаганне за тытул чэмпіёнаў Міншчыны.

Шкада, вядома, што ў гэтую спрэчку «Нёман-Агра» ўжо не ўмяшаецца. У каманды стаўбчан 9 ачкоў, яна займае сёмае месца. Наступным экзаменатарам стане футбольны клуб з Жодзіна, куды наша  дружына накіруецца сёння.

 

АЦЯПЛЯЛЬНЫ СЕЗОН: ПАДРЫХТАВАЛІСЯ, ДЫ НЕ ЎСЕ

Чарговы ацяпляльны сезон афіцыйна ўступіў у свае правы. Аднак ці ўсе цеплакрыніцы раёна ўваходзяць у зіму з гатоўнасцю, пацверджанай на дакументальным, «пашпартным» узроўні?

З вынікаў падрыхтоўчай кампаніі да работы ў асенне-зімовы перыяд 2014-2015 гадоў, прадастаўленых інспектарамі Стаўбцоўскага міжраённага аддзялення «Энерганагляд» Сяргеем Хвасько і Таццянай Герасімовіч, відавочна, што з 86-ці цеплакрыніц раёна своечасова былі аформлены пашпарты гатоўнасці не ва ўсіх. Затрымка выйшла з новай кацельняй райаддзела міліцыі, перададзенай на баланс аб’яднання камунальных службаў. АКС збірае неабходную дакументацыю для прад’яўлення кацельні да допуску ў эксплуатацыю, на падставе чаго можа быць выдадзены акт гатоўнасці (апошні тэрмін для афармлення самога пашпарта гатоўнасці сышоў 1-га кастрычніка). Больш складаная сітуацыя ўзнікла ў ААТ «Агранёманскі», кацельня якога ацяпляе 12-кватэрны жылы дом у Старым Свержані, а таксама Цэнтр культуры з праўленнем гаспадаркі. У дачыненні да гэтай кацельні не вырашаны пытанні, якія адносяцца да кампетэнцыі Дзяржпрамнагляду.

Варта адзначыць, што ў бліжэйшы час з рэгістрацыі Дзяржпрамнагляду плануецца зняць адну з цеплакрыніц аб’яднання камунальных службаў –  кацельню ачысных  збудаванняў ў Заямным. Яшчэ ў мінулым годзе ў адміністрацыйным будынку гэтага аб’екта быў устаноўлены ацяпляльны кацёл, з дапамогай якога і вядзецца абагрэў. А ў цэлым АКС неабходна больш адказна падыходзіць да пытанняў падрыхтоўкі да зімы: хаця і ажыццяўляецца паўсюдна ў раёне замена цепласетак, графік работ разбіты па месяцах да канца года, нельга забываць пра  своечасовасць.                  

– Са 133-х спажыўцоў раёна пашпарты гатоўнасці падпісалі ўсе, за выключэннем ААТ «Вішнявецкі-агра», – працягвае Сяргей Хвасько. – Сельгаспрадпрыемства ў вызначаныя тэрміны не звярнулася ў энерганагляд, не прад’явіла неабходныя дакументы. Цяпер яму можна атрымаць толькі акт гатоўнасці, але і для гэтага неабходна прадэманстраваць гатоўнасць да зімы сваёй цеплавой гаспадаркі. З гэтым на даны момант праблема: сельгаставарыствам не выкананы мерапрыемствы па падрыхтоўцы да работы ў асенне-зімовы перыяд, не вызначаны службовыя асобы, адказныя за цеплавую, энергетычную гаспадаркі і т. п.

У сувязі з надыходам ацяпляльнага перыяду інспектар Таццяна Герасімовіч звярнула ўвагу на актуальнасць пытання электрабяспекі. Праходзіць рэспубліканская акцыя па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх у жыллёвым фондзе. Розныя службы, у тым ліку і  энерганагляд, выязджаюць з рэйдамі ў сельсаветы: ідзе праверка стану пячнога ацяплення і электраправодкі, гарышчаў, выяўленне пустых дамоў, дзе існуе магчымасць несанкцыянаванага доступу грамадзян. Пры іх выяўленні выдаецца нарад на адключэнне электраўстановак. Да прыкладу, падобныя меры ўжо прыняты ў адносінах да нежылых дамоў у Кондратавічах ( № № 2, 5, 6), Новым Свержані (вуліца Трактарная, №№ 11 і 13).  У рамках акцыі інспектары энерганагляду на даны момант вядуць праверкі на тэрыторыі Шашкоўскага і Літвенскага сельсаветаў.

–  Асноўнымі пажаранебяспечнымі крыніцамі выступаюць няспраўныя электраправодка і прыборы, а таксама электраправодка, пракладзеная з мэтай крадзяжу электрычнай энергіі. Такія праводкі выкананы часцей за ўсё з грубейшымі парушэннямі, да іх махляры падключаюць усемагчымыя самаробныя награвальныя прыстасаванні, – тлумачыць Таццяна Герасімовіч і папярэджвае, што пры выяўленні падобных фактаў вінаватыя кампенсуюць страты, нанесеныя энергасістэме, а таксама караюцца штрафам.    

Па выніках правядзення акцыі інфармацыя інспектараў аб выяўленых парушэннях будзе накіравана мясцовым органам улады, райаддзелу па надзвычайных сітуацыях, кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый аб аказанні садзейнічання ў стварэнні бяспечных умоў пражывання ветэранам і непрацуючым пенсіянерам.

    Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *