Матэматык па прызванні. Валянціна Рэвякіна ўжо 35 гадоў працуе ў Засульскай СШ

Адукацыя Важное

image_pdfimage_print

Валянціна Рэвякіна працуе настаўніцай матэматыкі і інфарматыкі амаль трыццаць пяць гадоў.

Пасля заканчэння фізічнага факультэта Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Горкага яна атрымала размеркаванне на работу ў Засульскую сярэднюю школу. Успамінае першы ўрок матэматыкі ў пачатковых класах. З маленькімі дзецьмі ўсё было проста.

– А вось у выпускны дзясяты заходзіла з асцярогай, – гаворыць Валянціна Іосіфаўна. – Розніца ва ўзросце невялікая, і таму было неяк страшнавата. Не пакідала думка, а як успрымуць мяне юнакі і дзяўчаты? Зразумела, хацелася наладзіць з імі добрыя адносіны.

І ўсё ў яе атрымалася. Прайшлі дзесяцігоддзі, але і сёння педагог з такім вялікім стажам не можа адназначна адказаць, што больш ніколі не хвалюецца. Напэўна, гэтае пачуццё прысутнічае ў кожнага з нас пастаянна. І прычын дзеля гэтага бывае шмат.

Стаць настаўніцай Валянціна вырашыла яшчэ падчас вучобы ў Аталезскай пачатковай школе. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Стаўбцоўскай школе-інтэрнаце, дзе канчаткова вырашыла, што абавязкова будзе паступаць у педагагічны. Менавіта на фізмат, бо дзяўчыне лёгка даваліся дакладныя навукі. І выдатніца вучобы ажыццявіла сваю мару.

Жыццё не стаіць на месцы, пастаянна развіваецца адукацыйны працэс. Калі ў школе пачалі ўстанаўліваць камп’ютары, настаўніцы прапанавалі выкладаць інфарматыку, і яна паехала на курсы павышэння кваліфікацыі. Валянціна Іосіфаўна абажае сваю работу і жадання змяніць прафесію ніколі не ўзнікала. Яе любяць дзеці, паважаюць калегі па працы. Толькі добрыя водгукі аб педагогу ў дырэкцыі школы.

Да прафесійнага свята, Дня настаўніка, Валянціна Рэвякіна атрымала падзяку начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама.

У вольны час жанчына  займаецца сваім любімым хобі – вяжа мяккія цацкі. І ўдзельнічае ў конкурсах, якія арганізоўваюцца сярод педагогаў: пастаянна выстаўляе свае вырабы і заўжды займае прызавыя месцы.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *