У райваенкамаце працягвае працу медыцынская камісія ў складзе спецыялістаў УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ»

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

У адносінах да большасці прызыўнікоў, якім прыйшла пара ісці ў войска, вынесены вердыкт – годныя да тэрміновай ваеннай службы. Аднак заўсёды ёсць выпадкі, калі медыкі раённага ўзроўню не могуць узяць на сябе такую адказнасць і накіроўваюць маладых людзей на дадатковае абследаванне.

Пра тое, на што скардзяцца прызыўнікі і ці звязаны паміж сабой здароўе маладога чалавека і яго жаданне служыць, мы гутарым з урачом-педыятрам падлеткавым, старшым урачом раённай прызыўной камісіі Верай Герцавай.

– Вера Аляксееўна, эпідэміялагічная сітуацыя то паляпшаецца, то пагаршаецца. У ранейшыя прызывы прыходзілася «здымаць» прызыўнікоў перад адпраўкай па прычыне каранавіруснай інфекцыі?

– Такіх выпадкаў у маёй практыцы не было. Непасрэдна перад адпраўкай мы кантралюем у прызыўнікоў тэмпературу цела, самаадчуванне. Неабходнасці «здымаць» іх не ўзнікала.

– Варта выконваць супрацьэпідэмічны рэжым?

– Безумоўна. На прызыўным участку працуем у ахоўных масках. Ёсць дазатары – абавязкова мыем рукі дэзсродкамі. Нашы медыкі, як і работнікі райваенкамата, раней зрабілі прышчэпкі супраць каранавіруснай інфекцыі. Будзем прапаноўваць вакцынавацца і прызыўнікам.

– З прызыўнікамі і ўвогуле з падлеткамі вы працуеце шмат гадоў. На што скардзіцца сучасная моладзь?

– Па-рознаму бывае. Ёсць маладыя людзі, якія на пытанне пра існуючыя праблемы адказваюць, што, маўляў, усё баліць.

Пытанне годнасці прызыўніка да службы вырашаецца па выніках абследаванняў, пры неабходнасці – паглыбленага вывучэння стану здароўя. Да прыкладу, з дапамогай камп’ютарнай тамаграфіі, энцэфалаграмы галаўнога мозга. Ці накіроўваем на абследаванне ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя.

Часта мы бачым, што малады чалавек проста не хоча ісці служыць, таму прыдумляе прычыны, цягне час.

– Узровень годнасці прызыўнікоў раёна змяншаецца ці трымаецца на нейкім адным узроўні?

– Прыкладна адзін і той жа ўзровень – 44–45 працэнтаў – назіраецца ўсе апошнія гады.

У складзе медыцынскай камісіі прызыўнікоў аглядаюць тэрапеўт, неўрапатолаг, акуліст, лор, стаматолаг, хірург, псіхіятр. Часцей за ўсё выяўляюцца неўралагічныя, сардэчна-сасудзістыя паталогіі. Сустракаюцца траўмы, захворванні вачэй. Тлумачыцца гэта ў першую чаргу сучасным ладам жыцця, уплывам гаджэтаў і г. д.

За кожнага прызыўніка перажываеш і, паверце, пераправерыш не адзін раз усе даныя, перш чым вынесеш вердыкт – годны да тэрміновай ваеннай службы.

– У вас мацярынскія пачуцці да прызыўнікоў.

– Не без гэтага. Мой сын таксама служыў. Прызываўся ў пачатку 2000-х. У яго не было просьбаў, каб «адкасіць». Адслужыў у часцях МУС.

Да прызыўнікоў стаўлюся самым лепшым чынам. З імі я цесна кантактую на этапе паступлення ў навучальныя ўстановы, калі яны праходзяць у паліклініцы медыцынскае абследаванне. Ведаю ўсю «паднаготную» іх здароўя. Прыемна, калі хлопцы ідуць служыць з жаданнем. Мне запомніўся адзін з такіх маладых людзей, Глеб Багдановіч, які пазітыўна быў настроены да армейскай службы і пайшоў служыць адразу пасля школы.

– У гэтым прызыве медыкі сваю функцыю ўжо выканалі?

– У райваенкамаце мы працуем з 10 жніўня і фактычна будзем працаваць да 30 лістапада. Праўда, цяпер прыходзім два разы на тыдзень, у так званыя рэзервовыя дні. Да абеду – прыём у паліклініцы, пасля абеду – у ваенкамаце. Нагрузка вялікая, і адказнасць – такая ж.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *