Са ззяннем добрых агнёў

Год гасцiннаcцi Нумары

2 04aУладкаваны мудра гэты свет. У розных варыяцыях паэты мастацкім словам сцвярджаюць ісціну. Дні самыя кароткія ў годзе, змрочныя, асабліва такой бясснежнай зімой. Але яны расквечаны агнямі ілюмінацыі, добрымі ўсмешкамі, радасным настроем вялікіх свят. Ражджэственскія малітвы вернікаў каталіцкай канфесіі, затым – праваслаўнай, іншых хрысціянскіх веравызнанняў. А пасярэдзіне – паміж святочнымі тыднямі – Новы год. Як бы ні гаварылі, што гэта толькі ўмоўная мяжа, што ноч паміж трыццаць першага снежня і першага студзеня нічога не зменіць, але ўсе ўяўляюць: вяха, рубеж. Чакаем абнаўлення, вітаем, віншуем адзін аднаго, жадаем шчасця. Едзем у госці і сустракаем гасцей. Самі гаворым добрыя словы, жадаем пачуць іх ад іншых. Ствараем прыгажосць, і самім прыемна, калі ўсё прыгожа.
Навагодняе ўбранне горада – ланцужкі рознакаляровых агнёў. Аглядавая камісія падвяла вынікі конкурсу на лепшае афармленне фасадаў будынкаў, прылеглых тэрыторый арганізацый і ўстаноў. З лепшых – браць прыклад, нядбайным жа няхай будзе сорамна. Як па адзенні сустракаюць чалавека, так і прыгажосць, чысціня і парадак або наадварот, звычайна беспамылкова сведчаць, ці сапраўдныя гаспадары тут працуюць. Прыемна, што многія стаўбчане парадавалі мігценнем рознакаляровых карункаў гірляндаў з вокнаў дамоў. У некаторых дварах віталі прахожых убраныя ёлкі. Ці ж гаварыць, што практычна ў кожнай кватэры чаравалі ёлкі-прыгажуні. Убранне – не адвесці вачэй.
«З лесу да нас прыйшла, і многа-многа радасці ўсім дзецям прынесла». Свята – найперш для дзяцей. Каб ззянне навагодніх агнёў з малых гадоў асвятляла ўсё жыццё. Ці шчыра вераць сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі ў сапраўднае існаванне Дзеда Мароза? Як жа маленькім не верыць, калі атрымліваюць ад яго паштоўкі з добрымі словамі, а яшчэ лепш – падарунак з рук магутнага барадатага веселуна. Але ўжо садаўскія вундэркінды, якія лепш за іншага дзядулю ўмеюць валодаць і смартфонам, і ноўтбукам, хаця і часова, вымушаны прызнаваць яго існасць. Можа і слухаюць малыя ўважліва ўспаміны свайго роднага дзеда, што некалі ён знайшоў навагодняй раніцай пад ёлачкай завадную машынку ці канструктар. Ды мараць пра больш важкія рэчы – той жа смартфон ці нават ноўтбук. Ведаюць, што калі не казачны барадач, то родныя тата, мама ды дзядуля з бабуляй, як добра папрасіць, скінуцца і на шыкоўны падарунак.
Не будзем далей паглыбляцца ў тэму, гаварыць пра фінансавы і выхаваўчы эфект дарагіх дароў распешчаным дзеткам. А лепш акінем поглядам у шматколерным моры навагодніх ёлак тыя, што ладзіліся ў дзіцячых садах і школах, у дамах культуры, іншых установах. Па ўсёй Беларусі праведзена навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Мерапрыемствы яе накірунку праходзілі і на Стаўбцоўшчыне, аб чым сведчыла наша газета. Дапамога і падтрымка дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, – пад асаблівай увагай і дзяржавы, і грамадства. Ніводнага засмучанага дзіцячага твару, асабліва ў такія святы – высакародная мэта, удзячная справа тых, хто арганізаваў, дапамог сродкамі. Агні навагодніх ёлак дораць чароўнае святло для ўсіх рабят.
У кожным горадзе самая памятная свая галоўная ёлка. І мы, стаўбчане, калі па тэлебачанні прагучала здравіца Прэзідэнта і гадзіннік прабіў дванаццаць, дружна ўзнялі бакалы шампанскага за шчасце ў наступіўшым годзе. А пасля многія сталі збірацца на пляцоўцы каля ёлкі па вуліцы Ленінскай. Музыка, узаемныя віншаванні. І трасіруючыя іскры салютаў. Некаму, праўда, грукат ад петардаў не даваў доўга заснуць. Але ж ці рана кладуцца спаць у навагоднюю ноч?
Гэтая ноч сапраўды чароўная. Цікавыя гісторыі здараліся і ў нашым горадзе. Дзяўчына, якая не спяшалася на баль, набірала па даведніку тэлефонныя нумары і віншавала нават незнаёмых людзей. Ніхто не лічыў свавольствам, бо каму не прыемна, калі жадаюць шчасця. Падняў трубку хлопец, які, пэўна, таксама сумаваў адзінокі, і кажа: «А давайце сустрэнемся каля ёлкі». Сустрэліся, і жывуць у ладзе і згодзе ўжо з дзясятак гадоў. Сапраўды, загадай у навагоднюю ноч жаданне…
Між тым з календара сарваны першыя лісткі, і дзве тысячы чатырнаццаты набірае ход. Праз два дні – па-народнаму таксама вясёлы Стары Новы год, далей – свята Хрышчэння Гасподняга. Будзем жа зноў жадаць адзін аднаму шчасця. А добрае пажаданне абавязкова збудзецца.
Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *