Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне шэсць шлюбаў, зроблены чатыры адзнакі аб скасаванні сямейнага саюза. Да Дня маці пасведчанні аб нараджэнні атрымалі шэсць маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Максім Паплаўскі, Мацвей Гармаза, Макар Булва, Глеб Губанаў, Мацвей Гарбацэвіч і Адрыана Курдун.

Зямны шлях закончыўся для 14-ці чалавек. 

У пажарнай часці тыдзень прайшоў без вогненных здарэнняў. Аднак у нядзелю выратавальнікі выязджалі на няшчасны выпадак у Мікалаеўшчыне – прыйшлося даставаць з катлавана цела загінуўшага 58-гадовага мужчыны, жыхара Задвор’я: пры аказанні дапамогі ў выкопванні калодзежа ён залез у яміну глыбінёю 4,5 м, каб падраўняць краі, але адбылося абрушэнне пясчанага грунту. 14-га кастрычніка ў раёне прайшлі вучэнні камісіі па надзвычайных сітуацыях, дзе адпрацоўваліся пытанні падрыхтоўкі да ацяпляльнага перыяду і ліквідацыі надзвычайных сітуацый пры неспрыяльных пагодных умовах.

Міліцыяй зарэгістравана 109 паведамленняў аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана сем крымінальных спраў, у шасці з іх устаноўлены падазраваемыя. З хлява жыхара Дзенісоў украдзены веласіпед. У адной з палат дзіцячага аддзялення бальніцы грамадзянка паквапілася на мабільны тэлефон, які належаў непаўналетняй. З дома ў Буцькавічах прапаў відэаплэер. Узбуджана крымінальная справа ў адносінах да махляра Г.: гэты грамадзянін размясціў у інтэрнэце, на сайце «В Контакте» пад выдуманым імем інфармацыю аб тым, нібыта ён займаецца рэалізацыяй жаночага адзення, уступіў у перапіску з патэнцыяльнымі кліенткамі, адну з іх пераканаў перавесці ў якасці перадаплаты за заказаную куртку на рахунак яго банкаўскай пластыкавай карткі 400 000 рублёў. Намеру прадаваць куртку ён не меў, а вось пераведзеныя грошы зняў і патраціў. З 13 па 18 кастрычніка праходзяць прафілактычныя мерапрыемствы ў адносінах да раней судзімых асоб. Кожны можа аказаць садзейнічанне міліцыі ў выяўленні тых, хто дапускае парушэнні прэвентыўнага нагляду і т. п. (тэлефоны гарачай лініі – 5-44-41, 5-14-83, 5-19-15 або 102).

Суд асудзіў да аднаго года пазбаўлення волі з умоўным непрымяненнем пакарання тэрмінам на адзін год 45-гадовага жыхара Падзерычаў: мужчына хацеў пазбегнуць адказнасці за страту асабістага пашпарта, у сувязі з чым звярнуўся ў міліцыю з ілжывым даносам аб злачынстве – нібыта пашпарт быў украдзены ў яго ў электрапоездзе. 27-гадовы жыхар Шахноўшчыны, раней судзімы, арыштаваны на пяць месяцаў за крадзеж  40 долараў у стаўбчанкі. У абодвух выпадках да асуджаных прыменены таксама прымусовыя меры лячэння ад алкагольнай залежнасці. 

 ДАІ выявіла 184 парушэнні правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – 10 вадзіцеляў-бяспраўнікаў і шэсць нецвярозых вадзіцеляў (адзін з іх – супрацоўнік райспажыўтаварыства – кіраваў службовым аўтамабілем «ГАЗ-3110» на вуліцы Вечаркевіча з ап’яненнем у 1,5-1,69 праміле, не маючы вадзіцельскага пасведчання), 32 недысцыплінаваныя пешаходы. Здарылася чатыры дарожныя аварыі. На шчасце, ніхто не пацярпеў.

«Хуткая» выязджала да хворых 195 разоў, у тым ліку двойчы – да асоб з алкагольным ап’яненнем. Тры звароты ў экстранную службу медыкі прылічваюць да неабгрунтаваных.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *