«Вірус, бяспека дзяцей, дысцыпліна». Старшыня райвыканкама правёў апаратную нараду

Афіцыйна Главное

image_pdfimage_print

На бягучым тыдні на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама ўзнімаліся тры асноўныя тэмы: вакцынацыя, узаемадзеянне з праблемнымі сем’ямі, вынікі разгляду зваротаў грамадзян.

«Непрышчэплены кіраўнік – нонсэнс»

На Стаўбцоўшчыне, як і ў рэспубліцы, захоўваецца рост захваральнасці на каранавірусную інфекцыю.

Са свежай інфармацыяй пазнаёміла галоўны ўрач Стаўбцоўскай ЦРБ Святлана Глебка. У бальніцы адкрыты інфекцыйны шпіталь на 124 месцы. Ёсць усё неабходнае для аказання медыцынскай дапамогі. Сярод пацыентаў пераважаюць людзі ва ўзросце ад 35 да 45–50 гадоў. Назіраецца іх «амаладжэнне», фіксуюцца выпадкі кавіду і ў дзяцей. Цячэнне хваробы непрадказальнае. Стан хворага здольны рэзка пагаршацца, нягледзячы на праводзімую тэрапію.

На той момант (12 кастрычніка. – Заўвага рэдакцыі) 12 цяжкіх хворых знаходзіліся ў рэанімацыі, з іх 10 былі падключаны да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх. Усе яны раней не былі вакцынаваныя.

Пры тым, што інфармацыйна-асветніцкая работа адносна вакцынацыі шырока праводзіцца работнікамі бальніцы і санітарнай службы ў працоўных калектывах і на цяперашні момант у раёне вакцынавана каля 13 тысяч чалавек, ці больш за 30 працэнтаў дарослага насельніцтва, ёсць пэўныя праблемы.

Звернута ўвага на слабую дынаміку вакцынавання работнікаў асобных  прадпрыемстваў і арганізацый. Крытыка прагучала ў бок кіраўнікоў турбазы «Высокі бераг», райветстанцыі, Стаўбцоўскага ўчастка паштовай сувязі, Стаўбцоўскага ўчастка ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», ДЭУ-62, аўтапарка № 17, райаграсэрвісу, ААТ «Каганец», ААТ «Агранёманскі» і інш. Менавіта кіраўнік у першую чаргу павінен паказаць калектыву прыклад – зрабіць прышчэпку. Акрамя таго, пераканаць калег у неабходнасці вакцынавацца. У гэтым заключаецца клопат пра здароўе работнікаў, адказнасць за захаванне працоўнага патэнцыялу прадпрыемства ў складаных эпідэміялагічных умовах.

«На асобных прадпрыемствах работа з калектывам пакуль нулявая», – зазначыў старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень.

На змяненне сітуацыі дадзены адзін тыдзень. Арыенцірам могуць служыць энергетыкі, дзе ўжо прышчэплена больш за 60 працэнтаў работнікаў.

«Узялі на работу шматдзетных бацькоў – стварыце ўмовы для дзяцей» 

Заслухана работа з сем’ямі раёна, дзе становішча дзяцей прызнана сацыяльна небяспечным.

Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Людміла Стонька спынілася ў першую чаргу на сітуацыі ў тых сем’ях (іх у раёне сем), дзе гэты статус захоўваецца паўгода і больш.

Адна з прычын, па якіх сем’і стаяць на ўліку працяглы час, – пажаранебяспечны стан жылых дамоў. Ёсць сярод іх і ведамаснае жыллё, якое выдзелена сельгаставарыствамі сем’ям, што прыехалі на работу з іншых раёнаў. Перад кіраўнікамі гэтых таварыстваў пастаўлена задача прывесці дамы ў пажарабяспечны стан да канца кастрычніка бягучага года.

Па-іншаму павінна вырашацца сітуацыя з сем’ямі, дзе жыллё належыць бацькам на праве ўласнасці. Няспраўныя печ, дымаход або электраправодка – гэта іх клопат. Калі бацькі не ўхіляюць недахопы, ёсць рычагі ўздзеяння ў выглядзе адабрання дзяцей. «Мяккацеласць у гэтых пытаннях, як паказвае рэчаіснасць, нярэдка прыводзіць да трагедый», – выказаў сваю пазіцыю Дзяніс Колясень.

Падобная прынцыповасць павінна быць і ў рабоце з сельскімі шматдзетнымі сем’ямі, якія, выкарыстаўшы дзяржаўную падтрымку, пабудавалі ў Стоўбцах кватэры, але чамусьці працягваюць жыць у старых вясковых дамах з пажаранебяспечнымі ўмовамі. «Неабходна працаваць з кожнай такой сям’ёй і прымаць дзейсныя меры ў адпаведнасці з заканадаўствам», – абазначыў прыярытэты старшыня райвыканкама.

Звароты з «барадой» і выканальніцкая дысцыпліна

За дзевяць месяцаў у райвыканкам паступіла ад грамадзян 295 зваротаў. «На цяперашні момант на кантролі знаходзяцца 25, у тым ліку дзевяць – адносна асфальтавання вуліц у Стоўбцах, шэсць – незахавання грамадзянамі будаўнічых і архітэктурных нормаў, пяць – будаўніцтва станцый абезжалезвання вады», – зазначыла загадчык сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Ірына Касцевіч.

Якасць водазабеспячэння – адна з самых вострых праблем. Некаторыя звароты на гэтую тэму – з даўнімі тэрмінамі. Да прыкладу, у Шашках  прыступілі да будаўніцтва станцыі абезжалезвання, аднак вяскоўцы патрабуюць, каб паралельна была зроблена і замена састарэлых сетак.

Актуальнасць маюць і іншыя пытанні, якія ставяць жыхары раёна. Так, прыгаданы звароты, якія паступілі на прамую тэлефонную лінію да старшыні райвыканкама адносна рамонту даху шматкватэрнага дома № 5 па вуліцы Трактарнай у Новым Свержані, а таксама пераводу жылога дома № 1 па вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Літва на электраабагрэў. Старшынёй райвыканкама дадзены даручэннні кіраўніцтву райаграсэрвісу і электрычных сетак (адпаведна)  да 1 лістапада бягучага года вырашыць гэтыя пытанні.

Дзяніс Колясень запатрабаваў строгай выканальніцкай дысцыпліны, кантролю за выкананнем даручэнняў, у сістэме якога павінны рэалізоўвацца як меры заахвочання, так і пакарання да нядбайных кіраўнікоў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *