У прафсаюзных арганізацыях: Школьная сям’я

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

У пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сярэдняй школы № 2 г. Стоўбцы са 100 членаў 40 чалавек з’ўяляюцца ветэранамі працы. Старшыня прафсаюзнай арганізацыі настаўніца рускай мовы і літаратуры Ганна Пархімовіч стараецца, каб былыя калегі не адчувалі сябе «былымі», а былі паўнацэннымі членамі вялікай школьнай сям’і. Яны ж аддалі рабоце ў школе па 30-40 гадоў свайго жыцця і заслужылі быць сагрэтымі ўвагай.

У гэтай навучальнай установе непарушна захоўваецца традыцыя запрашаць іх на ўрачыстасці, юбілеі. Навучальная ўстанова імкнецца скарыстаць іх інтэлектуальны, духоўна-маральны патэнцыял, жыццёвы і педагагічны вопыт для выхавання вучняў і моладзі. У складзе педагогаў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, ёсць ветэран Вялікай Айчыннай вайны – Любоў Давыдаўна Ткачова. Пяць педагогаў, у каго працоўнае жыццё было звязана ці яшчэ звязана з гэтай навучальнай установай, узнагароджаны знакам «Выдатнік адукацыі». Гэта Валерый Рыжых, Іван Камароўскі, Ірына Гарэлік, Тамара Янкоўская, Алена Грамыка. Ветэраны працы запрашаюцца на класныя гадзіны, кожны год удзельнічаюць у Дні ведаў, у свяце апошняга званка, на ўрачыстасцях, прыўрочаных да юбілейных дат школы.

Прафсаюзная арганіазцыя выкарыстоўвае розныя формы, каб трымаць сувязь з ветэранамі. Напрыклад, праз раённую газету віншуюць іх са значнымі святамі. На працягу некалькіх гадоў ветэранам педагагічнай працы за  прафсаюзныя сродкі афармляецца падпіска на штотыднёвік «Беларускі час».

Прыцягваюцца вучні школы да шэфскай дапамогі  тым, хто мае шаноўны ўзрост і пражывае адзін. Прыход валанцёраў заўсёды з удзячнасцю ўспрымаецца пажылымі людзьмі.

З такім жа клопатам прафсаюз імкнецца ставіцца і да маладых кадраў. Для сферы адукацыі на сучасны момант з’яўляецца актуальнай задача затрымаць маладых спецыялістаў, прадаставіць ім спрыяльныя ўмовы для раскрыцця свайго творчага патэнцыялу. Напрыклад, у СШ № 2 педагогаў ва ўзросце да 31 года толькі чатыры. У калектыўным дагаворы гэтай навучальнай установы, лакальным нарматыўным прававым акце, які рэгулюе працоўныя і сацыяльна-эканамічныя адносіны паміж наймальнікам і працуючымі, замацаваны льготы адносна ўмоў працы маладых спецыялістаў. Напрыклад, кантракты пры прыёме на работу могуць быць заключаны толькі з іх пісьмовай згоды пры ўмове павышэння тарыфнай стаўкі не менш чым на 25 працэнтаў і прадастаўлення дадатковага адпачынку тэрмінам не менш за пяць каляндарных дзён. Тым маладым спецыялістам, хто завяршыў навучанне з адзнакай, а таксама хто атрымаў ступень магістра, устаноўлены надбаўкі да заработнай платы ў памеры 20 працэнтаў акладу. Усе астатнія маладыя спецыялісты атрымліваюць 10-працэнтную надбаўку да акладу.

Работа прафсаюзнай арганізацыі сярэдняй школы № 2 адметная многімі іншымі ініцыятывамі. Таму старшыня яе Ганна Пархімовіч не раз дзялілася вопытам работы з калегамі на раённых мерапрыемствах.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *