Няма большага шчасця ў жыцці, чым дзеці

Важное Соцыум Сям'я

image_pdfimage_print

Выхоўваць нават адно дзіця – вялікая радасць. А калі ў сям’і іх трое – гэта вялікі дар і благаславенне з нябёсаў.

У сям’і Шуцько падтрымліваюць адзін аднаго словам і справай

«Самае галоўнае і каштоўнае ў жыцці – сям’я. Спачатку тая, у якой ты нарадзіўся, а затым тая, якую ты стварыў», – такой думкі прытрымліваецца шматдзетная сям’я Шуцько са Стоўбцаў.

Гордасць для бацькоў – іх дзеці: дзесяцікласніца Лізавета, васьмікласнік Мацвей і чацвёртакласніца Маргарыта. Лізавета любіць чытаць, у школе падабаюцца руская і англійская мовы. Маргарыта захапляецца бісерапляценнем, робіць вырабы з паперы. Мацвей займаецца футболам. Старшыя дзеці ўдзельнічаюць у школьных, раённых алімпіядах па матэматыцы, рускай мове. Акрамя вучобы ў кожнага свае абавязкі па доме: Лізавета і Маргарыта дапамагаюць маці ўбіраць кватэру, Мацвей ходзіць за прадуктамі.

Святлана скончыла Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «эканаміст», Сяргей – Дзяржынскае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча па спецыяльнасці «электрык».

Маладыя людзі пазнаёміліся на сельскай дыскатэцы. Сябравалі паўтара года, у 2005 годзе ажаніліся. «Па шчаслівай выпадковасці Амур пранізаў нашы сэрцы», – усміхаецца Сяргей.

Абодва таксама выхоўваліся ў шматдзетных сям’ях. Усю сваю назапашаную любоў, пяшчоту і клопат Сяргей і Святлана аддаюць дзецям. Калі ў пары з’явілася першае дзіця (дачка Лізавета), то жыць, як яны самі прызнаюцца, стала цікава і весела. Так што другое дзіця, а пасля і трэцяе яны чакалі з асаблівым нецярпеннем.

Муж і жонка рэалізавалі сябе ў прафесійным плане. Сяргей працуе наладчыкам фармовачных і стрыжневых машын у ліцейным цэху філіяла ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, а Святлана – начальнікам аддзела ўліку маёмасці цэнтра па забеспячэнні бюджэтных арганізацый Стаўбцоўскага раёна.

Як шматдзетная сям’я, Сяргей і Святлана атрымліваюць усе льготы, якія прадугледжаны дзяржавай. Пабудавалі трохпакаёвую кватэру за сродкі льготнага крэдыту. Дзеці бясплатна харчуюцца ў навучальных установах.

Большую частку свайго вольнага часу сям’я праводзіць у Налібаках ці Ніўным (гэта малая радзіма мужа і жонкі), а таксама ездзіць у Мінск на атракцыёны, наведвае цырк.

Пра ўспаміны, погляды на выхаванне

Для любой сям’і важнае значэнне маюць агульныя ўспаміны. Сяргей і Святлана прыгадваюць дзень вяселля, нараджэнне першынца, чаканае слова «мама», з’яўленне на свет другога, трэцяга дзіцяці. Гэтыя моманты застануцца ў памяці назаўсёды.

Сямейныя традыцыі бацькі стараюцца перадаць сваім дзецям. У шматдзетнай сям’і прынята не толькі адзначаць урачыстасці разам, але і падтрымліваць адзін аднаго словам і справай – і ў святы, і ў будныя дні.

Сяргей і Святлана прызнаюцца: «Мы выхоўваем дзяцей, а дзеці тым часам выхоўваюць нас. Яны быццам счытваюць наш настрой: што ім пашлеш, тое і атрымаеш у адказ. Мы імкнёмся выхоўваць любоўю і заўважаем, як дзеці перадаюць гэтае пачуццё ў навакольны свет. Не забываем расстаўляць межы, каб было зразумела: вось гэта можна, а гэта – не. Да кожнага дзіцяці знаходзім свой падыход».

Сакрэт сямейнага шчасця

– Гэта калі ўсе разам. І тут няважна, выконваем якія-небудзь гаспадарчыя справы ці адпачываем. Галоўнае – усе заняты тым, што аб’ядноўвае. Каб быць шчаслівым і дома, і сярод людзей, трэба ўмець дараваць, дагаворвацца, ісці на кампраміс, разумець іншых. Прымаць кожнага такім, які ён ёсць, – прызнаюцца Сяргей і Святлана.

Сям’я Шуцько ўпэўнена, што з каханнем, вернасцю і працавітасцю будзе і шчасце, і радасць, і разуменне.

Марына КУТАС, фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *