Не бойцеся прышчэпкі. Урач-інфекцыяніст развеяла міфы пра каранавірус

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

Загадчыца інфекцыйнага аддзялення УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» Вольга Ярмоленка расказала, чаму неабходна вакцынавацца  супраць COVID-19,  што пры гэтым  адбываецца з арганізмам, а таксама развеяла папулярныя міфы пра прышчэпку.

– Вольга Віктараўна, барацьба з кавідам вядзецца другі год. Ці змяняецца карціна захворвання?

– Вірус стаў развівацца ў арганізме хутчэй: калі раней цяжкія клінічныя праяўленні надыходзілі на 10–14 суткі, то цяпер гэты тэрмін скараціўся ў два разы. Чацвёртая хваля працякае значна цяжэй. Сярод тых, хто захварэў, павялічылася колькасць маладых людзей, дзяцей. На базе бальніцы адкрыты кавідны шпіталь, куды паступаюць хворыя не толькі са Стаўбцоўскага, але і з іншых раёнаў Мінскай вобласці. Тут знаходзяцца людзі розных узростаў, абсалютная большасць не прышчэплены. У вакцынаваных пацыентаў хвароба працякае значна лягчэй.

– Ці трэба здаваць тэст на антыцелы перад прышчэпкай?

– Пры жаданні ў працэдурным кабінеце паліклінікі можна здаць платны тэст на антыцелы да COVID-19. Але хачу адзначыць, што здаваць тэст на антыцелы, як і ПЛР-тэст на каранавірус, перад вакцынацыяй неабавязкова. Калі чалавек добра сябе адчувае, на працягу 10–14 дзён не быў у прамым кантакце з хворым і ў яго няма сімптомаў каранавіруса, можна рабіць прышчэпку.

– Што адбываецца з арганізмам пасля ўвядзення вакцыны?

– Спецыяльных прэпаратаў супраць COVID-19 пакуль няма, таму дапаможа толькі прышчэпка ў сукупнасці з прафілактычнымі мерамі: масачны рэжым, дыстанцыраванне, гігіена рук і інш. Нагадаю, што маска павінна закрываць нос, рот і падбародак. Лічу, што ў той эпідсітуацыі, якая склалася, такія меры неабходныя. Пры гэтым трэба памятаць, што на працягу двух тыдняў пасля ўвядзення абодвух кампанентаў прышчэпкі трэба быць асабліва асцярожнымі і выконваць усе антыкавідныя меры. Справа ў тым, што імунітэт узнікае не адразу пасля вакцынацыі, арганізму патрэбны час на яго поўную выпрацоўку. Таму калі людзі гавораць, што зрабілі прышчэпку і захварэлі – гэта вынік невыканання элементарных правіл бяспекі і прафілактыкі.

– Ці можна заразіцца ад прышчэпкі?

– Медыкі нашай бальніцы, у тым ліку і тыя, хто працуе ў прышчэпачным кабінеце, вакцынаваныя ад кавіду. Яны выконваюць усе неабходныя меры перасцярогі, таму падчапіць вірус пры вакцынацыі немагчыма. А заразіцца ад самой прышчэпкі тым больш нельга, таму што чалавеку ўводзіцца нежывы вірус, які ніякай шкоды не нясе.

– Імунітэт пасля вакцынацыі зніжаецца?

– Чалавеку ўводзяцца чужыя антыгены, на якія імунная сістэма павінна даць адказ. Такі механізм спрацоўвае пры ўвядзенні любой вакцыны. Зразумела, што імунітэт крыху знізіцца, але гэта не азначае, што ён не здольны змагацца з магчымай хваробай і чалавек абавязкова захварэе. Могуць быць пабочныя рэакцыі, але яны нязначныя і праходзяць праз 1–2 дні.

– Прышчэпка абараняе на 100 працэнтаў?

– Стопрацэнтнай гарантыі, што вакцынаваны чалавек не захварэе на кавід, няма. Але пры гэтым прышчэпка дае высокі працэнт абароны. Калі ўсё ж такі чалавек заразіўся, то ў любым выпадку антыцелы, якія ёсць у арганізме, уключацца ў работу, і хвароба будзе працякаць лягчэй. Трэба памятаць, што небяспечны не столькі сам вірус, колькі ўздзеянне, якое ён аказвае на арганізм, і тыя ўскладненні, да якіх можа прывесці. Прышчэпка на гэты момант – галоўная зброя, якую трэба выкарыстоўваць, каб захаваць здароўе сваё і блізкіх.

Анастасія НОВІК, фота Таццяны ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *