Конкурс: Паказалі грунтоўныя веды

Нумары Сельская гаспадарка

На мінулым тыдні ў памяшканні райплемстанцыі адбыліся дваццаць сёмы раённы конкурс і, адначасова, атэстацыя тэхнікаў-асемянатараў. Мерапрыемства стала традыцыйным і праводзіцца штогод.  Яго мэта – павышэнне прафесійнага майстэрства спецыялістаў гэтай прафесіі і павелічэнне яе прэстыжу. Варта адзначыць, што  цяпер штучнае асемяненне з’яўляецца асноўным метадам развядзення сельскагаспадарчай жывёлы,  таму прафесія тэхніка-асемянатара на асобым рахунку. Яна стала адной з важных і запатрабаваных. Па-сутнасці, гэта выток, аснова жывёлагадоўчай галіны. У тых гаспадарках, дзе ёсць на фермах кваліфікаваныя, аддадзеныя сваёй справе тэхнікі-асемянатары, ёсць і прадукцыя – малако і мяса.

Спецыялісты  чарговы раз сабраліся на конкурс для таго, каб паказаць і даказаць сваё майстэрства. А гэта вельмі важна, каб работнікі, ад якіх залежыць далейшае развіццё малочнай галіны, мелі добрую кваліфікацыю і маглі спраўляцца з пастаўленымі перад імі задачамі.

Ад  упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама ўдзельнікаў конкурсу павіншаваў і пажадаў усім удачы Іван Загдай.  Адзначыўшы пры гэтым, што менавіта ад работы тэхнікаў-асемянатараў залежыць эканамічнае становішча гаспадарак. У сваім выступленні дырэктар райплемстанцыі Людміла Курыльчык нагадала, што на 64 пунктах штучнага асемянення буйной рагатай жывёлы працуюць 57 тэхнікаў-асемянатараў. І з кожным годам паказчыкі іх работы павялічваюцца. Агучыла вынікі работы спецыялістаў за мінулы год  і назвала тых, хто дабіўся найвышэйшых паказчыкаў. У ліку лепшых тэхнікі-асемянатары  ААТ «Каганец», ТАА «СЖК Налібакі» і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Людміла Эдуардаўна нагадала ўмовы конкурсу, які складаўся з тэарэтычнай і практычнай частак. Майстэрства ўдзельнікаў ацэньвалася па некалькіх крытэрыях. Журы, а старшынствавалі на пастах памочнік генеральнага дырэктара Мінскага племпрадпрыемства Аляксандр Барышчук і вядучы заатэхнік Нясвіжскага племпрадпрыемства Сцяпан Масюкевіч, правярала веды тэхнікаў-асемянатараў па пытаннях правільнай арганізацыі іх рабочага месца, падрыхтоўкі інструментаў да асемянення, адтайвання і вызначэння якасці семя пад мікраскопам, а таксама ацэньвала вядзенне журналаў ацёлаў і асемянення  буйной рагатай жывёлы. Улічваўся і знешні выгляд. Але галоўны крытэрыем заўсёды лічыліся і лічацца вынікі практычнай работы за мінулы год. 

Пасля афіцыйнай часткі пачаліся спаборніцтвы. На працягу некалькіх гадзін 49 тэхнікаў-асемянатараў змагаліся за права быць лепшымі. Многія з іх неаднойчы прымалі ўдзел у конкурсе, некаторыя ж прыехалі ўпершыню. Але хваляваліся ўсе аднолькава, таму члены журы стараліся падбадзёрваць канкурсантаў. Ацэньваючы іх прафесіяналізм, адначасова дапамагалі разабрацца ў складаных пытаннях, папаўняючы багаж  ведаў.

Па колькасці набраных балаў і правільных адказаў па тэорыі, дэманстрацыі практычных навыкаў і выніках  работы за мінулы год пераможцай стала Галіна Канатка з ААТ «Каганец», якая набрала максімальную колькасць балаў. Галіна Іванаўна прызнаны лідар, неаднойчы выходзіла пераможцай падобных мерапрыемстваў у вобласці і рэспубліцы. Працуе на МТФ «Ячонка» звыш трыццаці гадоў.  Другое месца заняла Людміла Хмыль з ААТ «Радзіма Дзяржынскага». Трэцяе – мінулагодні пераможца Аляксандр Ланкевіч з ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Прызёраў аддзяліла ўсяго адна дзясятая бала. Прэміі лепшым тэхнікам-асемянатарам  з пажаданнямі далейшых поспехаў у працы ўручыў Аляксандр Барышчук. Адзначыўшы пры гэтым, што дух спаборніцтва адчуў кожны, нягледзячы на вопыт, узрост і адукацыю. І ўсе без выключэння прайшлі атэстацыю, не дапусціўшы ніводнай грубай памылкі. Аляксандр Міхайлавіч падкрэсліў,  што ўсе тэхнікі-асемянатары выказалі жаданне працаваць і надалей. Прыемна. Вельмі цяжка падабраць добрага спецыяліста, які б сумленна выконваў свае абавязкі.

За настаўніцтва быў матэрыяльна заахвочаны тэхнік-асемянатар ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Вячаслаў Супрун, які выхаваў не адно пакаленне спецыялістаў сваёй прафесіі і шчыруе ў гаспадарцы на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Заахвочвальныя прэміі атрымалі: самы малады тэхнік-асемянатар Алена Мянжынская з ААТ «Рочавічы», заатэхнік-селекцыянер Таццяна Вотчыц і ветурач-гінеколаг Мікалай Дрозд з ААТ «Агранёманскі». А таксама раённае звяно па ўзнаўленні статка.

Ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, які штогод удзельнічае  ў мерапрыемстве, выступіла яго старшыня Тамара Калошыч. Тамара Іосіфаўна падзякавала спецыялістам за шчыраванне і яшчэ раз падкрэсліла, што ад іх майстэрства, добрасумленнай працы напрамую залежаць вынікі жывёлагадоўчай галіны раёна. І ўручыла прэміі. У намінацыі  «За вернасць выбранай прафесіі» адзначана Валянціна Адамовіч з ААТ «Агранёманскі», якая рупіцца на ферме на працягу трыццаці пяці гадоў. У намінацыі «Шматдзетная маці» перамагла  Марыя Руч’ёва з ААТ «Дзераўное», сям’я  якой прымае актыўны ўдзел у мерапрыемствах, што праходзяць у раёне, і сёлета паказала сваю спрытнасць у праекце «Уладар сяла – 2014». «За волю да перамогі» вызначылася  Кацярына Кухарчык з ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», якая заняла чацвёртае месца. За высокую арганізацыю конкурсу і высокі прафесіяналізм была адзначана і дырэктар райплемстанцыі Людміла Курыльчык. Дарэчы, усе ўдзельнікі конкурсу атрымалі падарункі.

Надзея БАТАЛКА

На здымку: (злева направа) пераможцы конкурсу тэхнікі-асемянатары Людміла Хмыль, Галіна Канатка і Аляксандр Ланкевіч.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *