Якасць пітной вады на Стаўбцоўшчыне палепшыцца

Важное Грамадства

image_pdfimage_print

Да 2025 года на Стаўбцоўшчыне будзе рэалізавана праграма, якая дазволіць паўсюдна прывесці якасць пітной вады ў нармальны стан. У бягучым годзе работы будуць выкананы на пяці аб’ектах.

Фота мае ілюстрацыйны характар

Ачышчаная вада – па новых трубах

У працэсе вырашэння такой вострай тэмы, як якасць пітной вады, узнікла пытанне комплекснага падыходу. Гэта азначае, што разам з будаўніцтвам станцыі абезжалезвання неабходна планаваць і замену састарэлых сетак. Гэтая выснова нарадзілася на прыкладзе аграгарадка Вішнявец. Летась станцыя там была пабудавана, аднак ачышчаная вада, якая пацякла па ржавых трубах, прынесла толькі людское незадавальненне.

У выніку пасля бурных спрэчак 26 домаўладальнікаў на вуліцах Спартыўнай і Стадыённай згадзіліся памяняць трубы за свой кошт. Сёння ў іх якасць вады кардынальна іншая.

«Заменены 1,2 км сетак, а ўсяго ў аграгарадку патрабуюць замены не менш за 6 км сетак. Тэрміны іх эксплуатацыі перавышаюць сорак і больш гадоў», – гаворыць начальнік цэха водазабеспячэння і водаадвядзення КУП «Слуцкводаканал» Генадзь Доўнар.

Паводле яго слоў, у Вішняўцы людзі ўклалі сродкі, але і Слуцкводаканал узяў на сябе значную частку выдаткаў, звязаных з выкананнем работ і набыццём дадатковых матэрыялаў. Сеткі ж да гэтай пары застаюцца ўласнасцю мясцовага сельгаставарыства, пытанне перадачы знаходзіцца ў парадку дня.

«Дакументы ўжо паступілі адносна сетак у Вязаўцы і Мархачоўшчыне, сетак і воданапорнай вежы ў Вішняўцы. Фактычна яны эксплуатуюцца з 1978 года, і неабходна разбірацца з існуючай схемай водазабеспячэння», – падкрэслівае Генадзь Доўнар.

Як вядома, у наступным годзе прадпрыемствам «Слуцкводаканал» запланавана шмат аб’ектаў па перакладцы сетак водазабеспячэння паўсюдна на Стаўбцоўшчыне. На даны момант рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя з улікам таго, што паралельна з заменай сетак у населеных пунктах будзе весціся і будаўніцтва станцый абезжалезвання.

Комплексны падыход – надзейны.

Плануецца прарыў у водазабеспячэнні

У наступным годзе да абласнога свята «Дажынкі-2022» запланавана замена магістральных сетак водазабеспячэння па вуліцах Ленінскай і Цэнтральнай у Стоўбцах. На гэта спатрэбяцца прыкладна 800 тысяч і 500 тысяч рублёў адпаведна.

Магістраль з дыяметрам трубы 300–400 мм, пралягае па зялёнай зоне і тратуарных дарожках і мае 100-працэнтную зношанасць.

Ацэньваючы ўсе названыя характарыстыкі, Генадзь Доўнар выказвае ўпэўненасць: «Калі мы зробім замену, гэта будзе сапраўдным прарывам у надзейнасці водазабеспячэння горада».

Пакуль 2 км з дзевяці

Сёлета на Стаўбцоўшчыне перакладзена 2 км састарэлых сетак водазабеспячэння з дзевяці, што запланаваны.

На слыху Дразды, дзе здараюцца частыя парывы і ўвогуле пытанне стаіць надзвычай востра. Калі са станцыяй абезжалезвання там справы рухаюцца («Будынак станцыі гатовы, чакаем абсталяванне», – кажа Генадзь Доўнар), то з сеткамі пакуль няма канчатковага рашэння. Галоўнае – як у Драздах арганізаваць аб’езд на перыяд рамонтных работ і хто будзе аднаўляць пасля іх асфальтнае пакрыццё?

У Кулі са станцыяй абезжалезвання такая ж абстаноўка, як і ў Драздах, – чакаецца прыбыццё абсталявання, у Шашках прыступілі да будаўніцтва станцыі, у Рубяжэвічах ажыццяўляецца выраб праектна-каштарыснай дакументацыі.

Бліц

Мы пацікавіліся ў жыхаркі Вішняўца Ніны Гурыновіч якасцю вады пасля замены састарэлых трубаў:

– Якасць вады намнога палепшылася, але пакуль мы яе не п’ём і не рыхтуем на ёй ежу. Здаецца, усё прамылі, прачысцілі, памянялі індывідуальныя ўводы, але жалеза ў вадзе ўсё роўна прысутнічае. Санітарная служба ўзяла пробы на даследаванне.

Яшчэ нас турбуе праблема добраўпарадкавання вуліцы. Пасля раскопак гліна аказалася наверсе, і, калі ідуць дажджы, усё навокал раскісае. Неабходна падсыпаць вуліцу гравіем ці асфальтагранулятам.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *