Восень ідзе, камунальнікі – следам

Важное Добраўпарадкаванне

image_pdfimage_print

Першыя асеннія замаразкі, лістападЗ граблямі, мяцёлкамі і рыдлёўкамі выйшлі на вуліцы і плошчы горада работнікі Стаўбцоўскага АКС.

На вуліцы Ленінскай у Стоўбцах працуюць Іна Дайлідава і Марыя Вішнеўская

Іх стракатыя камізэлькі бачныя на вуліцы Ленінскай здалёку. Брыгадзір Валянціна Лосік заўважае, што ўборкай лісця ў горадзе камунальнікі займаюцца з пачатку кастрычніка. Лісця шмат, і яно яшчэ не ўсё апала з дрэў, таму работы хопіць і на бліжэйшыя тыдні.

Рабочыя Іна Дайлідава, Марыя Вішнеўская, Яўген Бакач і Сяргей Яўсюк працуюць дружна, з настроем. Бачым, як жанчыны награбаюць ля бардзюраў ярка-жоўтыя кучкі, а мужчыны загружаюць іх у коўш смеццявоза. З каўша лісце перамяшчаецца ў кузаў.

За пультам маніпулятара вадзіцель Мар’ян Бычкоўскі. Ён тлумачыць: «Машына з задняй загрузкай. Можна вывезці адразу 7,5 м3 лісця».

Гэты вадзіцель шчыруе ў Стаўбцоўскім АКС ужо 16 гадоў, і яго фота не раз было на старонках раённай газеты. Пра сваю работу ён кажа не без гумару. Маўляў, пазбаўляю стаўбчан ад цвёрдых бытавых адходаў і ўсяго непатрэбнага.

З вуліцы Ленінскай брыгада камунальнікаў накіроўваецца на вуліцу Энгельса. Там трэба прыбраць лісце ў дварах шматпавярховых дамоў.

Майстар участка добраўпарадкавання Алена Фінагенава ўдакладняе на гэты конт: «Работа прывычная. Працуем па ўсім горадзе. Не забываем і пра ўборку тэрыторыі свайго прадпрыемства. Нашы кветкаводы ачысцілі клумбы на вуліцах Багінскага і Цэнтральнай, плошчы Леніна».

Камунальнікі адсочваюць сітуацыю на вуліцах горада і, акрамя таго, вывозяць услед кучкі з лісцем, якія нагрэблі людзі побач са сваімі прыватнымі сядзібамі.

І гэта – стымул не стаяць убаку і кожнаму з нас своечасова наводзіць вакол сябе парадак.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ,  фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *