Віктар Пярхальскі – высакакласны спецыяліст у сваёй сферы

Важное Медыцына

image_pdfimage_print

Працоўны тыдзень ва УАЗ «Стаўбцоўская ЦРБ» пачаўся з урачыстасціКалектыў віншаваў свайго калегузагадчыка аддзялення функцыянальнай дыягностыкі Віктара Пярхальскагаз 60-годдзем.

З нагоды юбілея намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Людміла Някрылава ўручыла яму грамату ад адміністрацыі бальніцы. Старшыня прафкама Святлана Высоцкая перадала падарункі ад прафсаюзнага камітэта.

Віктар Станіслававіч у гэтым годзе быў узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнiк аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь». Ён трывала асеў на Стаўбцоўшчыне, пусціў карані. Сам родам з Віцебскай вобласці. Скончыў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут па спецыяльнасці «Лячэбная справа». Інтэрнатуру праходзіў у Мінскай абласной клінічнай бальніцы ў Бараўлянах. Затым на працягу васьмі гадоў працаваў на пасадзе галоўнага ўрача Фрунзенскай участковай бальніцы Дзяржынскага раённага тэрытарыяльнага медыцынскага аб’яднання.

У Стаўбцоўскую раённую бальніцу перайшоў у 1993 годзе ўрачом функцыянальнай дыягностыкі. Працаваў на розных пасадах, у тым ліку і галоўным урачом бальніцы.

«Урач функцыянальнай дыягностыкі – запатрабаваны спецыяліст, асабліва апошнім часам, калі назіраецца прагрэсіраванне сардэчна-сасудзістых захворванняў, якія з’яўляюцца асноўнай прычынай смерці ва ўсім свеце. Аддзяленне функцыянальнай дыягностыкі займаецца выяўленнем такіх захворванняў, іх фактараў рызыкі», – адзначае медык і дадае, што база аддзялення аснашчана ўсім неабходным.

Віктар Пярхальскі прысвяціў медыцыне ўсё жыццё. Ён функцыянальны дыягност, эндаскапіст, урач ультрагукавога даследавання. Знайшоў сябе і ў альтэрнатыўнай медыцыне: прайшоў курсы і ўжо трэці год практыкуе мануальную тэрапію, рэфлексатэрапію. Ён не толькі высакакласны спецыяліст, але і псіхолаг – умее знайсці падыход да пацыента, падтрымаць яго.

На пытанне, што хацеў бы змяніць у працы, расказвае, што яму не падабаецца безадказнае стаўленне пацыентаў да свайго здароўя. «Не трэба даводзіць арганізм да такога становішча, калі неабходна ўмяшальніцтва медыкаў. Заўсёды лягчэй папярэдзіць захворванне, чым яго лячыць», – упэўнены ўрач. Сам стараецца прытрымлівацца здаровага ладу жыцця, падкрэслівае, што галоўнае – умеранасць ва ўсім, уменне знаходзіць баланс.

Віктар Станіслававіч – чалавек рознабаковы, натура творчая. У Стоўбцах пабудаваў дом, у які ўклаў шмат сіл і часу, але вынікам задаволены – расказвае, як добра мець уласны двор, дзе ты сам сабе гаспадар. Трымае пчол, любіць паляванне.

Поруч заўсёды жонка Ірына Міхайлаўна. Яны вучыліся ў адной групе медінстытута і цяпер працуюць разам. Ірына Міхайлаўна – загадчыца аддзялення трансфузіялогіі. Сям’я вырасціла сына і дачку, ёсць унук Яраслаў. «Сэнс майго жыцця – у прадаўжэнні роду, таму ўнучак – наша самая вялікая радасць і гордасць», – дзеліцца Віктар Станіслававіч.

Наш раён ганарыцца ўрачамі, адданымі сваёй працы, з гарачым сэрцам і з творчым падыходам да справы.

Анастасія НОВІК. Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *