Падчас месячніка

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

ЯК РУПІЦЦА СЕКТАР ПРЫВАТНЫ

Працягваецца маніторынг санітарнага стану прыватнага сектара ў горадзе. На гэты раз працавала камісія ў складзе памочніка ўрача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Валянціны Рослік, галоўнага спецыяліста землеўпарадкавальнай службы Таццяны Лойка і ўчастковага інспектара міліцыі Дзмітрыя Дарашчука. Былі наведаны наступныя вуліцы: Набярэжная, Піянерская, Урыцкага, Маякоўскага і Валадарскага.    

Мяркуючы па назвах, гэта адзін са старэйшых мікрараёнаў індывідуальнай жылой забудовы ў нашым горадзе, які найбліжэй суседнічае з ракой Нёман, і ў якім, дзякуючы яго жыхарам, падтрымліваецца  ў дварах, вакол сядзіб калі не ідэальны, то дастаткова ўзорны парадак. Аптымальнае спалучэнне там, дзе акуратны фасад дома, такая ж дагледжаная агароджа вакол яго, у пару падкошаныя газоны, прывабныя кветкі… Цяпер, між іншым, і яблыкі могуць быць у кветках – пара ж восеньская.

Аднак камісіі прыйшлося назіраць і адваротны бок пары восеньскіх  дамашніх нарыхтовак. На пустыр па вуліцы Набярэжнай нехта скінуў кучы яблыкаў, якія гніюць, адходы пасля выціскання соку і іншае. Насупраць гэтай стыхійна створанай  звалкі знаходзяцца дамы нумар 15, 17 і 19. У першую чаргу трэба ў іх запытацца: хто з вас нашкодзіў?.. А лепш за ўсё, каб не шукаць потым вінаватых, усім жыхарам вуліцы Набярэжнай узяць за правіла: не выносіць смецце з двара ды агарода на нейтральную тэрыторыю.

Увогуле па вуліцы Набярэжнай  вольны, незабудаваны другі бок некаторыя жыльцы асвоіліся прыстасоўваць  пад свае патрэбы. Так, насупраць дома № 13 абсталявана эстакада для рамонту машын, за што домаўладальніку дадзена папярэджанне. Ля дамоў №№ 46 і 48 па гэтай жа вуліцы – «пейзаж» з кучы галля і знесеных адходаў з агарода. Куча смецця і хламу ўзвышаецца каля плоту дома № 19. Насупраць  дома № 28-а па  вуліцы Маякоўскага  складзіраваны старыя шыны, дошкі, шыфер. І гэта яшчэ не ўсё. І для адходаў з агароду, рознай непатрэбшчыны з двара таксама не знайшлося іншага месца, як гэта нейтральная тэрыторыя. Шмат дробнага бытавога ды будаўнічага смецця «захрасла» бліжэй да плоту гэтага дома. Няхай ускосна і можна патлумачыць гэта  рамонтам даху, што праводзіцца, але бягучы парадак усё роўна трэба падтрымліваць, не пускаць яго на самацёк да канчатковага завяршэння рамонтных работ. Насупраць дома № 28 «на прыколе» застылі чатыры нерабочыя машыны.

Тое ж самае датычыць і пакосу травы каля дамоў. Пакуль цёпла, работу гэтую неабходна праводзіць  усім жыхарам прыватных дамоў рэгулярна і своечасова, без  напамінаў і, тым больш, прадпісанняў ад санітарнай і іншых службаў (прадпісанні былі выдадзены жыхарам дамоў №№ 33, 28 па вуліцы Маякоўскага). Паўторны пакос быў неабходны на момант рэйду і побач з дамамі па Першамайскай, 46, Наднёманскай, 18 і 9. Уладальнікам дома № 17 па вуліцы Піянерскай выстаўлены цэлы «букет» заўваг: ад няскошанага пустазелля на прылеглай і ўнутранай тэрыторыях да разламанага плоту разам з зараснікамі тапінамбуру і рознага кустоўя, якое вылезла на вуліцу. Не прыбрана і куча гравію.

У раёне ракі Нёман ёсць куды запусціць касу і камунальнай службе. Маецца на ўвазе тэрыторыя дамбы і ўчастак, набліжаны да вуліцы Танкістаў (былая пляцоўка ДРБУ № 135 насупраць каналізацыйна-помпавай станцыі).

Названыя вышэй гарадскія вуліцы не абмінула і праблема пустых дамоў. На даны момант пустуе ўчастак № 9-а па вуліцы Наднёманскай, што відавочна па яго агульнай занядбанасці: бур’ян, паваленае дрэва, парадкам замшэлыя, невядома калі складзеныя бярвенні… У даным выпадку, каб хутчэй навесці парадак, неабходна паскорыць работы па пошуку яго ўладальніка.  

Гэтыя і іншыя задачы, акрэсленыя перад жыхарамі раёна, камунальнай і іншымі службамі, неабходна вырашаць у бліжэйшы час. На працягу кастрычніка праходзіць месячнік добраўпарадкавання, а таму варта не адкладваць на заўтра тое, што можна паправіць сёння.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ПАМЯТКА: ВАШ УКЛАД У ПАРАДАК

Калі мы хочам зрабіць Стаўбцоўшчыну ўтульнай для жыцця і працоўнай дзейнасці, то кожнаму з нас неабходна ўнесці свой уклад у добраўпарадкаванне роднай зямлі і працягнуць ажыццяўленне мерапрыемстваў, накіраваных на навядзенне парадку і паляпшэнне стану аб’ектаў і тэрыторый.

А для гэтага неабходна:

абкасіць і ачысціць ад смецця прысядзібныя ўчасткі, а будматэрыялы, дровы і іншыя неабходныя ў гаспадарцы рэчы складзіраваць унутры свайго ўчастка, а не на прылеглай да яго тэрыторыі;

своечасова праводзіць ачыстку водаадводных каналаў, якія праходзяць па прысядзібным участку і каля яго;

утрымліваць у чысціні і парадку, не забруджваць лесвічныя клеткі і месцы агульнага карыстання жылых дамоў, тратуары, праезджую частку, дваровыя тэрыторыі, паркі і скверы;

аказаць дапамогу суседзям –адзінокім пажылым людзям – па навядзенні парадку на іх прысядзібных участках;

надаць эстэтычны стан агароджы домаўладанняў, фасадам прыватных дамоў;

заключыць дагаворы з РУП «Стаўбцоўскае аб’яднанне камунальных службаў» на вываз камунальных бытавых адходаў, не выкідваць смецце ў неўстаноўленых месцах;

захоўваць правілы ўтрымання і выгулу дамашняй жывёлы.

Ігар КУНЦЭВІЧ, галоўны ўрач дзяржаўнай установы «Стаўбцоўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі»

 

ВЫНІКІ: ПАДОБНЫ «ВАЛ» ЗНЕВАЖАЕ ЛЕС

На Стаўбцоўшчыне каля 400 чалавек прынялі ўдзел у добраахвотнай акцыі «Чысты лес». Сярод іх – работнікі лясгаса і школьнікі, прадстаўнікі аднаго з самых буйных прадпрыемстваў раёна – філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, асобныя садовыя таварыствы, мясцовае насельніцтва.

– Папрацавалі плённа. За дзень акцыі  прыбрана 15 аб’ектаў, размешчаных у кожным лясніцтве, вакол горада і філіялаў музея Якуба Коласа, музея-сядзібы «Дзяржынава», помніка ахвярам Халакосту і інш. Сабрана і вывезена на палігон тэхнікай лясгаса 18 м3 адходаў, – падсумоўвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Стаўбцоўскага доследнага лясгаса Аляксандр Шарапа. – Група з двух дзясяткаў нашых добраахвотнікаў папрацавала за межамі раёна – прыняла ўдзел у добраўпарадкаванні прыдарожнай аўтамабільнай і чыгуначнай палос ад Мінска да Нацыянальнага аэрапорта.

На тэрыторыі раёна пераважная большасць аб’ёмаў работ таксама была звязана з ўборкай прыдарожных палос ад бытавога смецця. Сапраўдны «вал» яго назіраўся ў наваколлі мікрараёна Акінчыцы. Пакеты са смеццем, нібы тыя грыбы, выглядалі адусюль – з моху, з-пад кустоў і дрэў. І асабліва бруднымі аказаліся паляны ў раёне так званых з’ездаў у лес. Гэтай восеньскай парой гаспадараць на іх, як правіла, грыбнікі. Лес адорвае іх грыбамі, а яны яго – смеццем ды  знявагай, калі кідаюць не толькі цукерачныя абгорткі, а і, прабачце, памперсы, іншыя прадметы гігіены. Крыўдна за такіх аматараў дароў лесу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *