У маладых усё новае

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

Ігар і Вольга Шчолакавы Новы год упершыню сустрэлі ўдваіх ва ўласнай двухпакаёвай кватэры з усімі выгодамі, якую маладым спецыялістам выдзеліла кіраўніцтва ААТ «Вялікі Двор».
– Бацькі дапамаглі нам абжыцца, мы купілі мэблю і паціху працягваем далей добраўпарадкоўвацца, – сказала Вольга. – У кватэры праведзены газ, ёсць гарачая вада. Усё як у горадзе, з той толькі розніцай, што камунальная плата налічваецца меншая. А яшчэ ў нас каля дома і кавалачак зямлі ёсць.
n3
Мінулы год для Вольгі адметны некалькімі добрымі падзеямі. У лютым яна выйшла замуж. Адзначыла свой другі ў жыцці круглы юбілей. Скончыла Мінскі дзяржаўны каледж сувязі і прыступіла да работы. У таварыстве працуе памочнікам дыспетчара. Работа не надта складаная, але адказная. Ігар жа прыехаў па размеркаванні год назад і займае пасаду загадчыка рамонтных майстэрань. Ён скончыў Мар’інагорскі дзяржаўны аграрны каледж. Спецыяліст не толькі дае заданні сваім падначаленым, а і сам дапамагае рамантаваць тэхніку. Адным словам – не ганарысты, бруднай работы не цураецца. Добрыя веды набыў у навучальнай установе і прымяняе іх на практыцы. Кіраўніцтва таварыства лічыць, што са спецыялістам пашанцавала. І Вольга паказала сябе з самага лепшага боку. Набіраецца вопыту дастойная змена старэйшаму пакаленню.
Гаспадарка, у якой працуюць маладыя спецыялісты, адна з лепшых у раёне. Задавальняюць Шчолакавых не толькі жыллёвыя ўмовы, а і заработная плата. Вольга падкрэсліла, што для дваіх грошай на жыццё цалкам дастаткова. У вёсцы жыць не сумна, бо нямала ў таварыстве працуе такіх жа, як і яны, маладых спецыялістаў, якія сталі для іх сябрамі. Нярэдка разам праводзяць свабодны час.
– Зразумела, выхадных практычна няма, асабліва падчас напружаных палявых кампаній, але сам выбраў такую прафесію і не шкадую, – разважае Віктар. – Бо праца на зямлі здавён пачэсная. Добра гэта ведаю, хоць нарадзіўся і вырас у горадзе.
Віктар і Вольга добразычлівыя і спакойныя па характары. І ўсе ведаюць, што з імі можна мець справу. Абое з суседняга Дзяржынска. Разам бавілі час у кампаніі равеснікаў, дзе і пазнаёміліся. Сяброўства перарасло ў каханне. У маладых наперадзе ўсё жыццё. І шмат задум. Няхай яны збудуцца.
Надзея БАТАЛКА
Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *