Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат ажыццявіў першую адгрузку сваёй прадукцыі ў Кітай

Главное Эканомiка

image_pdfimage_print

Такім чынам прадпрыемства, якое з’яўляецца для Стоўбцаў горадаўтваральным, пашырае геаграфію і патэнцыял экспартных паставак.

«У гэтым годзе намі праведзена вялікая работа па заваяванні рынкаў Кітая. Гэта рынак будучага. Атрымалі сертыфікат, хоць было няпроста», – падзялілася дырэктар Рамуальда Бурдукевіч.

Дырэктар Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната Рамуальда Бурдукевіч

– Рамуальда Браніславаўна, як завязваліся сувязі з Кітаем?

– Кітайскія патрабаванні вельмі высокія. Нашы спецыялісты наведалі там шмат выставак, каб уяўляць, над чым неабходна працаваць. Першая адгрузка – гэта 120 тон мяса-коснага паўфабрыкату, упакаванага ў два-тры слаі. Кожны слой апрацоўваем антысептыкам ад каранавіруса. Пакупнік задаволены.

– Рэакцыя станоўчая. За першай адгрузкай пойдуць і іншыя? 

– Планы, якія мы абмяркоўваем адносна Кітая, – гэта выхад да канца года на штомесячныя пастаўкі ў 200 тон мяснога паўфабрыкату.

– Магутнасці камбіната дазволяць ажыццявіць гэтыя планы?

– Магутнасці загружаны поўнасцю. Прыйшлося набыць дадатковае абсталяванне – рэфрыжэратарны марскі кантэйнер. У кастрычніку плануем купіць новую шокавую замарозку. Такім чынам дасягнем большай абарачальнасці.

– Камбінат працягвае працаваць і са сваімі пастаяннымі экспартнымі партнёрамі?

Вядучы бактэрыёлаг Ганна Біцюк дэманструе аснашчэнне вытворчай лабараторыі, якое дазваляе праводзіць неабходныя даследаванні на сучасным узроўні

– Так. Геаграфія – больш за дзесяць краін, і самыя буйныя – Расійская Федэрацыя, Казахстан і ўжо Кітай, які займае 30 працэнтаў у структуры  экспарту.

– Якія фінансавыя вынікі па экспарце? Што прапануеце на айчынны рынак?

– За восем месяцаў бягучага года зарабілі 4 мільёны 700 тысяч долараў ЗША. Выраслі адносна леташняга ўзроўню ў два разы. Укараняем новыя віды прадукцыі. Дарэчы, кансервы з флякамі і рубцом ялавічным выпускаем у рэспубліцы толькі мы.

У Беларусі шмат вытворцаў мясной прадукцыі, таму без высокай якасці, пастаяннай навізны на рынку няма чаго рабіць. Трэба заваёўваць і гандлёвыя сеткі, і пакупнікоў. На камбінаце створана сучасная лабараторыя.

Што з будаўніцтвам новага цэха?

– Камбінат шмат укладвае ў развіццё вытворчасці, але самы ёмісты на інвестыцыі праект звязаны з будаўніцтвам цэха па забою жывёлы па тэхналогіі халяль. Грошы, якія зарабляем, акумулюем на новы цэх. Тэндары праведзены. Аўстрыйская лінія каштуе больш за 3,5 мільёна еўра. Чакаем дакументацыю ад праектнай арганізацыі і вясной 2022 года спадзяёмся пачаць будаўніцтва.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *