Урок набіраў хуткасць

Кантроль, бяспека Нумары

image_pdfimage_print

Шырока разрэкламаваны аўтобус-трэнажор «Школа дарожнай бяспекі», які прыбыў на Міншчыну з Расіі і  ўяўляе сабою паўнацэнны вучэбны клас «на колах» ад сусветна вядомай кампаніі HYUNDAI, школьнікі раёна чакалі з нецярпеннем. І, трэба сказаць, імправізаваная «паездка» ў такім аўтобусе з 3D-апаратурай сапраўды не падманула спадзяванні рабят.

Аўтобус-трэнажор пад’ехаў на плошчу Леніна  і… заваражыў сваім кідкім выглядам. На ўсіх чатырох баках – распісаны карцінамі, якія адбываюцца з намі на дарозе, а на месцы ўяўных святлафораў мільгалі сапраўдныя лямпачкі. Асаблівая роля была ў юных інспектараў дарожнага руху, якія з прыбыццём аўтобуса занялі свой адказны і ганаровы пост – ля ўваходу. Перш чым запрасіць у салон «пасажыраў», прайшла невялікая лінейка.

– Трэці дзень мы ездзім па Мінскай вобласці ў рамках маштабнай прафілактычнай акцыі «Дзіця – галоўны пасажыр!», і гэта не проста так, – падкрэсліў начальнік аддзела прафілактыкі і прапаганды УДАІ Упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама Алег Цюрын. – Праблема дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам дзяцей закранула нас вельмі сур’ёзна: за дзевяць месяцаў бягучага года на дарогах Мінскай вобласці загінулі восем дзяцей, у тым ліку палова – падчас знаходжання ў транспартных сродках у якасці пасажыраў. Гэтыя дзеці ехалі без аўтакрэслаў або будучы не прышпіленымі рамянямі бяспекі. 

І вось – кароткі інструктаж, за якім – прышпільванне рамянямі бяспекі, нібыта ў сапраўднай паездцы. Першымі занялі месцы ў аўтобусе-трэнажоры самыя маленькія вучні –  група з 23-х другакласнікаў-трэцякласнікаў школ раёна. Для іх урок па бяспецы дарожнага руху імкліва набіраў хуткасць.

У гэты час іншыя школьнікі таксама не марнавалі час. Разбіўшыся на асобныя групы, яны па чарзе знаёміліся са стэндам «Служба ДАІ», міліцэйскім аўтамабілем  і спрабавалі свае сілы ва ўменні кіраваць веласіпедам, пераадольваць на гэтым відзе транспарту паласу перашкод. Жадаючыя, якія выязджалі на спецыяльна створаную паласу, апраналі на сябе неабходную экіпіроўку, у тым ліку і святлоадбівальную камізэльку. За дакладнасцю манеўраў сачыў начальнік аддзела ДАІ райаддзела міліцыі Дзмітрый Воранаў, які пракаменціраваў: «Дзеці вучацца рухацца на веласіпедзе, а мы заахвочваем іх за гэта флікерамі».

Флікер у гэтую асеннюю пару – бадай, першая рэч, якая павінна быць замацавана на вопратцы, школьным партфелі, каб з нашымі дзецьмі нічога не здарылася.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

АКЦЫЯ: БЕРАЖЫЦЕ СЯБЕ!

На тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна з 1 па 31 кастрычніка 2014 года праводзіцца рэспубліканская пажарна-прафілактычная акцыя па папярэджанні пажараў і гібелі людзей на іх у жылым фондзе ў асенне-зімовы перыяд.

Асноўнай мэтай данай акцыі з’яўляюцца: зніжэнне колькасці пажараў, якія адбываюцца па прычыне невыканання грамадзянамі правіл пажарнай бяспекі ў жылых будынках, павышэнне інфармаванасці насельніцтва аб магчымасцях дзяржаўных арганізацый па аказанні паслуг па забеспячэнні іх бяспекі, замацаванне правапарадку, папярэджанне правапарушэнняў, якія ўчыняюцца грамадзянамі ў стане алкагольнага ап’янення.

Стаўбцоўскі РАУС інфармуе аб недапушчэнні пакідання дзяцей без нагляду і аб адказнасці бацькоў за тое, што пакінулі дзяцей у небяспецы (арт. 159 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь), і цягне адказнасць у выглядзе арышту ці абмежаванне волі на тэрмін да двух гадоў. Супрацоўнікі РАУС звяртаюцца з просьбай   інфармаваць па тэл. 5-14-88, 5-32-76 ці 102  аб грамадзянах, якія злоўжываюць алкагольнымі напіткамі, выкарыстоўваюць сваё жыллё для распівання алкагольных напояў, аб жылых памяшканнях, якія не адпавядаюць правілам супрацьпажарнай бяспекі і т. п.

Ананімнасць і ўзнагароджанне гарантуюцца

 

ПАСЯДЖЭННЕ КАМІСІІ: З ПАТРАБАВАННЕМ ПОЎНАЙ ГАТОЎНАСЦІ

Пытанні бяспекі жыхароў раёна былі разгледжаны на пасяджэнні камісіі па надзвычайных сітуацыях з запрашэннем кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый.

Першачарговасць была нададзена падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона і папярэджвання аварыйных сітуацый. Асаблівая ўвага пры гэтым была звернута на тыя аб’екты, якія эксплуатуюцца больш за 40 гадоў і пад іх дахам знаходзяцца людзі. Кіраўнікам арганізацый, на балансе якіх знаходзяцца энергакрыніцы і цеплатрасы, была пастаўлена задача выканання графікаў падрыхтоўкі кацельняў да ацяпляльнага сезона, стварэння адпаведных матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў для ліквідацыі аварый. Арганізацыям пастаўлена задача стварыць запас цвёрдага паліва аб’ёмам не менш за 200 тон. Распрацаваны графік дзяжурстваў інжынерна-тэхнічнага персаналу і вадзіцеляў для тэрміновага рэагавання на выпадак узнікнення аварыйных сітуацый, звязаных з цепла-, вода-, энерга-, газазабеспячэннем жылых і вытворчых аб’ектаў у ацяпляльны перыяд.

Было разгледжана пытанне стварэння ў цэнтральнай раённай бальніцы запасу прэпаратаў стабільнага ёду ў адпаведнасці з пастановай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь для правядзення ёднай прафілактыкі насельніцтва на выпадак узнікнення радыяцыйнай аварыі на ядзерных аб’ектах іншых дзяржаў. Для гэтага прадугледжана выдзяленне бюджэтных грашовых сродкаў.

У раёне застаецца нядобранадзейнай абстаноўка з шаленствам. З пачатку года зарэгістраваны чатыры лабараторна пацверджаныя выпадкі шаленства жывёлы. Па антырабічную дапамогу звярнуліся 102 чалавекі, у ліку іх 33 дзіцяці. 60 працэнтаў пацыентаў пацярпелі ад сабак. Асаблівыя акцэнты ведамствам  зроблены на выкананні санітарных і ветэрынарных правілаў. Вялікае значэнне ў сістэме прафілактычных мерапрыемстваў мае імунізацыя дамашняй жывёлы. Ветэрынарная служба раёна дала справаздачу аб тым, што спецыялістамі праведзена вакцынацыя супраць шаленства 3099 сабак, 3004 катоў, гэта складае палову ад зарэгістраваных дамашніх жывёлін. Указвалася, што ў многіх выпадках парушаюцца правілы ўтрымання дамашніх сабак і катоў. Па-ранейшаму не вырашана праблема бадзяжных жывёлін.  Камунальная служба горада азадачана актывізаваць адлоў бадзяжных сабак на тэрыторыі горада і сельсаветаў з прапановай аднавіць работу спецыялізаванай брыгады. Стаўбцоўскаму доследнаму лясгасу прапанавана правесці імунізацыю супраць шаленства працаўнікоў, якія маюць рызыку заражэння гэтай інфекцыяй ад дзікіх жывёлін.

У кантэксце было разгледжана пытанне абароны насельніцтва ад інфекцый, якія ўяўляюць сабою надзвычайную сітуацыю для грамадства. У шэрагу краін працягвае заставацца нядобранадзейнай сітуацыя з ліхарадкай Эбала. Па інфармацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя агульная колькасць пацярпелых перасягае тры тысячы чалавек. Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь працягвае весці мэтанакіраваную работу па недапушчэнні завозу гэтай небяспечнай інфекцыі на тэрыторыю нашай краіны, сітуацыя знаходзіцца на строгім кантролі. У сувязі з гэтым ёсць план мерапрыемстваў па санітарнай абароне тэрыторыі нашага раёна ад заносу і распаўсюджвання захворванняў, якія працягваюць рэгістравацца ў многіх краінах. З гэтай мэтай праводзіцца падрыхтоўка медыцынскіх работнікаў, супрацоўнікаў аддзела падарожжаў аўтапарка № 17, гасцінічнага сэрвісу, РАУС, камунальнай гаспадаркі.

У раёне праводзіцца пастаянны маніторынг аператыўнай абстаноўкі па надзвычайных сітуацыях.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *