У Стаўбцоўскім раённым цэнтры культуры працуе выстава, прысвечаная Якубу Коласу

Важное Культура

image_pdfimage_print

Да 139-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа ў Стаўбцоўскім раённым цэнтры культуры адкрылася перасоўная экспазіцыя «Туды, на захад! (Абаянь – Мінск)».

Выстаўка прысвечана 100-годдзю вяртання песняра ў БССР з Курскай губерні і будзе дзейнічаць да 3 лістапада.

Экспазіцыя складзена з матэрыялаў фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і выстаўлялася ў музеі ў маі гэтага года. Таксама з ёй можна было пазнаёміцца ў музеі гісторыі горада Мінска, на Дні беларускага пісьменства ў Капылі. Выстаўка складаецца са звестак аб настаўніцкай працы пісьменніка на Куршчыне, дзе ён знаходзіўся з сям’ёй падчас Першай сусветнай вайны, а таксама аб яго навуковай і педагагічнай дзейнасці пасля вяртання на Радзіму. Цікавымі для экскурсантаў будуць рукапісы, фотаздымкі рэчаў пісьменніка, выданняў розных гадоў, успаміны сучаснікаў.

Выстаўка выканана ў фармаце стэндаў. Дапаўняюць яе рэчы побыту таго часу, а таксама вырабы з дрэва паводле твораў Якуба Коласа, прывезеныя з цэнтра народнай творчасці ДУ «Стаўбцоўскі раённы цэнтр культуры».

На адкрыцці экспазіцыі выступілі выконваючая абавязкі начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Жыбуль, загадчык філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа «Мікалаеўшчына» Яўген Шавель, які падкрэсліў, што ў філіяле ідзе падрыхтоўка да 139-годдзя з дня нараджэння паэта. Да прыкладу, праводзяцца літаратурныя гасцёўні, удзел у якіх прымаюць вучні і настаўнікі.

У Стоўбцах вядзецца работа па стварэнні помніка Якубу Коласу, і гэта сведчанне ўдзячнасці нашаму знакамітаму земляку.

Анастасія НОВІК

Фота Наталлі КЛЫГАЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *