Вакальны дуэт «Пяшчота» Вішнявецкага дома культуры рыхтуецца да свайго 20-годдзя

Важное Культура

image_pdfimage_print
Дуэт «Пяшчота» выступае на канцэрце да Дня народнага адзінства ў раённым цэнтры культуры

Пасля знаёмства з Тамарай Хватавай і Вольгай Станкевіч, іх жыццёвым шляхам разумееш, што сустрэча жанчын была наканавана. Абедзве працавалі ў сферах, далёкіх ад мастацтва. Але бязмежная любоў да музыкі прывяла іх на сцэну.

Тамара Серафімаўна была тэхнолагам на мясакамбінаце. «Колькі сябе памятаю, я заўсёды спяваю. Думала звязаць жыццё з музыкай, але бацька хацеў, каб я выбрала больш практычную прафесію», – успамінае жанчына.

Тамара Хватава родам з Гродзенскай вобласці. Жыццёвыя абставіны вымусілі яе пераехаць у Стаўбцоўскі раён, у вёску Мархачоўшчына, дзе яна жыве ўжо каля 40 гадоў. Стала загадчыцай сельскага клуба, завочна скончыла ўніверсітэт культуры і мастацтваў у Мінску.

Яе напарніца і калега Вольга Станкевіч раней таксама працавала ў сферы, далёкай ад культуры. Але гэта не перашкаджала ёй дарыць людзям свой вакальны талент. Яе заўважылі і прапанавалі ёй працу ў клубе. З таго часу стварыўся адметны дуэт, якому ўжо 20 гадоў. Вольга Станкевіч завочна закончыла Мінскі каледж мастацтваў, цяпер працуе педагогам тэатральнага аддзялення ў філіяле Старасвержанскай дзіцячай школы мастацтваў у Вішняўцы.

Тамара Хватава – загадчыца Вішнявецкага дома культуры, мастацкі кіраўнік «Пяшчоты». Дуэт выконвае аўтарскія і народныя песні на рускай, беларускай, украінскай мовах. «Шукаем так званыя няспетыя песні, якія мала хто ведае. Галоўнае, каб яны краналі стрункі душы слухача», – дзеліцца Тамара Серафімаўна.

Удзельніцы дуэта прызнаюцца, што песня дапамагае ім па жыцці. «Мы з Вольгай за шмат гадоў сумеснай працы навучыліся тонка адчуваць адна адну. Да таго ж, нашы тэмбры зліваюцца, што сустракаецца вельмі рэдка», – працягвае Тамара Хватава.

Дуэт неаднойчы выступаў у Расіі, Польшчы, ва Украіне. «Усюды нас горача сустракаюць, выступаем, так скажам, «на дэсерт». Маем шмат дыпломаў і ўзнагарод, знаходзім прыхільнікаў у інтэрнэт-прасторы», – удакладняе жанчына.

Спявачкі з задавальненнем выязджаюць у аддаленыя вёскі. «Падтрымліваем сельскіх працаўнікоў, дорым ім добры настрой», – адзначае Тамара Серафімаўна.

Тамара Хватава і Вольга Станкевіч з’яўляюцца ўдзельніцамі народнага тэатра «Гавязнянка» і вакальнага гурта «Раніца», якія працуюць у Вішнявецкім доме культуры.

Дуэт «Пяшчота» сагравае слухачоў мілагучнай, душэўнай песняй і жаноцкай абаяльнасцю.

Анастасія НОВІК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *