Часцінкі залатога фонду краіны

Нумары Соцыум

Увесь мінулы тыдзень жанчыны былі ў цэнтры асаблівай увагі. Іх ушаноўвалі, уручалі ім узнагароды і падарункі, гаварылі словы ўдзячнасці. Адной з самых значных падзей у праграме святочнага Тыдня маці стаў урачысты прыём у райвыканкаме жанчын, узнагароджаных ордэнам Маці.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў звярнуўся да жанчын з прывітальным словам. Юрый Мікалаевіч адзначыў, што Дзень маці – гэта не толькі даніна глыбокай павагі жанчынам і любові да іх. Гэта прызнанне на дзяржаўным узроўні найважнейшай іх ролі ў развіцці грамадства, пацвярджэнне таго, што сям’я, мацярынства з’яўляюцца прыярытэтамі сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы.

У нашай краіне робіцца ўсё для таго, каб жанчыны змаглі ўвасобіць сваё высокае прызначэнне – вырасціць і выхаваць здаровых і шчаслівых дзяцей. І роля гэтага дзяржаўнага свята – Дня маці – вялікая і важная. Гэтае свята садзейнічае ўмацаванню традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, маральных устояў, устанаўленню больш душэўнай, адкрытай, сардэчнай сувязі паміж дзецьмі і маці. Духоўна-маральнае адраджэнне грамадства неабходна для паўнацэннага развіцця дзяржавы. І гэта магчыма толькі пры наяўнасці правільных жыццёвых арыенціраў у сем’ях. Менавіта маці прымаюць на сябе вялікі клопат па выхаванні і фарміраванні ў душы дзіцяці тых якасцяў, на якіх будуецца яго лёс, яго жыццёвыя арыенціры, а па вялікім рахунку – усё добрае і святое на зямлі.  Юрый Горлаў выказаў жанчынам словы прызнання і вялікай удзячнасці за іх мацярынскі подзвіг, за выхаванне для грамадства  дзяцей і выказаў  добрыя пажаданні. Юрый Мікалаевіч знайшоў час расказаць жанчынам аб тым, на якія прыярытэты зарыентавана работа раённай улады. Жанчыны праявілі вялікі інтарэс да ўсяго, што адбываецца ў раёне, і доўга яшчэ не адпускалі Юрыя Горлава. Напрыклад, Рамуальда Сабалеўская з Рубяжэвіч падтрымала накірункі раённай улады па развіцці турыстычнага сэрвісу ўласнымі прапановамі.  Рубяжэвічы  з’яўляюцца ў  раёне цэнтрам развіцця краязнаўства, захавання духоўнай і культурнай спадчыны продкаў, у чым вялікая асабістая заслуга і самой Рамуальды Ігнатаўны.

Паўнамоцтвы ўрачыстага прыёму маці-ардэнаносцаў на далейшы працяг урачыстасці Юрый Горлаў перадаў свайму намесніку Сяргею Шэсцелю і старшыні раённага Савета народных дэпутатаў Аркадзію Казякоўскаму. Аркадзій Расціслававіч сам са шматдзетнай вясковай сям’і, дзе гадаваліся пяцёра дзяцей. Ён адразу заваяваў давер прысутных, завязалася адкрытая, нераўнадушная размова аб неабходнасці асаблівай увагі да працоўнага выхавання сучасных дзяцей, закладвання павагі да старэйшых, да спрадвечных каштоўнасцяў. Кожная з жанчын падзялілася сваім вопытам выхавання ў сям’і. Каб яны спаўна раскрыліся, пастаралася старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Наталля Лапко, якая сумела прадставіць кожную жанчыну  цёплымі словамі.

Генаефа Лукашэвіч з Дзераўной, працаўніца Стаўбцоўскага цагельнага завода, нарадзіла і выхавала шасцярых дзяцей. Пяцёра дзяцей ужо на сваім хлебе: Андрэй – укладчык цагельнага завода, Васіль і  Вячаслаў – будаўнікі ў Мінску, Галіна ў дэкрэтным адпачынку, Аляксандр –  вадзіцель аўтапарка ў сталіцы, Сяргей – вучань выпускнога класа Дзераўнянскай СШ. Род працягваецца, трое дзяцей маюць ужо свае сем’і і радуюць Генаефу Міхайлаўну нараджэннем сваіх дзяцей.

 Анжэле Віндзігульскай з Цеснавой-2, прыёмшчыцы  мясцовага комплексна-прыёмнага пункта, удзелена  асаблівая ўвага. У гэтым годзе яна была ў складзе 41 шматдзетнай маці Мінскай вобласці, каму  ўрачана высокая дзяржаўная ўзнагарода – ордэн Маці.  У Анжэлы Віндзігульскай шасцёра выдатных дзяцей. Дачка Юлія падарыла Анжэле Іванаўне ўжо ўнука. Сын Дзмітрый з’яўляецца студэнтам Санкт-Пецярбургскай ваенна-марской акадэміі імя Макарава. Ён паспяхова вучыцца  і з’яўляецца гонарам сям’і. Вераніка – студэнтка Мінскага каледжа прадпрымальніцкай дзейнасці. Дар’я – дзевяцікласніца Цясноўскай сярэдняй школы імя Ф. Э. Дзяржынскага. Яна, як і ўсе дзеці Віндзігульскіх, выдатная спартсменка і абараняе гонар школы на рознага ўзроўню спаборніцтвах. Раман і Аліна – малодшыя дзеці  ў сям’і, дашкольнікі. Анжэла Іванаўна дзякуе сваім дзецям за іх правільныя арыенціры ў жыцці, за тое, што не ствараюць маці праблем, і гэта дарагога каштуе.

Наталля Жыдкевіч са Сцяцкоў, жывёлавод ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», мае пяцярых сыноў і дачку. Усе дзеці ўжо дарослыя, працуюць, некаторыя маюць ужо свае сем’і, нараджэнне ўнукаў – вялікая радасць.

Галіна Цярэшка з Заямнага, памочнік выхавацеля дзіцячага яслі-сада № 2 г. Стоўбцы, наадварот, мае пяць дачок і аднаго сына. Дзеці ўжо працуюць, ствараюць свае сем’і. Сям’я разрастаецца, напаўняецца смехам і гоманам унукаў.

Стаўбчанка Алена Асаёнак вядомая ў  раёне сваёй актыўнай грамадскай пазіцыяй. Многа гадоў яна ўзначальвае асацыяцыю «Шматдзетная сям’я» і  робіць усё для таго, каб падняць прэстыж вялікай сям’і ў грамадстве,  умацаванне інстытута сям’і. У самой  яе два сыны Павел і Дзяніс закончылі ўжо навучальныя ўстановы і самастойна працуюць. Тры дачушкі – Ульяна, Паліна і Варвара – школьніцы. Выхоўваць дзяцей у хрысціянскіх традыцыях Алене Міхайлаўне дапамагае яе праваслаўны светапогляд.

Алена Высоцкая з вёскі Тонава мае сыноў: Анатолія, інжынера-праекціроўшчыка «Мінск-праекта», Уладзіміра – ваеннаслужачага, Антона – кіраўніка праекта завода «Беліт» г. Паставы, Паўла –  студэнта 4 курса БНТУ і дачку Вераніку, дзесяцікласніцу Рубяжэвіцкай СШ. У Рамуальды Сабалеўскай пяцёра дарослых дзяцей: дачка Рамуальда – настаўніца, як і сама Рамуальда Ігнатаўна, сын Люцыян – індывідуальны прадпрымальнік, дачка Таццяна – таксама педагог, выхавацель дзіцячага сада ў Мінску, дачка Ніна знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, сын Вадзіслаў працягвае справу бацькі Тадэвуша Люцыянавіча і працуе ў Рубяжэвіцкім доме культуры. Дарэчы, усе пяцёра дзяцей Сабалеўскіх закончылі школу мастацтваў і маюць музычную адукацыю. Рамуальда Ігнатаўна галоўным набыткам у сваёй сям’і лічыць рэлігійнае выхаванне дзяцей, што дапамагае ім будаваць моцныя сем’і і быць дастойнымі грамадзянамі сваёй краіны.

У Рамуальды Вырко з Ніўнага сын Сяргей закончыў Ваенную акадэмію, дачка Наталля працуе на цагельным заводзе, дачка Анастасія закончыла мастацкае вучылішча ў Міры, цяпер таксама працаўніца цагельнага завода, сын Антон – педагог, сын Эдуард выкладае ў Дзераўнянскай школе мастацтваў.

З Казахстана пераехала некалі жыць на Стаўбцоўшчыну Таццяна Шнайдэр і выказвае вялікую задаволенасць, што менавіта на беларускай зямлі яе дзеці Таццяна, Аксана, Канстанцін, Яўген, Дзмітрый змаглі спаўна рэалізаваць свае таленты.

Надзея Сачко з Вішняўца, аператар газавай кацельні аб’яднання камунальных службаў, таксама дзякуе Богу за сваіх   талковых пяцярых дзяцей. Сын Аляксей індывідуальны   прадпрымальнік, Надзея  працуе начальнікам аддзела на   заводзе  горнага  воску   ў г. п. Свіслач, Аляксандр – інжынер будаўнічай кампаніі ў Мінску, сын Сяргей працуе ў аўтабазе. Сын Яўген служыць у арміі, у спецвойсках асобага прызначэння. Надзея Сямёнаўна ўзяла з сабою падзячныя пісьмы камандавання вайсковай часці, узнагароды сына. Усе прысутныя пранікліся яе радасцю. Для маці няма большай узнагароды як добры прыклад жыцця сваіх дзяцей.

Заўсёды пасля такіх сустрэч, застаецца пачуццё нявыкананага абавязку перад гэтымі жанчынамі. У рэпартажным матэрыяле мы можам сказаць аб іх толькі некалькамі газетнымі радкамі. Кожная ж з іх – цэлы свет, і кожная заслугоўвае асобнага нарыса. Іх воблікі напоўнены дабрынёю, святлом і любоўю. Без перабольшвання можна сказаць, што ўсе шматдзетныя сем’і, якія былі прадстаўлены на прыёме ў райвыканкаме, гэта часцінкі залатога фонду нашай краіны.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *