Поспех транспартнікаў – у прызванні. Стаўбчаніну прысвоена званне «Ганаровы работнік ААТ «Мінаблаўтатранс» 

Важное Соцыум

image_pdfimage_print

Напярэдадні прафесійнага свята аўтамабілістаў і дарожнікаў званне «Ганаровы работнік ААТ «Мінаблаўтатранс» прысвоена вадзіцелю Аляксею Кандраціну. На Дошку гонару Мінаблаўтатранса занесены партрэт начальніка станцыі дыягностыкі аўтамабіляў Мікалая Дзявойны

Мікалай Дзявойна шчыруе ў аўтамабільным парку № 17 з 1980 года, Аляксей Кандрацін – з 1989-га. Абодва прыйшлі сюды фактычна з першых дзён сваёй працоўнай біяграфіі.

Вадзіцель аўтамабіля I класа Аляксей Кандрацін

За дзесяцігоддзі Аляксею Міхайлавічу давялося папрацаваць на розных відах тэхнікі –  аўтамабілях маркі МАЗ, у тым ліку з прычэпам, УАЗ. Цяпер ён вадзіцель легкавога аўтамабіля, возіць дырэктара.

Мікалай Міхайлавіч пачынаў інжынерам-тэхнолагам, а з 2003 года, як утварылася на базе аўтапарка № 17 станцыя дыягностыкі, з’яўляецца яе нязменным кіраўніком. На станцыі неўзабаве будзе ўстаноўлена новае камп’ютарнае абсталяванне і праграмнае забеспячэнне, што дазволіць выдаваць электронныя дыягнастычныя карты.

Начальнік станцыі дыягностыкі аўтамабіляў Мікалай Дзявойна

Кожны з гэтых транспартнікаў да драбніц разбіраецца ў тэхніцы, усёй душой хварэе за даручаную справу і імкнецца быць карысным, ісці ў нагу з часам. А гэта значыць, што яны знайшлі сваё прызванне, сябе ў прафесіі. Хіба гэта не шчасце?!

А прызнанне ў ліку лепшых транспартнікаў Міншчыны для Мікалая Дзявойны і Аляксея Кандраціна – гэта асобая гордасць за свой калектыў і аўтамабільны парк № 17. У ім сапраўды працуе шмат прафесіяналаў.

Таццяна Пяткевіч, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *