Тыдзень маці прайшоў на Стаўбцоўшчыне

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

ВАРТЫЯ ЎСІХ ДАБРОТ

З нагоды Дня маці ў кафэ “Прывал рыцара” сабраліся мамы, члены Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”. Гэтым жанчынам, на жаль, рэдка калі ўдаецца збірацца ў такім шырокім саставе.  

Зусім мала сказаць, што за святочным сталом – матулі. У пераважнай большасці гэта моцныя асобы, жанчыны-падзвіжніцы, моц сям’і, у якой гадуюцца дзеткі з асаблівасцямі развіцця. Сапраўды па-сямейнаму, па-дамашняму дазволіў ім адчуваць сябе прыгожы ўтульны інтэр’ер “прывала”. Старшыня арганізацыі Ніна Ганісеўская, акрыленая жыццёвым аптымізмам сваіх таварышак, заўважае наступнае:   

– Членамі нашай арганізацыі з’яўляюцца 32 сям’і. У кожнай – праблем больш чым дастаткова. Са сваімі дзецьмі яны няспынна займаюцца, вядуць барацьбу за іх здароўе, вывозяць на лячэнне за межы рэспублікі… Калі ў сям’і ёсць яшчэ здаровае дзіця або дзеці, неабходна і іх не абдзяліць увагай. Але большасць мамаў, акрамя таго, дзесьці працуюць, водзяць машыны… Нашы мамы вельмі любяць кветкі… Яны вартыя ўсіх даброт і кветак у свеце! Зрэшты, назвай гэтай сустрэчы – “Лепшай мамы ў свеце няма” – сказана ўсё…

Кожнай матулі быў уручаны падарунак у выглядзе касметычнага набору ад прадпрыемства “Беліта-Вітэкс” і яркія ружы, якія спансіраваў сталічны індывідуальны прадпрымальнік. З падрыхтоўкай салодкага стала дапамаглі раённы выканаўчы камітэт, мясцовыя індывідуальныя прадпрымальнікі – Святлана Лапко, Часлаў Астроўскі.

Старшыня арганізацыі Ніна Ганісеўская ад імя сем’яў ад душы дзякуе гаспадаркам раёна – “Вішнявецкі-агра”, “Аталезь-агра”, “Жацерава”, “Каганец” і “Агранёманскі”, якія на працягу многіх гадоў дапамагаюць з нарыхтоўкай на зіму гародніны – бульбы, морквы, сталовых буракоў, капусты. З яе дастаўкай дапамог індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Пяткевіч.

Віншаванні з Днём маці былі дапоўнены віншаваннямі ў гонар матулі-імянінніцы – Таццяны Баркінай з Зарэчча (яна спякла такі смачны торт, што ўсе іншыя, магазінныя, аказаліся па-за канкурэнцыяй), а таксама матулі-культработніка (свята ладзілася акурат у Дзень работнікаў культуры) Іны Ермаковіч. Іна і правяла святочную праграму ў “Прывале рыцара”. Удосталь было жартаў і пацех, як і прызоў для тых, хто браў удзел у гульнях, конкурсах. 

У гэтых матуляў нам усім ёсць чаму павучыцца.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

НАЙЛЕПШАЯ Ў СВЕЦЕ

Усе працоўныя калектывы атрымалі запрашэнне адправіць сваіх працаўніц на раённае свята, якое стала вянцом раённага Тыдня маці. Сектар аховы дзяцінства запрасіў на гэтую ўрачыстасць прыёмных маці. Усе стаўбчане, у каго дазваляў час і было жаданне, маглі прыйсці ў гэты дзень у раённы Цэнтр культуры.

З віншавальным словам да жанчын звярнуўся старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў. Работнікі культуры пастараліся падрыхтаваць выдатную святочную праграму «Няхай будзе вечным імя мама».

 

МЕРАПРЫЕМСТВЫ: І МАЙСТАР-КЛАС

Па ініцыятыве прафсаюзнага камітэта сумесна з адміністрацыяй і жансаветам на філіяле ААТ “Кіруючая кампанія холдынгу “Мінскі маторны завод” у г. Стоўбцы прайшоў свой Тыдзень маці.

У першую чаргу, для жанчын прадпрыемства была арганізавана паездка ў старажытны Полацк. Экскурсія са святлом духоўнасці – так выказваліся аб ёй падчас святочнага пасяджэння жансавета, якое прайшло акурат у Дзень Маці. Павіншаваць жанчын завода прыйшлі дырэктар Анатоль Молчан, старшыня прафкама Сяргей Сікорскі.

Удзел у пасяджэнні бралі дэлегацыі з кожнага цэха, а таксама ўдзельнікі выстаўкі “Вясёлка цудаў”, аформленай у заводскай бібліятэцы. Выстаўка атрымалася багатай на творчую выдумку – вышыўка, вязанне, макрамэ, пап’е-машэ і многае іншае, бо на што толькі не здатныя жаночыя рукі! Да прыкладу, у аўтаматна-тэрмічным цэху працуюць такія майстрыхі іголкі і прутка як Вольга Мішук і Таццяна Махнач, у транспартным цэху – Ганна Грамыка і Лідзія Бохан, у першую чаргу адметныя тым, што займаюцца квілінгам – вырабам кветак з паперы. 

Вырабы-цуды належаць не толькі заводскім работнікам, але і іх блізкім – жонкам, матулям. Да прыкладу, асабіста прадставіла ўласную калекцыю прадметаў хатняга ўжытку з пап’е-машэ Таццяна Каспяровіч, а Ніна Осіпік – вышываныя карціны (работы гэтага аўтара на заводе выстаўляюцца не ўпершыню). Галоўны бухгалтар завода Марына Лабоцкая з пачуццём гонару за сваю 74-гадовую маму прывезла яе работы – унікальныя карціны-вышыванкі.

У ходзе пасяджэння жанчыны з ахвотай дзяліліся сваімі навыкамі, вопытам  стварэння ручных шэдэўраў. Гэтыя майстар-класы суправаджалі паэтычныя радкі, цёплая сяброўская размова за кубачкам чаю.

Пасля святочнага пасяджэння жансавета бібліятэкар і арганізатар праграмы Вольга Можугава падзялілася:

– Для нашых работніц, якія праводзяць свой рабочы дзень ля станка, гэтая сустрэча стала падзеяй. Да яе рыхтаваліся, з нецярпеннем чакалі. На душы – святочны настрой. Скажу шчыра, мне таксама шкада развітвацца са святам…  Неабходна вярнуць аўтарам іх адметныя работы, а яны – вартыя музея. Думаю, з часам на заводзе з’явіцца музей творчасці нашых работнікаў.      

Пр

 

ХТО ДОРЫЦЬ ЖЫЦЦЁ

Да Дня маці ў тэрытарыяльным цэнтры адбылася сустрэча з жанчынамі з багатым жыццёвым вопытам. Сярод іх – члены клуба “Гады – не бяда”, супрацоўніцы цэнтра, а таксама наведвальнікі дзённага аддзялення знаходжання маладых інвалідаў.  

Святочную праграму расквецілі сваімі юнымі талентамі вучні Старасвержанскай школы Надзея Рыцько, Ганна Таяноўская, Марына Зубовіч, Дар’я Кухарчык пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Людмілы Вайдзілевіч, дэкламатары са Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Старасвержанскага цэнтра культуры. Перапоўненыя пачуццямі, выступілі ў адказ з песнямі і вершамі члены клуба “Гады – не бяда” Лілія Хамко і Аляксандра Бібікава.

Аб высокай місіі жанчыны гаварыў вядучы Сяргей Есіс. Цёплыя словы адрасавалі прысутным старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ірына Пярхальская і акушэр-гінеколаг цэнтральнай раённай бальніцы Вераніка Вярэмская.

Ушаноўвалі членаў клуба Ганну Галіноўскую, якая, так склалася, стала мамай  прыёмнай дачкі, а сёння, у свае 86, спаўна набыла шчасце і бабулі, і прабабулі, і Алу Мешыч, актывістку і адну з валанцёраў праекта Чырвонага Крыжа, у якой мацярынскія пачуцці не абмежаваліся толькі роднай дачкой, а перанесліся і на прыёмную дачушку, ужо школьніцу.

Дзякуючы праекту Чырвонага Крыжа, а таксама райвыканкаму, удзельніцы свята атрымалі прадуктовыя падарункі. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *