Вакцынацыя – галоўная тэма ў медыяпрасторы. У Мінску абмеркавалі працу СМІ

Важное Медыцына

image_pdfimage_print
Фота носіць ілюстрацыйны характар

Гэтымі днямі ў прэс-цэнтры РУП «Дом прэсы» адбыўся вебінар «СМІ супраць COVID-19», арганізаваны Міністэрствам інфармацыі сумесна з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Сустрэча праходзіла ў рэжыме анлайн з удзелам тэхнічнага спецыяліста аддзела вакцынакіруемых захворванняў і імунізацыі Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Людмілы Мосінай. Вебінар сабраў каля 200 прадстаўнікоў СМІ і прэс-сакратароў ведамстваў з усёй краіны. Далучылася і рэдакцыя газеты «Прамень».

Сустрэчу адкрыў намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч. Ён адзначыў: «У інфармацыйным плане пандэмія каранавіруса – гэта, бадай, першая з’ява, калі праблемы, звязаныя з распаўсюджваннем віруса, асвятляюцца ўсімі сусветнымі медыя ў рэжыме анлайн. Беларусь не выключэнне. Гэтыя матэрыялы заўсёды выклікалі і выклікаюць у аўдыторыі жывую цікавасць. Важна, каб яны былі праўдзівымі».

«Як паказваюць аб’ектыўныя даныя, чацвёртая хваля каранавіруса – гэта хваля непрышчэпленых», – заўважыў Андрэй Кунцэвіч. Паводле яго слоў, менавіта вакцынацыя ў медыйным плане з’яўляецца адной з галоўных тэм сёння, якія выклікаюць мноства спрэчак аб яе неабходнасці.

Аб эфектыўнасці вакцынацыі расказала прадстаўнік Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ). Па словах тэхнічнага спецыяліста аддзела вакцынакіруемых захворванняў і імунізацыі Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Людмілы Мосінай, у краінах з высокім узроўнем вакцынацыі назіраецца нізкая смяротнасць. У якасці прыкладу спецыяліст прывяла Вялікабрытанію, у якой была вельмі высокая смяротнасць ад COVID-19 у першую і другую хвалю: «Цяпер практычна няма смяротнасці. Таксама вельмі знізілася колькасць шпіталізацый. Гэта супала з ростам колькасці вакцынацый першай і другой дозамі вакцыны».

Намеснік генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Раманія Зорына адзначыла асноўныя напрамкі работы падчас пандэміі. Гэта дастаўка на дом прадметаў першай неабходнасці, дапамога медыцынскім і сацыяльным работнікам, інфармаванне і псіхасацыяльная падтрымка, выдача прадуктовых і гігіенічных набораў, садзейнічанне вакцынацыі.

Падчас мерапрыемства ўрачы-практыкі, спецыялісты розных сфер аховы здароўя давалі адказы на актуальныя пытанні, у тым ліку аб эфектыўнасці і бяспецы вакцыны, як вакцыны фарміруюць абарону супраць COVID-19, ці патрэбна рабіць паўторныя прышчэпкі супраць каранавіруса, што такое калектыўны імунітэт і інш.

Марына КУТАС



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *