«Перавозкі пачаліся з аўтакалоны». Завіталі ў госці ў аўтамабільны парк № 17 у Стоўбцах

Главное Эканомiка

image_pdfimage_print

Сёлета сваё прафесійнае свята, Дзень аўтамабіліста і дарожніка, работнікі аўтамабільнага парка № 17 сустракаюць пад знакам 60-годдзя ўтварэння арганізацыі.

Гісторыя пачалася  ў жніўні 1961 года з утварэння ў  Стоўбцах аўтакалоны. Пазней былі розныя рэарганізацыі, і ў 1987 годзе ў выніку перайменавання аўтабазы № 24 узнік аўтамабільны парк № 17.

Сёння аўтапарк выступае філіялам ААТ «Мінаблаўтатранс», які ажыццяўляе пасажырскія і грузавыя перавозкі. Каб быць канкурэнтаздольнымі і запатрабаванымі, ідзе пастаяннае абнаўленне парку тэхнікі. У мінулым годзе ў Стоўбцах была здадзена пасля рэканструкцыі аўтастанцыя, што дазволіла стварыць сучасныя ўмовы для пасажыраў і работнікаў.

– За дзевяць месяцаў бягучага года спрацавалі з чыстым прыбыткам, без страт, дзякуючы развіццю розных відаў дзейнасці, – заўважае дырэктар аўтапарка № 17 Іван Бычкевіч.

Найбольшы ўклад у фінансавую стабільнасць унесла станцыя дыягностыкі аўтамабіляў, адкрытая на базе аўтапарка № 17 у пачатку 2000-х гадоў як адна з першых у Мінаблаўтатрансе. У поўным аб’ёме задзейнічаны і парк грузавой тэхнікі, які прадстаўлены 18 адзінкамі.

Дырэктар аўтапарка Іван Бычкевіч і начальнік сектара арганізацыі перавозак Ігар Жаўняркевіч

У наступным годзе плануецца набыць у лізінг яшчэ два грузавыя аўтамабілі. Гэтая тэхніка запатрабавана круглы год як дарожнымі арганізацыямі, так і сельскагаспадарчымі. Яе асноўнымі заказчыкамі на Стаўбцоўшчыне з’яўляюцца ДРБУ № 135, ААТ «Агранёманскі», ААТ «Вішнявецкі-агра», ААТ «Дзераўное». Самазвалы ўмяшчальнасцю 20, 30 і 36 тон задзейнічаны і ў арганізацыях іншых раёнаў, філіялах Мінскаблдарбуда. Два аўтамабілі марак МАЗ і «Івека» ажыццяўляюць міжгароднія перавозкі.

За дзевяць месяцаў бягучага года выручка склала ў параўнанні з адпаведным леташнім перыядам 102,4 працэнта, пасажыраабарот – 106,7 працэнта, грузаперавозкі – 100,2 працэнта. Сярэднямесячны памер заработнай платы вырас на 113 працэнтаў.

Паказчык сацыяльнай адказнасці транспартнікаў – захаванне на Стаўбцоўшчыне маршрутнай сеткі. Яна ўяўляе сабой 27 прыгарадных маршрутаў, чатыры гарадскія і два сезонныя. Для зручнасці пасажыраў на лінію выходзяць аўтобусы ўмяшчальнасцю ад 20 да 47 пасажыраў. Да канца бягучага года плануецца набыццё двух аўтобусаў: маркі ПАЗ – для работы ў прыгарадзе і маркі МАЗ – для гарадскіх перавозак. Усе вадзіцелі аўтобусаў – прафесіяналы сваёй справы.

На даны момант у аўтапарку адчуваецца некаторы дэфіцыт вадзіцельскіх кадраў, і гэта тлумачыцца спецыфікай (да прыкладу, рабочы дзень у вадзіцеля аўтобуса пачынаецца ў пяць раніцы), а таксама бягучай эпідэміялагічнай сітуацыяй. Не ўсе гатовы працаваць з вялікай колькасцю людзей.

У сувязі з прафесійным святам і 60-годдзем аўтапарка № 17 Падзякай Мінтранса адзначаны акумулятаршчык Сяргей Жыбуль, на Дошку гонару Мінаблаўтатранса занесены партрэт начальніка станцыі дыягностыкі аўтамабіляў Мікалая Дзявойны. Ганаровымі граматамі і падзякамі Мінаблаўтатранса адзначаны вадзіцелі Антон Кіслоў, Сяргей Маслоўскі, Сяргей Гоцкі і Генадзь Самахвал. Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена вадзіцелям Васілю Мынзэрару і Сяргею Коршуку, кандуктару Алене Зяноўка.

Званне «Ганаровы работнік ААТ «Мінаблаўтатранс» прысвоена Мікалаю Жуку, Аляксею Кандраціну, Баляславу Гарановічу, Васілю Клімовічу, Івану Бычкевічу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *