Нараджэнні святочнага тыдня

Дэмаграфія Нумары

image_pdfimage_print

У нашым раёне стала добрай традыцыяй на святочным Тыдні маці ў радзільным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы віншаваць жанчын, у якіх нарадзіліся дзеткі ў гэтыя дні.

Да гэтых радасных падзей у сем’ях прыцягнута ўвага грамадскасці, таму што нараджэнне чалавека  – гэта не толькі асабістая падзея. Паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне прама звязана з дабрабытам Беларусі і  кожнага яе грамадзяніна.

У гэтым годзе на святочным Тыдні маці з’явіліся на свет шасцёра дзетак. Якая міласць Божая да сям’і Пятрычыцаў з Наваколасава! Вольга Сяргееўна нарадзіла сыночка ў дзень Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Шэсць гадоў назад яна таксама нараджала ў гэты святы дзень – у сям’і  з’явілася дзяўчынка. Вось дык адметнасць!

Падарункі і кветкі акрамя Вольгі Сяргееўны ў радзільным аддзяленні атрымалі Вольга Стаховіч з Заямнага, якая нарадзіла дзяўчынку, стаўбчане Ірына Паўлоўская, у якой нарадзілася таксама дзяўчынка, другое дзіця ў сям’і, Анастасія Шваб, якая нарадзіла хлопчыка, таксама другое дзіця ў сям’і. Стаўбчанкам Кацярыне Палевіч і Наталлі Харута акрамя падарункаў урачыста былі ўручаны і пасведчанні аб нараджэнні дзяцей. Гэта стала магчымым, таму што яшчэ да нараджэння іх бацькі, пэўна, без ніякіх сумненняў, вызначыліся з імем нованароджанага. Софія Палевіч – першае дзіця ў сям’і. А вось Мацвей Харута –  трэцяе. У Вячаслава і Наталлі Харутаў ужо выхоўваюцца дачушка і сынок. Цяпер іх сям’я атрымала шаноўны ў грамадстве і нашай дзяржаве статус шматдзетнай. Як з радасцю і задавальненнем адзначае загадчыца аддзела ЗАГС райвыканкама Надзея Картузава, у сучасны момант становіцца модным мець трое дзяцей.

Павіншаваць шчаслівых мам у гэты дзень у радзільнае аддзяленне разам з Надзеяй Картузавай прыехалі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Святлана Жыбуль, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Наталля Лапко, старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Ірына Пярхальская і старшыня раённай  грамадскай арганізацыі «Белая Русь» Жанна Лысая (аб’яднанне выступіла спонсарам гэтага мерапрыемства). Загадчыцы радзільнага аддзялення Аксане Канкаловіч таксама было прыемна ў такім багатым прадстаўніцтве адрасаваць шчаслівым мамам віншаванні з пажаданнямі не раз яшчэ быць пацыенткамі радзільнага аддзялення.

Няхай дзеткі растуць пад Пакровам Прасвятой Багародзіцы на радасць бацькам і ўсяму грамадству.

А цяпер – крыху прыемнай статыстыкі. Апошнім часам у нашым раёне назіраецца рост нараджальнасці. І бягучы год – не выключэнне. З пачатку года аддзелам ЗАГС зарэгістраваны 394 нараджэнні, што больш, чым за такі  перыяд 2013 года. Гэта знак, што ў нашага краю ёсць будучае ў гэтых шчаслівых дзетках, працяг нас. І Дзень маці – яшчэ адна добрая нагода выказаць удзячнасць жанчынам і паслаць ім паклон.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *