Сёння спаўняецца 139 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа

Главное Культура

image_pdfimage_print
Школа ў вёсцы Пінкавічы, у якой настаўнічаў Якуб Колас у 1904–1906 гадах, з 1990 года стала музеем

Сёння спаўняецца 139 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, нашага славутага земляка Якуба Коласа. Прапануем вандроўку на Палессе, у паэтаву маладосць і ў тыя мясціны, дзе ён настаўнічаў і дзе захоўваецца памяць аб ім у сэрцах людзей і ў музейнай экспазіцыі

Калодзеж паэта

Народны літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа ў вёсцы Пінкавічы сустракае сціплым, але дагледжаным будынкам. На яго падворку – унікальны гістарычны прыродны аб’ект «Калодзеж Якуба Коласа», вядомы з 1863 года, калі тут пабудавалі народнае вучылішча. На падмурку гэтага вучылішча і стаіць музей.

Лічыцца, што калодзеж стварылі на месцы крыніцы, дзякуючы чаму вада ніколі не знікала і мела прыемны смак. У 1904–1906 гадах тут настаўнічаў Якуб Колас, і ўвесь гэты час калодзеж даваў маладому настаўніку прыродную сілу і энергію зямлі.

«Частуйцеся ж і вы!» – нібыта запрашае калодзеж і нас, турыстаў.

Будынак коласаўскай школы стаў музеем

Даведваемся, што літаратурны музей у Пінкавічах быў адкрыты ў 1962 годзе, акурат да 80-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа. Яшчэ раней, у 1952 годзе, Пінкавіцкай школе, у якой настаўнічаў Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас), было прысвоена імя народнага паэта.

Заснавальнікам музея стаў настаўнік літаратуры І. І. Калоша. Размясціўся музей у будынку коласаўскай школы і займаў толькі адзін пакой, у іншых трох займаліся пачатковыя класы. У 1990 годзе пачатковыя класы перайшлі ў новы школьны будынак, а коласаўскі – быў поўнасцю перададзены пад музей.

У музейнай экспазіцыі сустракае помнік песняру

Служыць працоўнаму народу

Якуб Колас пісаў пра той перыяд свайго жыцця: «Пасля заканчэння настаўніцкай семінарыі я паехаў настаўнічаць на Палессе. Перада мной стаяла пачэсная і адказная задача – усімі сіламі, усім сэрцам служыць працоўнаму народу».

Вераснёўскай раніцай 1904 года, развітаўшыся з маці і сёстрамі, сябрамі і роднымі мясцінамі, Канстанцін Міхайлавіч рушыў на станцыю, адкуль цягнік памчаў яго ў глыбіню Палесся.

Пінкавічы, вёска над ракой Пінай, за тры вярсты ад Пінска, на той час налічвала 35 двароў. Навокал – маляўнічыя палі, лугі, лясы. Сяляне займаліся тут сплавам лесу і рыбалоўствам. Вёску Канстанцін Міхайлавіч палюбіў усёй душой. Міцкевіч прыехаў сюды разам з малодшымі братамі Міхасём і Іосіфам.

«Пінкавічы і Вышавічы – вёскі побач, цераз пляц. Школа стаяла паміж вёсак, – прыгадвае Іосіф Міхайлавіч. – Кватэра настаўніка была пры школе і мела тры пакоі».

Ліст палешукам

Адкрывае экспазіцыю ліст, напісаны Якубам Коласам 3 лістапада 1952 года:

«Дарагія таварышы і сябры! Шчыра дзякую вам за ваша пісьмо. Гэтае пісьмо ўсхвалявала і ўзрадавала мяне. Радуе мяне тое, што за час маёй разлукі з вамі вы далёка пайшлі ўперад па шляху культуры і прагрэсу, што вы ўжо не тыя палешукі, цёмныя і забітыя гарапашнікі, а свабодныя савецкія людзі.

…Амаль паўвека мінула з таго часу, калі я, тады яшчэ малады хлопец, прыехаў у вашу школу. Перад маімі вачыма і сёння паўстаюць карціны пінкавіцкіх і вышавіцкіх ваколіц, зарэчныя прасторы балот,

заросшыя камышом, і жыццёрадасны народ, хоць бедны і заціснуты Скірмунтамі, царскімі чыноўнікамі, жандарамі і паліцыяй…»

І, перад тым як паставіць кропку, аўтар кажа: «Мне вельмі хацелася б пабыць у Пінкавічах, пагутарыць з вамі, пахадзіць па дарогах, дзе калісь я хадзіў. Калі дазволіць здароўе, магчыма, наведаюся да вас. Усяго найлепшага. Якуб Колас. 3 лістапада 1952 года».

Адна з экспазіцый

З дваранамі не сябраваў, а хаўрусаваў з галотай

Тое, што Якуб Колас жыў з палешукамі адною доляй, што быў не проста добрым «вучыцелем», але і дарадчыкам, абаронцам, які акрыляў сялян надзеяй, сведчаць успаміны яго былых вучняў.

Вось вытрымкі з некаторых, якія ёсць у музеі.

Мікіта Козіч прыгадваў: «Вучыўся я ў вучыцеля Міцкевіча няпоўныя дзве зімы. Вучыў добра, дзеці яго ўсе любілі. Акрамя работы ў школе, ён дапамагаў сялянам вёскі Пінкавічы ў іх барацьбе супраць пана Скірмунта за зямлю і балоты, за права лавіць рыбу ў азёрах і секчы чарот. Сяляне часта гаварылі словы вучыцеля Міцкевіча: «Пан ловіць рыбу – і вы лавіце, вы маеце права». Гаварылі і пра петыцыю, якую напісаў Міцкевіч. Пан доўга не даваў адказу, а сяляне сабралі некалькі невадаў, запрэглі каня і паехалі ў панскія азёры лавіць рыбу. Лавілі каля тыдня. Пан даведаўся аб дзеяннях сялян і вызваў з горада казакаў. Некалькі сялян было арыштавана. Забралі невады. Быў арыштаваны і настаўнік К. М. Міцкевіч. Пасля гэтага яго ад нас забралі».

Алена Шумакевіч, дачка пінкавіцкага папа, казала наступнае: «Школа была па суседству з нашым дваром. Вучыцеля часта праводзілі час у нашай кампаніі. А пра вучыцеля Міцкевіча можна сказаць, што гэта мужык, з намі дваранамі не сябраваў. Ён усё хаўрусаваў з пінкавіцкай галотай, з мужыкамі».

Як бачна, Якуб Колас пакінуў пра сябе добрую памяць на Палессі, таму і ў музей у Пінкавічах не зарастае народная сцежка.

Сярод экспанатаў – і раённая газета «Прамень» за 2 лістапада 1968 года з артыкулам да дня нараджэння песняра

ЯКІМ НАСТАЎНІКАМ БЫЎ ЯКУБ КОЛАС

З успамінаў былых вучняў Пінкавіцкай школы вынікае, што на ўрокі ён не браў лінейку, мог прапанаваць паспяваць народныя песні, а пасля ўрокаў завесці вучняў на кухню і пачаставаць чаем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *