«Росту няма, але і стабілізацыі не наступіла». Святлана Глебка аб сітуацыі з каронавірусам у Стоўбцах

Главное Медыцына

image_pdfimage_print

Медыкі штодзень выпісваюць пацыентаў з інфекцыйнага шпіталя, які разлічаны на 124 ложкі. Але пакуль дынаміка несуцяшальная: на месца выпісаных паступаюць новыя інфіцыраваныя з пнеўманіямі.

Як быццам росту захваральнасці не назіраецца, але і стабілізацыі становішча не наступіла.

Пра гэта паведаміла галоўны ўрач Стаўбцоўскай ЦРБ Святлана Глебка, падкрэсліўшы, што лячэнне «кавідных» пацыентаў патрабуе не толькі дарагіх прэпаратаў, але і кіслароднай падтрымкі, у сярэднім 150-180 балонаў у суткі.

Галоўны ўрач Стаўбцоўскай ЦРБ Святлана Глебка

Усе вакцыны бяспечныя

Пацыенты, якія знаходзяцца ў інфекцыйным шпіталі, не прышчэплены. Выключэнне – двое з 124. Яны прайшлі вакцынацыю першым кампанентам фактычна ў разгар эпідсезона, але нават адна прышчэпка зрабіла цячэнне захворвання намнога лягчэйшым.

На даны момант 12 пацыентаў – у цяжкім стане, знаходзяцца ў рэанімацыйным аддзяленні бальніцы. Пяць з іх падключаны да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх. Сотні хворых на кавід лечацца амбулаторна. Вялікая колькасць тых, хто кантактаваў з захварэлымі, і менавіта сярод іх выяўляюцца новыя хворыя. Для праяўлення прыкмет заражэння дастаткова 5-7 дзён.

– Святлана Здзіславаўна, ці магчыма заразіцца, прайшоўшы вакцынацыю?

– Магчыма, калі не выконваць меры прафілактыкі. Вакцынаваным таксама трэба захоўваць дыстанцыю, насіць маску і апрацоўваць рукі, таму што інфекцыя перадаецца паветрана-кропельным шляхам.

Разам з тым прышчэпка абараняе вас і тых, хто побач з вамі, у выпадку заражэння аблягчае цячэнне хваробы і мінімізуе наступствы для арганізма.

– Многія адмаўляюцца ад прышчэпкі, таму што сумняваюцца ў бяспечнасці вакцыны.

– Усе вакцыны бяспечныя і дзейсныя. Моцнае здароўе, на якое спасылаюцца некаторыя людзі, не ўратуе ад каранавіруса, бо з ім наша імунная сістэма не ўмее змагацца ад прыроды. Прышчэпка вучыць яе супрацьстаяць інфекцыі.

Прапануем пацыентам прышчэпку расійскай («Спутник V») і кітайскай вытворчасці. Іх эфектыўнасць складае 92 і 70 працэнтаў адпаведна. «Спутник Лайт» разлічаны для моладзі ва ўзросце ад 18 гадоў.

Прышчэпка двухкампанентная, уводзіцца праз 21 дзень. Супрацьпаказанняў не існуе нават для анкалагічных хворых (акрамя перыяду актыўнай хіміятэрапіі). Прышчэпкі паказаны цяжарным і жанчынам, якія кормяць грудзьмі. Вакцынавацца трэба і тым, хто перахварэў на кавід.

– Наш чытач сцвярджае, што зрабіў прышчэпку і захварэў. Як гэта звязана?

– Пасля ўвядзення прышчэпкі на працягу 21 дня выпрацоўваецца імунітэт, вось чаму ў гэты перыяд магчыма заражэнне. У цэлым неабходна 42 дні, каб займець паўнавартасную імунную праслойку.

Перахварэць, каб атрымаць імунітэт, – дрэнная ідэя.  Пабочныя эфекты ад вакцын не ідуць ні ў якае параўнанне з сімптомамі COVID-19. Яны няцяжкія і трымаюцца максімум пару дзён.

Медыкі працуюць у надзвычайных умовах

– Нагрузку на медработнікаў можна параўнаць з той, якая была вясной мінулага года. Сёння, у адрозненне ад пачатку пандэміі, медыкі хаця б абаронены прышчэпкай…

– 98 працэнтаў работнікаў Стаўбцоўскай бальніцы прышчэплены, таму выпадкаў цяжкіх захворванняў на кавід у нас няма, пры тым што многія працуюць у «бруднай» зоне і рызыка заразіцца сапраўды высокая. Сустракаюцца паўторныя захворванні, але яны працякаюць без шпіталізацыі. Летась на кавід перахварэлі практычна ўсе медработнікі.

Другі год мы працуем у надзвычайных умовах. Гэта пастаянныя дзяжурствы ў аддзяленнях. З амбулаторнымі пацыентамі заняты 15 кантактных брыгад. Імі праводзіцца вялікая работа, якая ўключае агляд, накіраванне на здымак для выяўлення пнеўманіі і г. д.

– Дзякуючы медыкам Стаўбцоўшчына лідзіруе па колькасці вакцынаваных.

– У раёне прышчэплена больш за 35 працэнтаў насельніцтва. Для стварэння калектыўнага імунітэту і спынення інфекцыі неабходна не менш за 70 працэнтаў. Мара медыкаў – хутчэй завяршыць прышчэпачную кампанію і жыць бяспечна, без боязі заражэння.

Для правядзення вакцынацыі ў паліклініцы адкрыты чатыры прышчэпачныя кабінеты, арганізаваны выезд мабільных брыгад у сельскую мясцовасць і на прадпрыемствы раёна. Прышчэпку можна зрабіць ва ўчастковых бальніцах, у амбулаторыях.

Беражыце сябе і не адмаўляйцеся ад вакцынацыі!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *