Да нашых сэрцаў: Донарства – акт чалавекалюбства

Медыцына Нумары

Тры прадстаўнікі Мінскай вобласці – загадчыкі станцый пералівання крыві Маладзечна і Барысава і загадчыца аддзялення пералівання крыві стаўбцоўскай раённай бальніцы Ірына Пярхальская – атрымалі запрашэнне прыняць удзел у вялікім міжнародным форуме – І ЕўрАзійскім Кангрэсе “Актуальныя пытанні развіцця бясплатнага донарства крыві”, які прайшоў у Мінску.

У прадстаўнічай канферэнцыі бралі ўдзел прадстаўнікі Расіі, Беларусі, Германіі,  Польшчы, Аўстрыі, якія падзяліліся вопытам развіцця бясплатнага донарства. Уступным словам Кангрэс адкрыў міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь В. І. Жарко.

У інтэрв’ю нашай газеце Ірына Пярхальская раскрывае змест гэтага форуму:

– Міжнародны кангрэс, – расказвае Ірына Міхайлаўна, – закліканы быў абагуліць перадавы міжнародны вопыт арганізацыі службаў пералівання крыві бліжняга і дальняга замежжа для сацыяльнай значнасці прапаганды і развіцця ў грамадстве бясплатнага донарства. Менавіта яно з’яўляецца галоўнай умовай максімальнай бяспекі кампанентаў крыві, якія нарыхтоўваюцца, і умовай эфектыўнага функцыянавання службы пералівання крыві. Добраахвотныя донары, якія маюць матывы дапамагчы іншаму не за ўзнагароджанне, прадстаўляюць больш праўдзівую інфармацыю аб сваім здароўі, што дазваляе павысіць бяспеку трасфузіянальнай дапамогі. Такія паняцці як міласэрнасць, самааахвярнасць, імкненне прыйсці іншаму на дапамогу – не старамодныя.

– Якімі накірункамі былі акрэслены новыя задачы службы пералівання крыві?

– Кожны трэці жыхар планеты хоць раз у жыцці мае патрэбу ў пераліванні донарскай крыві. Пакуль для замены гэтай біялагічнай вадкасці нічога не прыдумана. Донар – не прафесія, не рамяство. Донарства называюць ціхім подзвігам, таму што донары дораць іншым самае каштоўнае, што не выпрацаваць ніякімі тэхналогіямі, не купіць і не замяніць нічым іншым – сваю кроў. І чым больш развіваецца медыцына, укараняюцца ў практыку высокія тэхналогіі, тым больш павялічваюцца патрабаванні і адказнасць службы крыві і бяспечнага донарства. Ва ўсім свеце праблема бяспекі пры нарыхтоўцы донарскай крыві займае галоўнае месца. Стаіць задача пераходу на новы ўзровень, які дазволіць задаволіць патрэбнасці аховы здароўя, што ўзрастаюць, у новых дыягнастычных і лячэбных тэхналогіях, новых прэпаратах крыві. Таму вырашэнне пытанняў развіцця бясплатнага донарства і расцэньваецца як залог паспяховага функцыянавання многіх галін аховы здароўя.

– Наколькі цікавыя былі выступленні з трыбуны Кангрэса?

– Служба крыві – гэта не толькі структура, якая аб’ядноўвае медыцынскія ўстановы, што займаюцца нарыхтоўкай, перапрацоўкай, захаваннем і забеспячэннем бяспекі донарскай крыві і яе кампанентаў, але і звяном, якое звязвае донара і пацыента, якому патрэбна донарская кроў для вяртання здароўя, а нярэдка – жыцця. Айчынныя і замежныя спецыялісты і вучоныя аб’ядналіся, каб садзейнічаць абмену вопытам і дасягненнямі, вырашэнню праблем развіцця добраахвотнага донарства крыві і яе кампанентаў. Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій для ўдзельнікаў Кангрэсу быў падрыхтаваны зборнік матэрыялаў з усімі выступленнямі, якія прагучалі на Кангрэсе, што для нас, урачоў-практыкаў, стане добрай метадычнай базай у рабоце.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *