На будынку ААТ «Шашкі» з’явіўся тэматычны мастацкі роспіс

Главное Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

Да раённага свята хлебаробаў «Дажынкі-2021» кіраўніцтва ААТ «Шашкі» добраўпарадкавала вытворчыя аб’екты.

Вырашылі ўпрыгожыць фасад дыспетчарскай мастацкім роспісам. Запрасілі мастака, які аформіў сцяну малюнкамі на вясковыя матывы. Усе, хто па розных справах заязджаюць на машынна-трактарны парк, заўважаюць гэтую акалічнасць і выказваюць станоўчыя ўражанні.

Адметны выгляд набыў будынак дыспетчарскай

Асаблівае задавальненне адчувае дыспетчар Галіна Юшкевіч. Галіну Аляксандраўну называюць сапраўднай гаспадыняй дыспетчарскай, дзе яна падтрымлівае адмысловы парадак. А цяпер і звонку на будынак прыемна паглядзець. У гэтым памяшканні жанчына працуе на працягу пяці гадоў. Кожны вадзіцель і механізатар штодзень, вобразна кажучы, праходзіць праз яе рукі. Дыспетчар выпісвае працаўнікам пуцявыя лісты, а таксама вызначае, колькі трэба на запраўцы адпусціць паліва для выканання той ці іншай тэхналагічнай аперацыі. Галіна Юшкевіч правярае работнікаў з дапамогай алкатэстара на стан алкагольнага ап’янення. І мужчыны добра ведаюць цвёрды характар Галіны Аляксандраўны: спуску яна не дасць нікому.

Але гэта толькі маленькая частка той работы, якую выконвае старанная і добрасумленная жанчына. Яна збірае і акумулюе ўсе паказчыкі работы як жывёлагадоўчай, так і раслінаводчай галін таварыства. Дакументацыю вядзе акуратна, з веданнем справы. Інфармацыю кожны дзень своечасова перадае ў дыспетчарскую ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.

Пачынала Галіна Юшкевіч сваю працоўную біяграфію бухгалтарам па жывёлагадоўлі. Накіравалі яе ў калгас пасля заканчэння Смілавіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума. Пэўны час працавала загадчыцай свінагадоўчай, а затым і малочнатаварнай фермаў.

Галіна Аляксандраўна – добрая гаспадыня, клапатлівая маці і бабуля. Яна выгадавала траіх дзяцей і мае пяцёра ўнукаў.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *