Стаўбцоўшчына турыстычная

Нумары Паездкі, экскурсіі

image_pdfimage_print

Стаўбцоўшчына… З даўняга часу наш стаўбцоўскі край славіўся маляўнічымі краявідамі, квяцістымі духмянымі лугамі. Гэты край увайшоў у гісторыю як «родны кут» Якуба Коласа. Знакамітыя сваім гераічным партызанскім мінулым Налібацкая пушча, сваёй непаўторнай прыгажосцю –  возера Кромань. А бацька-Нёман… У нас ёсць шмат унікальных куточкаў прыроды, дзе можна адпачыць, падыхаць чыстым «коласаўскім» паветрам, даткнуцца да гісторыі роднага краю.

І хоць у эканамічным плане наш раён сельскагаспадарчы, раённыя ўлады надаюць вялікую ўвагу развіццю раёна і ў турыстычным плане. Па-першае, ёсць што паглядзець турыстам, гасцям, якія завіталі на Стаўбцоўшчыну. Гэта ў той жа час – дадатковыя паступленні ў бюджэт раёна. Таму на пасяджэнне райвыканкама было вынесена пытанне «Аб стане і перспектывах развіцця турыстычнай галіны ў Стаўбцоўскім раёне».

Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель адзначыў, што, выконваючы Дзяржаўную праграму развіцця турызму ў Рэспубліцы Беларусь на 2011-2015 гады, мерапрыемстваў па развіцці турызму на 2011-2015 гады Мінскай вобласці, распрацаваны мерапрыемствы па развіцці турызму ў Стаўбцоўскім раёне, зацверджаныя рашэннем райвыканкама № 1322 ад 03.10.2011. Яны прадугледжваюць развіццё маркетынгу турыстычных паслуг і аб’ектаў турыстычнай індустрыі на тэрыторыі раёна. З мэтай забеспячэння каардынацыйнай дзейнасці ў сферы турызму, стварэння партнёрскіх адносін паміж органамі ўлады, турыстычнымі прадпрыемствамі, аграсядзібамі і іншымі арганізацыямі, сродкамі масавай інфармацыі ў раёне створаны каардынацыйны савет па турызме. Наш раён уваходзіць у Мінскую турыстычную зону.

Візітнай карткай раёна з’яўляецца Коласаўскі заказнік з яго мемарыяльнымі сядзібамі «Акінчыцы», «Альбуць», «Смольня», «Ласток». Сядзібы аб’яднаны ў адзіны ў Беларускі мастацка-мемарыяльны комплекс з драўляных фігур па матывах твораў Якуба Коласа пад назвай «Шлях Коласа». Драўляныя скульптуры тэматычна аб’ядналі музейныя аб’екты і месцы, звязаныя з імем паэта. Сёння некаторыя скульптурныя кампазіцыі патрабуюць рэстаўрацыі, а комплекс драўляных скульптур «Шлях Коласа» – папаўнення. У 2013 годзе коласаўскія мясціны наведалі 5027 чалавек. У 2014 годзе на сядзібе «Альбуць» адкрыта першая чарга экспазіцыі «Прырода  ў творчасці Якуба Коласа», інтэрактыўная зона «Хатка бабкі-знахаркі», дзе можна пакаштаваць гарбату з лекавых траў. У наступным годзе плануецца стварыць экспазіцыю «Флора і  фаўна Стаўбцоўскага краю» па творчасці Якуба Коласа.

На тэрыторыі раёна размешчаны турыстычна-аздараўленчы комплекс «Высокі бераг», Налібацкая пушча, сядзібна-паркавы комплекс «Панскі маёнтак Сула». 22 аб’екты занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. На хутары Дзяржынава размешчаны мемарыяльны комплекс дзяржаўнай установы культуры «Музей-сядзіба «Дзяржынава». Усе гэтыя аб’екты валодаюць значным патэнцыялам пазнавальнага і рэлігійнага турызму.

Абслугоўваннем турыстаў займаюцца чатыры арганізацыі: філіял ТАК «Высокі бераг», СУПДК «Арбіта», турыстычна-рыбалоўны комплекс «Кромань», сядзібна-паркавы комплекс гісторыка-культурнай накіраванасці «Панскі маёнтак Сула» і сектар турызму і экскурсій філіяла «Аўтамабільны парк № 17» ААТ «Мінаблаўтатранс».

Перспектыўным з’яўляецца падзейны турызм. У раёне большасць культурных падзей, фестываляў, конкурсаў праходзяць пад знакам Коласа («Каласавіны», «З музыкай да Коласа», «Сымон-музыка», «Дзе льецца Нёман срэбраводны» і іншыя).

Гасцінічныя паслугі ў раёне аказваюць пяць арганізацый. Гэта гасцініцы «Зара», «Астэрыя», ТАК «Высокі бераг», СПК «Панскі маёнтак Сула», рыбалоўна-турыстычны комплекс «Кромань». У бягучым   годзе   плануецца  ўвод у   эксплуатацыю   блока  «А»  ФАК г. Стоўбцы з гасцініцай на 27 месцаў. Акрамя гэтага платныя турыстычныя паслугі аказваюць 15 аграсядзіб. Але час ідзе. У турыстаў з’яўляецца шмат запытаў па аказанні спектра паслуг. Таму многім турыстычным аб’ектам патрэбна больш увагі ўдзяляць свайму развіццю, скласці бізнес-планы развіцця на перспектыву, каб адпавядаць сучасным патрабаванням.

Напрыклад, кіраўніцтву ТАК «Высокі бераг» было рэкамендавана больш актыўна рэкламаваць свой брэнд, папоўніць пункт пракату веласіпедамі, байдаркамі, лыжаролерамі, турыстычным інвентаром, добраўпарадкаваць тэрыторыю і г. д. Рыбалоўна-турыстычнаму комплексу «Кромань» – у першую чаргу стварыць больш камфортныя ўмовы для пражываючых, пашырыць спектр паслуг, што аказваюцца, абсталяваць зону пляжа… Філіялу «Аўтапарк № 17» неабходна павялічыць колькасць турыстычных маршрутаў па Стаўбцоўскім раёне, па Коласавых мясцінах.

Стаўбцоўшчына мае сур’ёзны патэнцыял для развіцця агратурызму. З кожным годам павялічваецца колькасць аграсядзіб, калі ў 2010 годзе іх было 10, то ў 2013 годзе – ужо 15. За мінулы год сядзібы наведалі 2679 чалавек, з іх 413 – замежныя госці. Ёсць аграсядзібы, якія  за ўвесь час свайго існавання не прынялі ніводнага наведвальніка. Усім гаспадарам аграсядзіб неабходна арганізаваць работу па добраўпарадкаванні тэрыторый малымі архітэктурнымі формамі. На жаль, сёння сельскі турызм не карыстаецца паслугамі ўстаноў культуры Стаўбцоўшчыны. А чаму б не згуляць вяселле на ўлонні прыроды па ўсіх беларускіх традыцыях?

Вельмі добра, што ў раёне адраджаюцца такія святы, як «Свята вёскі», «Яблычны і мядовы Спас», «Красуй, Беларусь!», святы народнай творчасці і г. д. Сёння суб’екты турыстычнай дзейнасці практычна не надаюць увагі пытанням прасоўвання свайго турыстычнага прадукту ў іншыя рэгіёны Рэспублікі Беларусь і за яе межы, абмяжоўваючыся размяшчэннем інфармацыі ў інтэрнэце, за выключэннем комплексу «Сула». У раёне склалася асаблівая турыстычная інфармацыйная сістэма. Для прыцягнення турыстаў у раён яшчэ патрэбна шмат зрабіць. Слушныя парады-падказкі прагучалі ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Мікалая Міхайлавіча Іванчанкі і старшыні райвыканкама Юрыя Мікалаевіча Горлава.

Для рэалізацыі планаў па стварэнні турыстычнай інфраструктуры ў раёне патрэбна структура, якая б здзяйсняла каардынацыю дзейнасці ўсіх суб’ектаў, што вядуць турыстычную дзейнасць. Развіваць культурна-пазнавальны турызм, распрацаваць перспектыўныя віды турызму («зялёны турызм», рэкрэацыйны турызм, караванінг), праводзіць на коласаўскай зямлі фэсты, фестывалі па творах класіка беларускай літаратуры, розныя конкурсы. Безумоўна, павінна быць распрацавана канцэпцыя развіцця раёна ў турыстычным плане.

Актыўны ўдзел у абмеркаванні данага пытання на пасяджэнні райвыканкама прынялі першы намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама Васіль Гарбачоў, дырэктар філіяла ТАК «Высокі бераг» Андрэй Гаўрош, дырэктар рыбалоўна-турыстычнага комплексу «Кромань» Яўген Рахманько, спецыяліст па турызме аддзела перавозак філіяла «Аўтапарк № 17» Леаніда Высоцкая, гаспадыня аграсядзібы «Рубяжэвічы» Валянціна Шумілава.

Падвёў вынікі работы пасяджэння старшыня райвыканкама Юрый Горлаў.

Н. ЛЕАНІДАВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *