Працавітыя, прыгожыя, шчаслівыя

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

На мінулым тыдні ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання былі запрошаны адзінаццаць жанчын, якія працуюць у сельгаставарыствах раёна і выхоўваюць больш за пяцёра дзяцей.

Усе яны шчыруюць у жывёлагадоўлі, і праца іх патрабуе немалых сіл і самаадданасці.

– Прыемна бачыць вас сёння такіх прыгожых і шчаслівых, – сказаў, матэрыяльна заахвочваючы шматдзетных маці, Іван Загдай. – Дзяржавай надаецца вялікае значэнне мацярынству. Шчырае дзякуй кожнай з вас за нараджэнне дзяцей. А таксама за вашу добрасумленную працу ў адной з самых нялёгкіх галін сельгасвытворчасці.

Першай віншаванне прыняла Надзея Шэмет з ААТ “Жацерава”, якая нарадзіла восем дзяцей. Яе малодшы сын яшчэ вучыцца ў школе, а старэйшая дачка ўжо падарыла  бабулі ўнука. Сямёра дзяцей і пяцёра ўнукаў у Рэгіны Лябедзька з ААТ “Агранёманскі”. У Марыны Маліноўскай з ААТ “Шашкі” пароўну хлопчыкаў і дзяўчынак, усіх – шасцёра. Яе калега Ванда Дудак выхоўвае пяцёра дзяцей. Усе астатнія жанчыны нарадзілі таксама па пяцёра дзяцей. Гэта Ірына Крывашэй, Кацярына Навуменка і Наталля Дарашэвіч з ААТ “Радзіма Якуба Коласа”. Ірына Мікалаеўна мае ўжо унукаў. А ў Кацярыны Фёдараўны і Наталлі Адамаўны дзеткі яшчэ ходзяць у школу і дзіцячы садок. Як і ў Наталлі Федарук з ААТ “Вішнявецкі-агра”, якая адна выхоўвае дзяцей. Па ўважлівых прычынах не змаглі прыехаць Алена Мішук з ААТ “Рубяжэвічы”, Галіна Дошчачка з ТАА СЖК “Налібакі” і Валянціна Нягоцька з ААТ “Радзіма Дзяржынскага”. Ім таксама былі адрасаваны самыя цёплыя словы.

Усе вышэйназваныя шматдзетныя жанчыны ўзнагароджаны ордэнамі Маці. Некаторыя ўжо неаднойчы прымалі ўдзел у падобных мерапрыемствах, у папярэднія гады іх запрашалі на ўшанаванне да старшыні райвыканкама.

А вось сустрэча ў райсельгасхарчы сёлета была арганізавана райкамам прафсаюза АПК упершыню. За салодкім сталом жанчыны змаглі пагутарыць, абмяняцца думкамі, расказаць пра свае сем’і і выказаць набалелыя праблемы.

– Мы абавязкова працягнем гэтую традыцыю, – падкрэсліла старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Калошыч. – Жадаю, каб здаровымі раслі вашы дзеці і ўнукі, заўжды дарылі вам сваю цеплыню і ўдзячнасць, рабілі ўсё для таго, каб вы маглі імі ганарыцца. І каб вы ніколі не сумавалі, з усмешкай ішлі па жыцці.

Надзея БАТАЛКА

 Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *