«Чарговае захапленне – лялькі-шкатулкі». Людміла Хасяневіч з Залужжа не ўяляе свайго жыцця без рукадзелля

Альбуцкі куфэрак Важное Соцыум Спецвыпускі «Праменя»

image_pdfimage_print
Людміла Хасяневіч з лялькай-шкатулкай

Людміла Хасяневіч з дзяцінства вяжа, вышывае. Прызнаецца, што не ўяўляе жыцця без рукадзелля, кожную вольную хвілінку стараецца правесці з карысцю.

Жанчына родам з Залужжа. Пасля школы паступіла ў сельскагаспадарчы тэхнікум у Смілавічах. Неўзабаве стварыла сям’ю. Нарадзіліся сыночкі. У мінулым годзе вярнулася з мужам у родную вёску, перабудавала бацькоўскі дом, які цяпер сагрэты мноствам вырабаў майстрыхі.

Калі дзеці выраслі, з’явілася больш вольнага часу, які Людміла Віктараўна магла аддаць свайму любімаму занятку – рукадзеллю.

«Памятаю, як калега прынесла кашпо з папяровай лазы ўласнай работы. Вырашыла зрабіць такое ж, скарыстаўшы відэа ў інтэрнэце. Атрымался. З таго моманту любоў да гэтага занятку не згасае», – дзеліцца Людміла Віктараўна.

Дзякуючы інтэрнэту жанчына засвоіла розныя тэхнікі пляцення. Цяпер у яе калекцыі мноства карзін, кошыкаў, кашпо і іншых вырабаў з папяровай лазы. Ёсць і аб’ёмныя работы, да прыкладу калыска натуральнай велічыні, карзіна для бялізны.

Акрамя таго, Людміла Віктараўна займаецца пляценнем з джуту, вышывае карціны і іконы бісерам, крыжыкам.

Жанчына пастаянна адкрывае для сябе новыя і цікавыя віды ручной работы. Яе чарговае захапленне – лялькі-шкатулкі. Майстрыха шые ім прыгожыя сукенкі, дапаўняючы вобраз элегантным капялюшыкам. А ўнутры схавана шкатулка. Такія лялькі з «сакрэцікам» – выдатны падарунак для дзяўчынкі.

Працуючы, Людміла Віктараўна пагружаецца ў свае думкі, будуе планы. Гаворыць, што любы від рукадзелля патрабуе часу, акуратнасці і ўседлівасці. Трэба быць гатовым, што не ўсё атрымаецца адразу, але настойлівасць і цярпенне абавязкова парадуюць добрым вынікам.

Свае работы Людміла Хасяневіч дорыць родным, суседзям. У кожны выраб жанчына ўкладвае часцінку душы, зараджае іх светлымі думкамі і добрай энергетыкай.

Анастасія НОВІК, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *