Кадравае ўмацаванне для адэкватнага рэагавання

Нумары Прамая лінія

Прамая тэлефонная лінія з начальнікам раённага аддзела ўнутраных спраў Іванам МАМАЙКАМ акрэсліла найбольш злабадзённыя пытанні, якія хвалююць жыхароў раёна.

– Злачынства, учыненае ў адносінах да маёй знаёмай, застаецца нераскрытым…

– Мы стараемся адэкватна рэагаваць на аператыўную абстаноўку. Намі раскрыты ўсе цяжкія і асабліва  цяжкія злачынствы, аднак у цэлым раскрывальнасць складае прыкладна 60 працэнтаў. На даны момант аддзел крымінальнага вышуку, адзін з асноўных у міліцыі, дадаткова ўмацаваны за кошт іншых падраздзяленняў двума супрацоўнікамі. Калектыў сфарміраваны з вопытных і маладых кадраў. Рашэннем нашага міністэрства для супрацоўнікаў аддзела ўведзена і дадатковая адзінка транспарту, укамплектаваная ўсім неабходным для аператыўнай работы.

– Бударажаць спайсы, наркотыкі… Дзе гарантыя, што яны не трапяць і да нашых дзяцей-падлеткаў?

– Праблема, якую вы закранулі, сапраўды існуе. На гэта ўплывае і блізкасць сталіцы, і даступнасць спайсаў праз інтэрнэт… Разам з тым, намі перакрыты два каналы паставак у Стоўбцы такіх цяжкіх наркотыкаў як гераін і амфетамін. У Стоўбцах затрымалі індывідуальнага прадпрымальніка, яму 26 гадоў. Пад выглядам аказання паслуг па рамонце мабільных тэлефонаў ён рэалізоўваў моладзі спайсы. Ён затрыманы з доказамі злачынства. За збыт наркотыкаў яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Для адэкватнага рэагавання на праблему мы ўмацавалі нашу групу па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі   супрацоўнікам Следчага камітэта, які выказаў жаданне працягнуць службу ў нас.

– Жыхарка Мінска Р. П. Бурчык, якая мае дачу ў вёсцы Варнавугал, папрасіла разабрацца, хто скінуў смецце на магілу яе сястры (на могілках у вёсцы Ячнае, якія бліжэй да магазіна).

– Па вашым канкрэтным выпадку  разбяромся, правядзём праверку. У цэлым, пытанне падтрымання парадку на сельскіх могілках ускладзена на сельвыканкамы, а ў сувязі з тым, што прынята рашэнне аб перадачы могілак на ўтрыманне аб’яднання камунальных службаў, то неабходна звяртацца ў гэтую арганізацыю.

– Якая работа вядзецца з раней судзімымі? Яны ж як кралі, так і крадуць, як нідзе не працавалі, так і не працуюць.

– Рэцыдыўная злачыннасць у нас застаецца высокай. Ёсць у гэтым і наша недапрацоўка.  За дзевяць месяцаў з пачатку года намецілася зніжэнне ўдзельнай вагі злачынстваў, учыненых раней судзімымі. За гэты час з месцаў пазбаўлення волі выйшлі 56 чалавек. Усе яны пастаўлены на прафілактычны ўлік. Усяго на ўліку ў крымінальна-выканальніцкай інспекцыі – 563 асобы. Каб папярэдзіць злачынствы і правапарушэнні з іх боку, у верасні на працягу тыдня праведзены спецыяльны комплекс мерапрыемстваў – «Нагляд». Скажу, якія меры прыняты. Васьмі асуджаным да абмежавання волі (без накіравання ў выпраўленчую ўстанову) вынесена спагнанне ў выглядзе вымовы за невыкананне парадку адбывання пакарання,  двое паднаглядных прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, у адносінах да траіх узбуджаны крымінальныя справы,  двое  накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый, вынесены пяць папярэджанняў. Акрамя таго, двое падуліковых працаўладкаваны. Вельмі складана дапамагаць з працаўладкаваннем тым, хто сам не жадае працаваць. У кастрычніку прайшлі мерапрыемствы з прыцягненнем спецыяльнага падраздзялення АМАП для масіраванай адпрацоўкі раней судзімых, кантролю за месцамі масавага знаходжання грамадзян і знаходжання ў іх асоб, якім абмежавана яно паводле рашэння суда. 

– Чула, што ў нашым раёне не так даўно быў «накрыты» цэлы спіртзавод?

–  Так, у лясным масіве Налібацкага лясніцтва былі  заспеты за вырабам самагону двое, – стаўбчанін і жыхар Мінска. У іх канфіскавана  тона 936 літраў брагі і 80 літраў самагону. У адносінах да абодвух складзены адміністрацыйныя пратаколы, суд ужо вынес рашэнне аб прысуджэнні штрафу – па 2 250 000 рублёў. Райаддзелам міліцыі было накіравана прадстаўленне ў лясгас, у выніку чаго адзін з леснікоў звольнены з працы, а ляснічаму строга ўказана на недастатковы кантроль за выкананнем падначаленымі сваіх абавязкаў. 

Буйная партыя (больш за адну тону брагі і 12 літраў самагону) канфіскавана і ў горадзе, па адным з завулкаў Прытыцкага, у пенсіянера. Судом ён аштрафаваны на 1 500 000 рублёў, у яго канфіскаваны спіртное і самагонны апарат. Пра ўсе вядомыя вам факты самагонаварэння можна паведаміць па тэлефонах гарачай лініі –  5-32-76, 5-19-15 або 102.  

 – Хацеў бы пайсці служыць у міліцыю. Аднак вагаюся – не хочацца прахадзіць усё жыццё ў складзе патруля па горадзе…

– У нас ёсць магчымасць для службовага росту. Да прыкладу, чатыры супрацоўнікі з ліку сяржанцкага саставу на даны момант маюць вышэйшую профільную адукацыю і прэтэндуюць на вылучэнне на афіцэрскія пасады. Тыя, хто па сваіх маральна-дзелавых якасцях жадае служыць у органах міліцыі, могуць звярнуцца напрамую да начальніка райаддзела міліцыі або да намесніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні (тэл. 5-57-43). Як правіла, перавагу мы аддаем тым, хто адслужыў тэрміновую ваенную службу або мае сярэднюю спецыяльную ці вышэйшую адукацыю, пры тым, што не праходзіў тэрміновую службу ва Узброеных Сілах рэспублікі.               

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *