Правапарадак

Кантроль, бяспека Нумары

image_pdfimage_print

НА ТРЫ ДНІ Ў ШАШКІ

На працягу трох дзён у Шашках і навакольных вёсках  узмоцнена працавала міліцыя разам з прадстаўнікамі камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, тэрытарыяльнага цэнтра, мясцовых сельвыканкама і школы.    

У Шашкоўскім сельсавеце зарэгістравана найбольшая колькасць злачынстваў на тэрыторыі раёна, у сувязі з чым райаддзелам міліцыі была ініцыіравана яго комплексная прафілактычная адпрацоўка з прыцягненнем розных суб’ектаў прафілактыкі. Асноўнымі задачамі данай акцыі была праверка па месцы жыхарства паводзін падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, абавязаных асоб, сем’яў, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, «падуліковых» грамадзян у крымінальна-выканальніцкай інспекцыі і аддзеле аховы правапарадку і прафілактыкі, уладальнікаў зброі, а таксама рэйдавыя мерапрыемствы па выкананні антыалкагольнага заканадаўства, захавання працоўнай дысцыпліны ў ААТ «Шашкі». 

У цэлым, сітуацыя на тэрыторыі сельсавета стабільная і на даны момант не выклікае прыняцця кардынальных мер. Пры наведванні сем’яў праведзена растлумачальная работа адносна Дэкрэта № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях», з пажылымі людзьмі гутарылі на тэму  зберажэння  іх жыцця і маёмасці ад злачынных замахаў. Пры гэтым заяў або скаргаў ад наведаных намі вяскоўцаў не паступала.

Да асобных грамадзян прыняты прэвентыўныя меры, якія павінны паслужыць стымулам да законапаслухмяных паводзін. У адносінах да дзвюх  абавязаных асоб вынесены пастановы аб правядзенні медыцынскага агляду. «Перспектыва» іх можа быць вельмі сумнай – далейшая прымусовая ізаляцыя ва ўмовах лячэбна-працоўнага прафілакторыя. Афіцыйныя папярэджанні аб магчымасці накіравання ў ЛПП аб’яўлены двум жыхарам Аталезі, якія працягваюць злоўжываць спіртным.

Па выніках абследавання тэхнічнай умацаванасці магазінаў райспажыўтаварыства ў Гуменаўшчыне, Старыне і пасёлку Нёман выяўлены шэраг недахопаў, здольных паспрыяць крадзяжам з гэтых аб’ектаў. Старшыні райспажыўтаварыства ўнесена прадстаўленне. У ходзе абследавання аб’ектаў аграпрамысловага комплексу ўстаноўлены факт адсутнасці ў вячэрні час у машынна-трактарным парку і на малочнатаварнай ферме ў Шашках работнікаў аховы. Даная інфармацыя была неадкладна перададзена дырэктару ААТ «Шашкі». Яму таксама ўнесена прадстаўленне. У нецвярозым стане былі заўважаны на рабочым месцы слесар МТФ у Старыне і вартаўнік  аб’екта  рыбгаса фарэлевай гаспадаркі «Альба», што будуецца ў вёсцы Сула.

Падчас комплекснай прафілактычнай адпрацоўкі на дарогах сельсавета выяўлена пяць правапарушэнняў па лініі ДАІ і столькі ж фактаў  распівання спіртнога або знаходжання ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы. Пераважная большасць іх «адпачывала» «навесяле» каля Дома культуры ў Шашках.         

Юлія БЕЛАВУСАВА, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі райаддзела міліцыі

 

КУПІ-ПРАДАЙ… ОПІЙ

Напрыканцы мінулага года судом раёна быў вынесены суровы прыгавор 20-гадоваму жыхару раёна за выраб, захоўванне і незаконны збыт наркатычных сродкаў – дзевяць гадоў пазбаўлення волі ў выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.  Малады чалавек і жыцця яшчэ не бачыў, сям’і ўласнай не стварыў… З турмы ён выйдзе амаль трыццацігадовым, калі ў яго равеснікаў дзеці ўжо пойдуць у школу…

У школе Аляксей (усе імёны па маральных меркаваннях зменены) не стараўся вучыцца. Маці не прымушала, не праяўляла цікавасці да яго вучобы, і ён сяк-так «дацеляпаўся» да дзявятага класа і, разам з пасведчаннем, ад далейшай навукі зусім  «адхрысціўся». Куды цікавей весці не па гадах дарослы лад жыцця! Але неўзабаве гэтая «вольніца» закончылася крыміналам – серыяй крадзяжоў і, адпаведна, лавай падсудных.

Першы раз  непаўналетняга Аляксея (яму тады было 17) пакаралі паўтара гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання. А калі прызыўніка «ўпрыгожвае» судзімасць – яго не ўзялі ў армію. Аднак можна было б «ваяваць» з уласнай лянотай, падманнай ілюзіяй лёгкіх заробкаў… Ды дзе там! Здаровы малады чалавек працягваў нідзе не працаваць, не імкнуўся атрымаць прафесію, каб стаць нармальным чалавекам, прыносіць радасць і дабрабыт сваёй сям’і. Пэўна ж, у Аляксея былі блізкія, якія маглі б дапамагчы яму ў момант раздарожжа, падтрымаць маральна і матэрыяльна… 

Бяда ж адна не ходзіць, а водзіць за сабою спакусу. Спакуса да «кайфу» выйшла мацнейшай за здаровы сэнс. І прыгожа жыць, як аказалася, забараніць можна, толькі чаго  гэта каштавала Аляксею?..

Калі работнікі міліцыі затрымалі яго ў кватэры сужыцелькі з доказамі злачынства – на вырабе асабліва небяспечнага наркотыку – экстракцыйнага опію, ён не адмаўляў: «Так, перыядычна, два-тры  разы на тыдзень ужываю ўнутрывенна наркотык опій, які сам вырабляю».

На кухні на газавай пліце, у каструльцы, з дапамогай спадручных сродкаў варыў Аляксей гэтую атруту з маку, макавай саломкі. Калі заканчвалася «сыравіна», ехаў па новую партыю ў Мінск. Вырабляў у запас, каб было сабе «на чорны дзень» і знаёмым кліентам, якія маглі з’явіцца па допінг у любы час сутак. Так званы прытон наркаманаў не даваў дыхнуць на поўныя грудзі  суседзям: навокал дома стаяў устойлівы пах растваральніку, хаця рамонту з прымяненнем лакаў і фарбаў у злашчаснай кватэры не было.

Абвінавачваны Аляксей хлусіў, выкручваўся: маўляў, сам ужываў наркотык (раскайваюся ў гэтым!), але нікому не прадаваў, нікога не ўцягваў у наркатычны дурман.  Аднак усе яго перамовы па мабільным тэлефоне сведчаць аб адваротным – яму званілі або ён званіў з мэтай куплі-продажу наркатычных сродкаў. Нават у той момант, калі Аляксея затрымлівалі і праводзілі агляд кватэры, прысядзібнай тэрыторыі, да яго кіраваліся трое. Адзін з маладых людзей сказаў, што ідзе да Аляксея па наркотык.

У крымінальнай справе Аляксея фігурыравала не менш за сем злачынных эпізодаў, аб’яднаных у адну вытворчасць. З  першага дня затрымання ён  як падазраваемы ў цяжкім злачынстве, быў заключаны пад варту.  Пакуль вялося следства, у данай справе з’явіўся яшчэ адзін фігурант – яго знаёмы, 24-гадовы Юрый, са станоўчай характарыстыкай з месца працы, які сумесна з Аляксеем, у групе асоб, вырабіў небяспечную «гаручку. За выраб і захоўванне наркатычных сродкаў Юрый таксама асуджаны – пазбаўлены волі на два гады з умоўным непрымяненнем пакарання тэрмінам на два гады, калі ім не будзе ўчынена новае злачынства і ён будзе выконваць ускладзеныя на яго судом абавязкі. 

У дачыненні да Аляксея санкцыя прадугледжвае і канфіскацыю маёмасці, хаця ў маладога чалавека і забіраць толкам няма чаго… Карыстаўся мабільным тэлефонам – але ён быў зарэгістраваны на іншага чалавека.  Не зарабіў нічога, не нажыў, а толькі думаў, што ўладкаваўся ў жыцці лепш за іншых… Згодна з медыцынскім заключэннем, у свае 20 ён ужо хварэе  на сіндром залежнасці ад апіоідаў, а таму мае патрэбу ў прымусовых мерах бяспекі і лячэння ад наркаманіі.

Дар’я АНІШЧУК, памочнік пракурора раёна Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *