Віталій Бычкоўскі: “Сумленнай працай ураджай здабываецца”

Афіцыйна Главное Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Мы пагутарылі з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Віталіем Бычкоўскім.

– Віталій Генадзьевіч, завяршыўся сельскагаспадарчы год для работнікаў раслінаводчай галіны. Якія яго вынікі?

– Спрацавалі на ўзроўні. Зразумела, хацелася б мець вышэйшыя паказчыкі, але перашкодзілі дасягнуць намечанага як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя фактары. Намалочана 60,5 тысячы тон збожжа, выкананы дзяржзаказ. У перадавіках – ААТ «Жацерава», ААТ «Радзіма Якуба Коласа», дзе перавышаны паказчык мінулага года па ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых культур. Як і ў мінулыя гады, высокія набыткі маюць працаўнікі ААТ «Вялікі Двор» і ААТ «Агранёманскі». Гэта пацвярджэнне таго, што высокіх вынікаў дабіваюцца тыя, хто хоча і ўмее працаваць. Удалося папоўніць колькасць збожжа за кошт зерня кукурузы, якога сабралі 8056 тон пры ўраджайнасці 73 цэнтнеры з гектара. Заплюшчана ў палімерныя рукавы 1669 тон.

Вельмі радуе той факт, што аграрыямі раёна ўпершыню нарыхтавана на ўмоўную галаву жывёлы звыш 30 цэнтнераў кармавых адзінак травяных кармоў. У ААТ «Рубяжэвічы» гэты паказчык склаў звыш 45 цэнтнераў.

Мы своечасова зарыентаваліся, і было прынята рашэнне перасеяць палову плошчаў (дзве тысячы гектараў), на якіх загінулі азімыя збожжавыя, кукурузай. Гэта  дазволіла затрамбаваць у сіласныя траншэі звыш 247 тысяч тон сіласу. Нядрэнна спрацавалі і па закладцы сенажу, але, для таго каб мець вышэйшы паказчык, неабходна высяваць больш высокапрадукцыйныя шматгадовыя травы.

Накапана 73 419 тон цукровых буракоў, што дазволіць выканаць дзяржзаказ.

Закладзены добры падмурак пад будучы ўраджай. У аптымальныя тэрміны пасеяны азімы рапс, пад вырошчванне якога павялічана плошча, і пераважна замежнымі гібрыдамі. Хлебаробы справіліся з сяўбой азімых збожжавых.

– А якія набыткі ў жывёлагадоўчай галіне?

– Па развіцці жывёлагадоўчай галіны наш раён заўсёды станоўча адзначаюць на ўзроўні вобласці. Маем прыбаўку па надоях малака, і ў планах – павышаць прырост далей. Валавая вытворчасць павялічваецца і склала за дзесяць месяцаў 102 працэнты ў адносінах да леташняга паказчыка. Сёлета жывёлаводы ўпершыню надояць у сярэднім ад кожнай каровы 6300 кілаграмаў малака. Па-ранейшаму ў ліку наймацнейшых – ТАА «СЖК «Налібакі», ААТ «Каганец», ААТ «Жацерава», ААТ «Агранёманскі».

Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў стараюцца ісці ў нагу з часам. Для павелічэння вытворчасці прадукцыі ў гаспадарках з дзяржаўнай падтрымкай будуюцца жывёлагадоўчыя памяшканні з даільнымі блокамі пад беспрывязное ўтрыманне жывёлы. Сёлета ўведзены ў эксплуатацыю аб’ект у ААТ «Радзіма Якуба Коласа», і да канца года будзе завершана іх будаўніцтва ў ААТ «Жацерава», ААТ «Рубяжэвічы» і ААТ «Агранёманскі». Праведзена вялікая работа, але мы на гэтым не спыняемся. Распрацоўваецца на бліжэйшую перспектыву праектна-каштарысная дакументацыя на далейшае ўзвядзенне «клюшачнікаў» у вышэйназваных гаспадарках, а таксама малочнатаварных комплексаў, у прыватнасці ў ААТ «Агранёманскі», дзе ўжо вядуцца работы па адвядзенні зямельнага ўчастка, і ў ААТ «Шашкі».

– Сёння свята і ў работнікаў перапрацоўчай прамысловасці.

– Так. Шчырых слоў удзячнасці заслугоўваюць работнікі ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат», а таксама працаўнікі, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку. Пастаянна трымае руку на пульсе райкам прафсаюза работнікаў АПК, з якім працуем у цесным узаемадзеянні. За шчырую працу людзей заахвочваюць і маральна, і матэрыяльна. І такая ўвага дарагога каштуе.

Паважаныя работнікі аграпрамысловага комплексу раёна! Горача і сардэчна віншую вас з прафесійным святам. Дзякую за нялёгкую працу, за разуменне яе важнасці для дзяржавы. Жадаю моцнага здароўя, дастатку ў сем’ях, здзяйснення ўсіх планаў і надзей у асабістым жыцці і працоўнай дзейнасці на карысць нашай любімай Беларусі.

Надзея БАТАЛКА, фота Ксеніі РУБІН



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *