Увага да чалавека і яго праблем – сутнасць работы органаў улады

Нумары Прамая лінія Улада. Слова. Справа Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Прамая лінія са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Юрыем Мікалаевічам Горлавым.

На мінулым тыдні адбылася прамая тэлефонная лінія са старшынёй райвыканкама. Такі дыялог з людзьмі на Стаўбцоўшчыне заваяваў папулярнасць, бо жыхары горада і раёна напрамую могуць звярнуцца да прадстаўнікоў службаў райвыканкама, кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў. Але гэтая прамая лінія была асаблівай. Ладзілася яна з кіраўніком раёна –  чалавекам, які асэнсоўвае перспектывы развіцця горада і раёна, спрабуе знайсці шляхі вырашэння набалелых праблем. Акрамя таго, падобная форма адкрытага дыялогу з жыхарамі раёна для Юрыя Мікалаевіча была першай. За гадзіну работы на прамую лінію паступіла 13 тэлефонных званкоў, у якіх было агучана па два-тры пытанні. На кожны званок старшынёй райвыканкама быў дадзены канкрэтны адказ з канкрэтнымі тэрмінамі выканання работ ці «выпраўленнем дапушчаных памылак».

Першы тэлефонны званок паступіў на прамую лінію з вёскі Вязавец. Ад імя жыхароў вёскі была выказана просьба аб адкрыцці аптэкі ў вёсцы Вішнявец, ці каб быў арганізаваны продаж лекаў нейкім іншым чынам, бо ў вёсцы пражываюць амаль усе пажылыя людзі і ездзіць у Стоўбцы ў іх няма магчымасці і сілы.

Старшыня райвыканкама ўважліва выслухаў просьбу і растлумачыў, што ў сувязі з тым, што аптэка ў Вішняўцы закрыта, лекі можна набыць у будынку вішнявецкага ФАПа. «Яшчэ раз разгледзім ваша пытанне і паспрабуем адкрыць аптэчны кіёск у будынку ФАПа», – растлумачыў Юрый Горлаў.

Жыхарка вёскі Стары Свержань агучыла сваю праблему. Яе дом знаходзіцца побач з фермай, ідзе непрыемны пах. Кармушкі для  жывёлы побач з яе плотам.

– Ферму зносіць ці пераносіць у іншае месца ніхто  не будзе. Калі вы будаваліся, ферма ўжо была. Кармушкі размешчаны на тэрыторыі фермы, значыць, – усё законна. Толькі ферма павінна быць агароджана плотам. Таму дапамагчы вам з данай праблемай не можам.

Шмат пытанняў было адрасавана службам АКС.

Жыхары завулка Церашковай у Стоўбцах падзяліліся са старшынёй сваёй праблемай. Дом знаходзіцца на балансе АКС, двухпавярховы. У доме няма адліваў, вада з даху, калі дождж, цячэ прама за каўнер. Куды ні звярталіся жыхары дома са сваёй праблемай – адказу няма. Ды і дарога па завулку не грэйдзіруецца, асвятленне адсутнічае.

Юрый Горлаў канкрэтна і катэгарычна запэўніў жыхароў: «У панядзелак вас наведаюць супрацоўнікі АКС і ўсе праблемы вам дапамогуць вырашыць».

А жыхар вуліцы Калгаснай у Стоўбцах запрасіў старшыню наведаць гарадскую лазню па вуліцы Пушкіна і дапамагчы навесці там парадак.

–  Абавязкова наведаю лазню, а недахопы будуць ліквідаваны, бо гэты аб’ект будзе ўключаны ў план рэканструкцыі на 2015 год. Кошт за наведванне лазні агульнапрыняты, зацверджаны аблвыканкамам.

Жыхары вуліцы Будаўнікоў аграгарадка Дзераўная звярнуліся з просьбай прывесці ў парадак іх вуліцу. Кіраўнік раёна запэўніў, што на працягу тыдня «ПМК-74 – Налібакі»  вуліцу прагрэйдзіруе.

Жыхар вуліцы Свярдлова ў Стоўбцах папрасіў дапамогі ў рамонце ацяпляльных батарэй у іх доме, дзверы ў пад’езд не закрываюцца, вада цячэ ў падвал.

– У суботу пабудзьце дома. Хоць гэта і выхадны дзень, але спецыялісты АКС да вас прыедуць і будуць разбірацца з абслугоўваннем вашага дома.

Жыльцы дома № 2 па вуліцы Алфёрава ў Наваколасаве расказалі аб тым, што капітальны рамонт іх дома не рабіўся, абвальваецца тынкоўка, драніца. Дом стаіць на балансе ЖКГ. Ёсць пытанні па цеплатрасах.

– У аўторак да вас выедзе брыгада АКС, разбярэцца на месцы з вашымі праблемамі. Па магчымасці, пачнуць работы па рамонце дома ў бягучым годзе, а па цеплатрасах работы ўжо пачаліся, ёсць праект.

Жыхары вёскі Янкавічы звярнуліся да старшыні са сваёй набалелай праблемай – водазабеспячэння. Ім паабяцалі, што вада будзе да 1 кастрычніка, але да работ і не прыступалі.

– Прашу прабачэння, што даручэнне старшыні супрацоўнікі водаканала не выканалі. Абяцаю, што ў выхадныя да вас выедуць і да 23 кастрычніка павінны забяспечыць вадой.

Па пытанні водазабеспячэння звярнуліся да старшыні райвыканкама і жыхары Цеснавой. Данае пытанне пастаўлена на кантроль і адрасавана кіраўніцтву ААТ «Радзіма Дзяржынскага» і АКС.

Жыхары мікрараёна Акінчыцы (вуліца Лясная) прасілі заасфальтаваць вуліцу.

– Безумоўна, вельмі хочацца і мне, і вам, каб вуліцы ў горадзе былі заасфальтаваны. Але, на жаль, усё адразу зрабіць немагчыма. Будзе створана камісія, якая абследуе дарожнае пакрыццё вуліц горада. Распрацуем графік, паводле якога вызначым, якія вуліцы будуць адрамантаваны ў першую чаргу, а якія пазней. Графік работ апублікуем у раённай газеце «Прамень». А сёння можам толькі прагрэйдзіраваць дарогу ў вашым раёне.

Паступіла пытанне з вёскі Новы Свержань наконт вулічнага асвятлення.

– Па гэтым пытанні найперш трэба звярнуцца ў сельвыканкам. Ёсць графік выезду работнікаў РЭСа, якія мяняюць перагарэлыя лямпачкі. Згодна з устаноўленымі сацыяльнымі стандартамі, калі ў вас аграгарадок, то асвятляецца цэнтральная вуліца, а ўсе астатнія – толькі пачатак і канец вуліцы. Але ваша просьба будзе задаволена ў самы бліжэйшы час.

Грамадзянка горада Стоўбцы пацікавілася, калі ў мікрараёне Паўночны будуць падведзены да дамоў асвятленне і газ. Расказала аб тым, што суседнія зямельныя ўчасткі абраслі пустазеллем, нават не відаць будматэрыялаў (вуліца Славянская, дом 4).

– Электрычнасць і газазабеспячэнне будуць падключаны да дамоў, калі дамы будуць уведзены ў эксплуатацыю. Дарогі ў мікрараёне прагрэйдзіруем, а пытаннем наконт заросшых участкаў займуцца зямельная служба райвыканкама, экалагічная і санітарныя  службы.

Напрыканцы прамой лініі да старшыні райвыканкама датэлефанаваўся жыхар вёскі Старына К. Дудак. Ён расказаў, якой была вёска раней, якую мела інфраструктуру, а таксама выказаў цэлы рад прапаноў па адраджэнні вёскі Старына.

– У раёне праводзіцца вельмі вялікая работа па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні. Вось наведзены парадак у вёсцы Літва, прайшло свята гэтай вёскі. Зараз на чарзе вёска Скамарошкі. Разгледзім і вашу прапанову. Чаму б не зрабіць і свята вёскі Старына? Патрэбен актыўны ўдзел усіх жыхароў вёскі ў навядзенні парадку, а не толькі замацаваных арганізацый, –  даў тлумачэнні Юрый Мікалаевіч.

Усе пытанні, зададзеныя падчас прамой лініі, узяты на кантроль. Яны, як запэўніў Юрый Мікалаевіч, будуць разгледжаны на працягу бліжэйшага часу.

Пытанне ад «Праменя»:

– Юрый Мікалаевіч, калі ласка, ваша рэзюмэ пасля прамой лініі, акрамя якой вы яшчэ два разы на месяц  праводзіце прыём грамадзян: што найбольш хвалюе стаўбчан і якія самыя распаўсюджаныя тэмы, з якімі людзі звяртаюцца да кіраўніка раёна?

– Тэмы жыццёвыя, канкрэтныя. Практычна ўсе пытанні, якія паступілі на прамую лінію і пытанні, з якімі людзі прыходзяць на прыём грамадзян, тычацца работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Са зваротамі грамадзян трэба працаваць больш прадукцыйна. У ідэале, праблему лягчэй папярэдзіць, чым потым яе вырашаць. Напрыклад, напярэдадні восеньскай непагадзі, калі дарогу прывесці ў парадак, прагрэйдзіраваць, то праблемы не ўзнікне. Чыноўніку, кіраўніку, адказнай асобе не варта забываць аксіёму: улада для народа, а не наадварот. Мы абавязаны працаваць чэсна, адказна.

– Дзякуй за размову, Юрый Мікалаевіч.

На прамой лініі працавала Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *