Партнёры і стваральнікі азонабяспечнай прадукцыі

Главное Эканомiка

image_pdfimage_print

Работнікі ААТ «Стаўбцоўская ПМК» цяпер манціруюць ацяпленне на новым аб’екце – у даільным малочным блоку на МТФ «Шахноўшчына» ААТ «Радзіма Якуба Коласа». Раней завяршылі мантаж водаправода і каналізацыі. Акрамя таго, зманціравалі стойлавае абсталяванне і сістэму водапаення на новай ферме ў ААТ «Жацерава».

На новых аб’ектах «пээмкоўцы» праводзяць мантаж, на дзеючых – рамонт розных сістэм, жыццёва важных для функцыянавання жывёлагадоўчай галіны. Таксама яны ажыццяўляюць тэхнічнае абслугоўванне даільных і халадзільных установак. Іх паслугі запатрабаваны многімі гаспадаркамі раёна.

У бягучым годзе дзякуючы ААТ «Рубяжэвічы» і ААТ «Дзераўное» набыў запатрабаванасць і такі «забыты» від паслуг, як мантаж збожжасушыльных комплексаў. У Рубяжэвічах сушылка была зманціравана раней, у Дзераўной гэтыя работы якраз праводзяцца.

У гаспадарках раёна на перавозцы ўраджаю была задзейнічана грузавая тэхніка Стаўбцоўскай ПМК.

Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Пашкевіч

«Супрацоўнічаем з усімі гаспадаркамі, – падсумоўвае дырэктар прадпрыемства Аляксандр Пашкевіч. – Нас запрашаюць, як правіла, на складаныя работы, якія працаўнікі гаспадарак самі выканаць не могуць».

На прадпрыемстве развіваецца такі перспектыўны напрамак дзейнасці, як выраб рэкуператараў цяпла. Сваю прадукцыю Стаўбцоўская ПМК адгружае заказчыкам паводле разавых заявак і цэнтралізавана – ТАА «Цэнтр азонабяспечных тэхналогій», з якім заключаны дагавор.

Нельга не сказаць, што Стаўбцоўская ПМК плённа працуе на рамонце інфраструктуры аб’ектаў сацыяльнай сферы раёна – школ, дзіцячых садоў і дамоў культуры.

Напярэдадні прафесійнага свята мы папрасілі дырэктара Стаўбцоўскай ПМК Аляксандра Пашкевіча расказаць пра тых, хто трымае марку прадпрыемства.

– У калектыве мы гэтае пытанне абмяркоўвалі і вылучылі тых, каго ўзнагародзім з нагоды свята граматамі і падзякамі, – зазначае Аляксандр Пашкевіч.

Сярод адказных і дастойных – слесар-рамонтнік Валерый Тулейка, які займаецца тэхнічным абслугоўваннем даільных установак. Яго калегі Дзмітрый Галаўко, Анатоль Бохан здольны граматна выканаць розныя віды работ. Рознабаковая спецыя лізацыя і ў слесараў-рамонтнікаў з сямейнай дынастыі – бацькі і сына Сяргея і Аляксандра Хукаў.

Адзін з вопытных электрагазазваршчыкаў, які вучыць моладзь, – Мікалай Мялоў. Даражаць у калектыве і электрагазазваршчыкамі Аляксеем Мядзведзевым і Дзмітрыем Блінкоўскім. З веданнем справы шчыруюць на сушылках слесар-мантажнік Дзмітрый Біюць і электрагазазваршчык Мікіта Клімовіч. Курыруе працэс майстар Аляксей Зоткін.

На новым экскаватары завіхаецца Вікенцій Белановіч. За рулём аўтамабіляў МАЗ з прычэпам і паўпрычэпам працуюць Дзмітрый Петрашкевіч і Васіль Траяноўскі.

У агульным выніку немалыя заслугі і іншых работнікаў: інжынера-энергетыка Аляксандра Паўлава, майстра Антона Белановіча, кладаўшчыцы Галіны Грыб, вядучага эканаміста Вольгі Дземідовіч, галоўнага бухгалтара Святланы Яўсейчык, бухгалтара Вольгі Гарэлавай і інш.

Сёлета Стаўбцоўская ПМК адзначыла сваё 50-годдзе, і ў новае дзесяцігоддзе яна крочыць з упэўненасцю і верай у свае сілы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *